Міліцыя: Неабгрунтаванай жорсткасці няма. Са свечкай стаяць – ёсць касцёлы

У “невыкананні абавязкаў па выхаванні дзяцей”, а таксама ў дробным хуліганстве ды ўдзеле ў “несанкцыянаваным мерапрыемстве” вінавацяць 32 удзельнікаў акцыі ля Чырвонага касцёла. Паводле інфармацыі сайта ГУУС Мінгарвыканкама, 19 снежня былі затрыманыя 46 чалавек, але 14 адпусцілі без складання пратаколу.

У кіраўніка прэс-службы сталічнай міліцыі Аляксандра Ластоўскага не выклікае сумневу тое, што ўчорашняе запальванне свечак ля Чырвонага касцёла было “несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам”. Асабліва, з улікам таго, што частка ўдзельнікаў акцыі трымала ў руках партрэты асуджаных палітыкаў. Прычым, не можа быць ніякай гаворкі пра нейкую там брутальнасць з боку праваахоўных органаў.

Аляксандр Ластоўскі: “Я лічу, што неабгрунтаванай жорсткасці няма. Паглядзіце, як у Іспаніі мітынгі разганяюць, як у афрыканскіх краінах дубасяць “дубіналамі”. Асабіста мне, як чалавеку, які валодае інфармацыяй і з таго, і з гэтага боку, папракнуць міліцыю няма ў чым. Нават учора супрацоўнікі міліцыі карэктна, без выкарыстання дубінак, без выкарыстання слезацечнага газу, без вадамётаў, без анічога затрымлівалі ўдзельнікаў несанкцыянаваных мерапрыемстваў і дастаўлялі ў РУУС. А ў РУУС ім што – самасуд устройвалі, чацвертавалі, суд Лінча там быў? Не. 14 асоб адпусцілі, на астатніх, чыя віна была даказаная сабранымі матэрыяламі, складзеныя адміністрацыйныя пратаколы”.

І дае адказ на абурэнні тых, хто не разумее, чаму нельга стаяць са свечкай ля касцёла.

Аляксандр Ластоўскі: “Чалавек піша: “Мне са свечкай нельга пастаяць?” Адказ: “Так! Нельга”. Калі ты ў кантэксце дадзенай падзеі не падаў адпаведны запыт на правядзенне гэтага мерапрыемства. Са свечкай стаяць – калі ласка, ёсць касцёлы, ёсць цэрквы, ёсць малельныя месцы спецыяльныя, прызначаныя для гэтага. А калі ты праводзіш масавае мерапрыемства, хочаш прыцягнуць увагу – усё ў адпаведнасці з законам аб масавых мерапрыемствах”.




Нягледзячы на тое, што партрэты палітвязняў былі і гучалі лозунгі "Жыве Беларусь", з міліцэйскай трактоўкай учорашняй падзеі не згодная праваабаронца Наста Лойка.

Наста Лойка: “Людзі прыйшлі і памаліліся – там не было ніякіх лозунгаў, не было заклікаў да чагосьці, не было выступаў. Была малітва і людзі ставілі свечкі – нічога такога, што магло трактавацца як нешта амаральнае, а тым больш, як тое, што парушае права. Найбольш абурае тое, што ў такой грубай форме ў выніку затрымлівалі людзей абсалютна ні за што”.

Аб 11 гадзіне актывісткі ўкраінскай арганізацыі FEMEN ладзілі акцыю ў сваім стылі ля будынку КДБ. Аголеныя дзяўчаты здолелі ўцячы, а вось фатографа-фрылансера Юлію Дарашкевіч і аператарку “Нашай Нівы” Таццяну Гаўрыльчык супрацоўнікі спецслужбаў схапілі. Дзяўчаты правялі ў пастарунку 10 гадзін – у іх адабралі ўсё апаратуру.


Тлумачыць прычыны затрымання журналістак і казаць, калі ім вернуць тэхніку, кіраўнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Аляксандр Антановіч не стаў. Як дарэчы і даваць “ацэнку” дзеянням актывістак FEMEN.


Еўрарадыё: “Калі і якім чынам будзе вернутая тэхніка журналістам, якія былі затрыманыя падчас акцыі FEMEN?”

Аляксандр Антановіч: “Па гэтай тэме – без каментарыяў. Я не каментую гэтыя моманты”.

Што тычыцца саміх FEMEN, то калегі па руху сцвярджаюць, што яны зніклі недзе ў Беларусі. І спасылаюцца на неправераную інфармацыю, што нібыта іх затрымалі супрацоўнікі Маскоўскага РУУС Мінска. Але там гэту інфармацыю абверглі. Нічога не ведае, з яго слоў, пра лёс феміністак і Аляксандр Ластоўскі. Акцыю ўкраінак ён назваў нецікавай, а дзяўчат – не вельмі прывабнымі.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі