Ля амбасады Венесуэлы слёзы, вянкі і свечкі ад БРСМ і "Белай Русі" (фота)

130306_martin_4aves.mp3

Самымі першымі да амбасады Венесуэлы ў Беларусі, каб развітацца з Уга Чавесам, прыйшлі актывісты БРСМ, каля 15 чалавек. Сцягі, свечкі і жалобныя твары, бо… Чавес дапамагаў Беларусі, адразу тлумачыць мне адзін з БРСМаўцаў, які прадстаўляецца Арцёмам:

“Мы вельмі спачуваем, бо гэты прэзідэнт дапамагаў нашай рэспубліцы і быў вельмі добрым чалавекам”, — адказвае Арцём, студэнт БНТУ.

БРСМ смуткуе па Чавесу

Яго сябра па маладзёжным саюзе, які таксама называецца Арцёмам, пералічвае заслугі Чавеса:

“Ніколі не адварочваўся ад Беларусі. Нафтай дапамагаў, заводы будаваліся, валюту вазілі за кошт Венесуэлы”, — хлопец спадзяецца, што новы лідар Венесуэлы захавае стаўленне да Беларусі.

Купка актывістаў спярша стаіць каля амбасады, пасля ўскладае кветкі і ставіць свечкі ля плоту, бо амбасада без 10 хвілін на дванаццатую яшчэ зачыненая.

Хоць студэнты з Венесуэлы цяпер не вучацца ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, але наступным з камандантэ прыходзіць развітацца рэктар гэтай ВНУ Анатоль Маразевіч:

“Канечне, хацелася б спадзявацца, што народ Венесуэлы, перажыў гэтую страту і прыме правільнае рашэнне на новых выбарах. Хочацца, каб працягвалася справа Уга Чавеса. Мяркую, уся Беларусь смуткуе з гэтай нагоды”, — спадзяецца чыноўнік.

У амбасадзе — людна: на ўваходзе свечкі, кветкі, вянкі, партрэт былога прэзідэнта Венесуэлы. У некаторых супрацоўнікаў амбасады на вачах слёзы. Ад каментарыяў яны адмаўляюцца. Маўляў, сёння толькі прымаюць спачуванні.

Кніга спачуванняў у амбасадзе Венесуэлы

Спачуванні можна пакінуць у адмысловай кнізе ў амбасадзе Венесуэлы. Ля будынка працуюць дворнікі і два трактары: хутка прыбіраюць снег.

Актывісты грамадскага аб’яднання “Белая Русь” нясуць да амбасады вянок, кветкі і свечкі.

“Для нас гэта доўг, абавязак, бо мы сябруем з Венесуэлай, а прэзідэнт — кіраўнік дзяржавы, трэба ўшанаваць яго памяць. Мяркую, адносіны з Венесуэлай не зменяцца, яны былі добрыя”, — тлумачыць Кацярына Івашкевіч.

 

Актывісты "Белай Русі" смуткуюць па Уга Чавесу

Уга Чавес, які быў прэзідэнтам Венесуэлы з 1999 года, памёр у лякарні Каракаса ў 23:55 па мінскім часе. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка неаднаразова называў Чавеса сваім сябрам. У сувязі са смерцю Чавеса сцягі ў Беларусі будуць прыспушчаныя тры дні, на дзяржтэлебачанні не будзе забаўляльных перадач.

Слёзы на выхадзе з амбасады

Аб'яднанне "Белая Русь"

У фае амбасады Венесуэлы

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі