Маці абвінавачанага ў здрадзе дзяржаве: сына папярэджвалі аб праблемах

Слесара з Наваполацка Андрэя Гайдукова 8 лістапада затрымалі ў Віцебску, падазраюць у “Здрадзе радзіме” па артыкуле 356 Крымінальнага кодэкса. Хлопцу пагражае ад 7 да 15 гадоў турмы. Родныя хлопца, які апошнім часам быў намеснікам кіраўніка малавядомага “Саюза маладых інтэлектуалаў”, перакананыя — сын пацярпеў за ўпартасць. На пытанні Еўрарадыё адказала маці Андрэя — Вольга Гайдукова.

Еўрарадыё: Што вы думаеце пра ўсю гэтую справу? Чаму ваш сын цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ?

Вольга Гайдукова: Я думаю, што гэта стопрацэнтная правакацыя, альбо нейкая падстава. Калі б яго не папярэджвалі шматразова, маўляў, адмоўся, сыдзі. Прыходзілі ва ўніверсітэт і прасілі, каб сына завалілі на экзаменах. На завод прыходзілі на працу да яго. Яго шмат разоў папярэджвалі. Мне, вядома, не ў радасць, што ён не адмовіўся ад сваіх перакананняў. Самі бачыце, чым гэта скончылася. Адзінае, што супакойвае — гэта яго выбар. Ён не адмовіўся ад сваіх перакананняў. Сыну абяцалі праблемы. Тое, што яны будуць такімі — мы ніяк не чакалі.

Еўрарадыё: А як адбывалася затрыманне? Ці вядома вам нешта пра гэта?

Вольга Гайдукова: Пра гэта я вельмі мала ведаю. Калі сыходзіла на працу, то сын яшчэ спаў. А ўвечары, калі вярнулася дадому і гатавала вячэру — да нас ужо з ператрусам прыйшлі. Вось там я і даведалася, што сына ў Віцебску затрымалі. Ён часта ездзіў у Віцебск. Там былі ў іх нейкія кансультацыі. Юрыдычныя і так проста — сустрэчы з хлопцамі. З апазіцыянерамі.

У той дзень я Андрэю некалькі разоў тэлефанавала, але тэлефон не адказваў. Я нічога не ведала пра затрыманне.

Еўрарадыё: Вы згадалі папярэджанні вашаму сыну. Як гэта адбывалася? Як задоўга да затрымання пачаліся гэтыя папярэджанні?

Вольга Гайдукова: Некалькі разоў гэта было, неаднойчы. Сын потым пачаў нас берагчы, нашы з бацькам нервы, і проста ўжо не расказваў нічога. Але я ж дарослы чалавек, я разумею, куды ён ўлазіць. Палітыка — гэта справа такая… Альбо пры ўладзе, альбо ў…

Я, як кожная маці, не тое, каб не падзяляю яго меркаванняў, проста перажываю. У нас з бацькам сваё стаўленне да дзейнасці сына, у яго сваё. Хацелася Андрэя абараніць ад усяго вось гэтага. Але не атрымалася.

Шмат разоў сына папярэджвалі. Далёка не адзін. Калі апошні раз з ім размаўлялі перад затрыманнем, я не ведаю. Ён нам у нейкі момант проста перастаў расказваць.

Еўрарадыё: Як паводзіў сябе Андрэй у апошнія дні перад затрыманнем? Вы заўважылі нешта незвычайнае?

Вольга Гайдукова: Ён адчуваў, адчуваў што нешта будзе. Сын нават паўжартам нам з бацькам гаварыў: “Вы ж мне будзеце сала прыносіць?”. Гэта як быццам жартам усё. Але, напэўна, адчуваў нешта, напэўна, папярэджанні былі сур’ёзныя.

Еўрарадыё: У вас атрымалася зрабіць перадачу сыну? Ці ёсць нейкая ад яго інфармацыя?

Вольга Гайдукова: Адну мы перадалі пасля затрымання. А сёння муж адвёз другую. А ад яго нічога, ніякіх звестак абсалютна. Спачатку віцебскі адвакат з намі размаўляў, потым мінскі. Дзяўчыну там прызначылі, дзяжурнага адваката. Вось яна адзін раз была у сына на допыце. Цяпер у нас новы адвакат, мы заключылі дамову. Чакаем ад яе вестак. Мы перадалі цёплыя рэчы. Кнігі забаранілі. Ніякай друкаванай прадукцыі.

Адзінае, што ад сына ведаем, гэта тое, што вельмі холадна там, вельмі холадна. І адвакат пацвердзіла, што тэмпература нізкая. Таму муж адвёз дублёнку, абутак цёплы.

Еўрарадыё: Ці вядома вам, як часта праходзяць допыты, следчыя дзеянні?

Вольга Гайдукова: Мала вядома. Нам патлумачылі, чаму сына ў Мінск адвезлі, а не ў Віцебск. Маўляў, у Віцебску ў КДБ няма СІЗА. Таму цяпер віцебскі следчы ездзіць у камандзіроўкі ў Мінск і праводзіць допыты. Адсюль складанасць узнікае і для адваката. Каб падладзіцца неяк. Больш інфармацыі няма ў нас пакуль. Спадзяюся, хутка адвакат сустрэнецца з сынам, і будуць нейкія навіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі