Мілінкевіч: “На мяне тут ніхто не напаў, ніхто не абзываў — добры знак”

120731 Marcin_Kandydaty.mp3

Ля ўніверсама “Першамайскі”, што ва Уруччы, пікетуе Рух “За свабоду”. Збіраюць подпісы за Аляксандра Мілінкевіча. Кіраўнік Руха, тым часам, размаўляе з трыма пенсіянерамі.

“Хачу, каб маё меркаванне цанілася, каб мяне паважалі і я буду паважаць іншых”, - адказвае Мікалай Вікенцьевіч і збіраецца паставіць подпіс за Мілінкевіча.

Мілінкевіч размаўляе з пенсіянерамі

Мілінкевіч кажа пра магчымасць зменаў, пра Еўропу. Пенсіянеры слухаюць, пагаджаюцца.

Былога кандыдата ў прэзідэнты пазнаюць многія. Малады хлопец Даніла адразу вітаецца з палітыкам і ставіць подпіс.

“З усіх апазіцыйных палітыкаў Мілінкевіч выклікае найменшую падазронасць”, - нечакана тлумачыць мне Даніла.

Падыходзяць двое на выгляд п’яных з крамы, глядзяць на пікет, на Мілінкевіча і сыходзяць, не падпісваюцца. Зноў накіроўваюцца ў краму.

Аляксандр Мілінкевіч кажа, што ўжо сабраў 1200 подпісаў.

Аляксандр Мілінкевіч: “Стаўлю мэту – перамагаць у думках людзей, каб іх пераканаць. Каб не было апатыі, што ў гэтай краіне нічога не зменіцца. Падыходзяць розныя людзі: вайскоўцы, і нават падвыпіўшыя, бяздомныя. На мяне тут ніхто не напаў, ніхто не абзываў. Гэта добры знак, бо людзі схільныя да роздуму”.

За паўгадзіны, пакуль я стаю побач з пікетам, за Мілінкевіча падпісваецца адзін юнак і адна жанчына. Няшмат. Але яшчэ 5 чалавек абяцаюць вярнуцца з пашпартамі.

Па суседстве збіраюць подпісы за вылучэнне ў дэпутаты афіцэра ў адстаўцы Зыгмунда Валевача. Кіраўнік яго ініцыятыўнай групы - Віктар Сіўчук радуецца суседству з “рухаўцамі”:

Віктар Сіўчук: “Бо мусіць быць апазіцыя і супрацьвага апазіцыі. Хаця мы за адно і тое ж – змяніць нешта да лепшага”.

Віктар Сіўчук - кіраўнік ініцыятыўнай групы Зыгмунда Валевача

Што да кандыдата, то кіраўнік ініцыятыўнай групы абяцае, што яго шэф будзе паляпшаць жыллёвыя ўмовы ва Уруччы: будаваць школы і садкі. Цікава, як, бо парламент – заканадаўчы орган, якія тут дзіцячыя садкі....

Паміж сабой пікетоўцы за Мілінкевіча і Валевача не спрачаюцца, пытаюцца, як справы, хто колькі сабраў.

Подпісы за Міхася Пашкевіча ў Серабранцы збіраюць па кватэрах. Ужо маюць больш за тысячу подпісаў. З пяці кватэр падпісваюцца ў адной.

“Людзей цікавяць жыллёва-бытавыя праблемы: у каго дах цячэ, у каго сцяна вільготная, што лесвіцы не мыюць. З 5 кватэр падпісваюцца ў адной. Здараецца, людзі не хочуць падпісвацца”, - кажа Андрэй Горлаў, ён збірае подпісы.

У першай кватэры, куды я іду разам з камандай Пашкевіча, адчыняе бабуля. Паставіць подпіс адмаўляецца без прычыны і хуценька зачыняецца. Маўляў, ужо абрала, за каго прагаласаваць…

Яе суседка адразу згаджаецца паставіць подпіс. Гаворыць пра недахоп парковак у двары, няма дзе ставіць машыну. І чым тут дэпутаты дапамогуць….?

Вядучы праграмы на АНТ і патэнцыйны кандыдат Аляксей Міхальчанка ў пікетах подпісы не збірае. Ганарыцца, што мае ў Полацку шмат знаёмых, яны і падпісваюцца.

“Подпісаў больш, чым патрэбна”, - запэўнівае Аляксей Міхальчанка. І наракае, што стаміўся ад інтэрв’ю. Каб патрапіць у дэпутацкае крэсла, яму трэба 1000 подпісаў. А ці ёсць столькі знаёмых у вас?!


Нагадаем, парламенцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 23 верасня 2012 года.

Фота: www.embassybel.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі