Лукашэнка: Сарказі ўзяў у Кадафі больш за 100 мільёнаў (онлайн)

120508 Svjardlou Luka.mp3

Трансляцыю абраных цытатаў Еўрарадыё вяло ў сацыяльных сетках: VK, FB, Twitter, G+.

"Сутнасць Паслання ў тактыцы. Са спробай зазірнуць у будучыню. Гэта тактыка, а не стратэгія... Я вырашыў сказаць пра галоўнае. Ёсць у нашым грамадстве праблемныя пытанні, якія ў Пасланні не адлюстраваныя. Адказваць на іх мусіць урад і дэпутаты".

Кіраўнік краіны даведаўся, што ў дэпутата Галіны Палянскай толькі адно дзіця, і параіў ёй звярнуцца з гэтай праблемай да прэм'ера Мясніковіча: "[у адказ на пытанне Галіны Палянскай з Коласаўскай выбарчай акругі №13] Колькі ў вас дзяцей? Адзін? Бачу па вачах, што адзін! Вось, ідзіце і з Мясніковічам вырашайце гэтую праблему! Трэба, каб у наступную Палату прадстаўнікоў не бралі жанчын, у якіх толькі адно дзіця. Ну, я гэта жартам кажу. Прабачце".

"Спорт не можа быць сёння па-за палітыкай. Спорт сёння ― гэта вялікая палітыка. Але тое, што палітыкі з бруднымі рукамі пачынаюць лезці ў спорт і расстаўляць там акцэнты, увогуле не разумеючы, што такое тэніс ці футбол, ― гэтага я не разумею... Што датычыцца нашага хакея... І не кажыце. Гэта мне чарговы раз разанулі па сэрцы. Так, як нашыя хакеісты гуляюць ― дык лепш бы можа і не было ў нас гэтата чэмпіяната свету".

Пасланне ўклалася ў 2 гадзіны. Зараз ― адказы на пытанні. 

Дэпутат Галіна Юргелевіч, Шабаноўская выбарчая акруга: “Ці зможа эканоміка нашай краіны запрацаваць так якасна, што заробак у 500 долараў да канца 2012 года стане рэальнасцю, а не нязбытачнымі марамі?”

Аляксандр Лукашэнка: “Вы што, сумняецеся ў гэтым?”

Галіна Юргелевіч: “Ёсць сумневы. Да таго ж, заробак у 500 долараў атрымліваюць, у асноўным, у Мінску. Гэта добра, але ж і пра астатнія рэгіёны не трэба забывацца”.

Аляксандр Лукашэнка: “Усім сёлета заробак у 500 долараў мы наўрад ці зможам забяспечыць. Але ў сярэднім можам зрабіць. Эканамічныя паказчыкі, пра якія мне кажуць, не такія ўжо і далёкія ад гэтага. Калі мы да нашага сацыяльнага пакета дадзім беларусу 500 долараў ― будзем жыць не горш, чым у Польшчы, дзе сярэдні заробак ― 1000”.

Наступнае пытанне:

Пытанне ад дэпутата з Лунінецкай выбарчай акругі №13: "Людзі заўважаюць, што кошты растуць. І для бацькоў часам застаецца праблемай сабраць дзяцей у школу. І вось год кнігі ў нас... Але кнігі такія дарагія, што не ва ўсіх хапае грошай іх купіць. Калі спыніцца рост коштаў?"

Аляксандр Лукашэнка: "Можна і заўтра спыніць рост коштаў. І сёння. Тым больш, што інфляцыя ў нас, у асноўным, ідзе ад урада. Бо ўрад мусіць даводзіць пэўныя кошты да ўзроўня Расіі і Украіны. Напрыклад, паліва. У нас бензін каштуе 70-80 цэнтаў. А ў той жа Нямеччыне ― 1,5-2 еўра. Прычына роста коштаў ― масавы вываз тавараў з краіны. І харчовых, і прамысловых. Што датычыцца збораў у школу ― думаю, што ў гэтым годзе будзе лягчэй ".

Наступнае пытанне:

Вадзім Паповў з Савета Рэспублікі: "Ці зможам мы адстаяць інтарэсы людзей пры пранікненні ў Беларусь расійскага капітала?"

Аляксандр Лукашэнка: "Пакуль няма падставаў казаць, што людзі могуць пацярпець. Роўныя кошты на энерганосьбіты ў нас не таму, што расіяне заўтра прыйдуць і забяруць нашыя прадпрыемствы".

Наступнае пытанне:

Антаніна Морава з Савета Рэспублікі: "Ці не лічыце вы, што чыноўнікі атрымліваюць замала? Магчымы адток кадраў з дзяржаўных структураў... Можа, прыйшоў час перагледзець заробкі чыноўнікаў?"

Аляксандр Лукашэнка: "Калі шчыра, я ўпусціў гэтае пытанне. Вы маеце рацыю: мы людзей тут пакрыўдзілі. А калі мы згубім упраўленцаў ― няма каму будзе разбірацца з праблемамі краіны. Сітуацыю мы паправім. Можа, і без рэформы заробкаў. Але семімільнымі крокамі мы тут рухацца не можам: усё завязана на 500 долараў. Каб людзі нас пасля не папракалі".

Наступнае пытанне:

Аляксей Кузміч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў: "Адток будаўнікоў з краіны працягваецца. За год з сакавіка 2011 года па сакавік 2012 года колькасць будаўнікоў зменшылася на 39 тысяч. Як вырашыць гэтую праблему?"

Аляксандр Лукашэнка: "Вядома, пэўны ператок у Расію пайшоў. там ім плацяць буйныя грошы... Але ў апошнія месяцы пачаўся зваротны працэс. Людзі пачынаюць у краіну вяртацца".

Мікалай Самасейка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў: “Вядома, што на рэферэндуме 1996 года беларускі народ прагаласаваў за смяротнае пакаранне. Але з тых часоў прайшло 15 гадоў, шмат што змянілася ў заканадаўстве. Колькасць смяротных прысудаў скарацілася да 15 гадоў. Як вы лічыце, ці не падыйшла Беларусь наўпрост да ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне”.

Аляксандр Лукашэнка: “Я ніколі на гэта сам не пайду. Не пайду, бо я слуга свайго народа, і ведаю настроі людзей... Мы некалі рызыкнулі параіцца з народам, вынеслі гэтае пытанне на рэферэндум. Для мяне гэта закон. Да таго ж, вось уявіце сабе: у мяне на стале ляжыць прашэнне аб памілаванні двух злачынцаў, якія згвалцілі і парэзалі на кавалкі 12-гадовую дзяўчынку. Я чытаю гэта, і ў мяне ўнутры ўсё закіпае. І я, не вагаючыся, зацвярджаю смяротныя прысуды.

Да таго ж, калі я размаўляю з кіраўнікамі суседніх дзяржаў, яны кажуць мне: "Во ўляпаліся ў лайно з гэтым мараторыем! Адмяніць не так проста яго... А людзі нашыя абыходзіцца без смяротнага пакарання яшчэ не гатовыя..."

Але, магчыма, вы і маеце рацыю. Магчыма, нашае грамадства і падыйшло да гэтага”.

Ніна Мазай з Савета Рэспублікі: “Ці не з'яўляецца абранне Аланда замест Сарказі ў Францыі пачаткам перагляду еўрапейцамі сваёй палітыкі? Што вы асабіста чакаеце ад прэзідэнцтва Уладзіміра Пуціна?”

Аляксандр Лукашэнка: “Калі ў нас былі высокія кошты на расійскія энерганосьбіты, у Крамлі зразумелі: яшчэ год такой палітыкі ― і Беларусь назаўжды адвярнецца. І тады яны паступова адыйшлі ад гэтага, сёння ў нас адносіны зусім іншыя. Таму калі нехта спадзяецца, што вось прыйдзе Пуцін, і нам накінуць пятлю на шыю, і пачнуць душыць ― не дачакаецеся!

Аланд кажа правільныя рэчы. Ён абяцае французам тое, што ў нас ужо даўным даўно ёсць. Дык што ж, еўрапейцам самім абрыдлі тыя парадкі, да якіх яны хочуць прыцягнуць нас? Што да Сарказі, дык, на маю думку, калі б французы сябе паважалі, яны прыбралі б яго раней. Зараз во пішуць пра тое, што Кадафі яму пазычыў 50 мільёнаў долараў на выбарчую кампанію. Дык мне Кадафі падчас візіта ў Беларусь асабіста казаў, што было не 50, а нават 100 мільёнаў. Вось і згвалцілі Кадафі, а цяпер і ўсю яго сям'ю імкнуцца знішчыць”.


Пра чалавека

12:55. "Мы ўжо ў кожным доме маем ікону. І не адну. Да іконы ў кожным доме ў беларусаў мусіць быць слуцкі пояс".

12:54. "Да камплектацыі бібліятэкаў актыўна далучайце прадстаўнікоў бізнэс-асяроддзя".

12:53. "Ну прызвычаіўся наш чалавек валідол, валерыянку і іншую дрэнь набываць пачкамі і без рэцэптаў. Ну дык што, мы яго пазбавім гэтага права? Адправім у паліклініку па рэцэпты? Дык там жа напэўна выпішуць яму рэцэпт! Навошта рабіць гэты круг?"

12:51. “Мы выпускаем зашмат спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, асабліва гуманітарных спецыяльнасцяў”.

12:49. "Рэформаў і эксперыментаў у сярэдняй школе не будзе. Трэба яе падшліфаваць, даць ёй праграмы, якія па сілам навучэнцам".

12:48. "Па якасці адукацыі Беларусь займае 20-е месца ў свеце".

12:48. "Усё, што мы робім, мы робім не для лічбаў і паказчыкаў".

Пра Беларусь у свеце

12:45. "Беларусь вылучае ідэю інтэграцыі інтэграцый, стварэння агульнай эканамічнай прасторы ад Лісабона да Уладзівастока".

12:44. "Так, у нас рознае бачанне некаторых грамадскіх працэсаў. Але вырашаць іх трэба дыялогам, а не санкцыямі. Палітыка санкцыяў неэфектыўная, бо Беларусь не мае варожасці да Еўрапейскага саюза".

12:40. "Беларусаў немагчыма штучна зламаць. Нас можна толькі пахаваць".

12:39. "Калі нас не будзе ― тады будзеце рабіць з нашай краінай тое, што хочаце".

12:37. "Я проста хачу сказаць еўрапейцам і амерыканцам: нас немагчыма зламаць".

Пра крымніальнае заканадаўства

12:36. Па словах Лукашэнкі, плануецца цалкам рэфармаваць Міністэрства ўнутраных спраў: "Мы гуманізуем заканадаўства. Трэба перагледзець такую меру, як узяццё пад варту. Навошта браць пад варту чалавека, які не зрабіў нічога, што пагражае жыццю і здароўю людзей?"

12:35. Лукашэнка даручыў ураду падрыхтаваць закон аб амністыі. "Вартыя людзі сядзяць за кратамі, а нягоднікаў мы выпускаем, пад ціскам ці не", аргументаваў кіраўнік краіны. Амністыя будзе прымеркаваная да 3 ліпеня.

12:34. "Барацьба з карупцыяй не мусіць ператварыцца ў сродак разборак з нязручнымі бізнэсоўцамі і канкуруючым бізнэсам".

12:34. "Калі супраць смелага кіраўніка вядзецца траўля, Следчы камітэт бярэ яго пад абарону!"

12:33. "Нам трэба гуманізаваць заканадаўства і судовую практыку па эканамічных злачынствах. Далёка не заўжды зняволенне тут з'яўляецца эфектыўнай мерай пакарання".

Пра інтэрнэт

12:31. "Ад звычайнага афшорнага праграмавання мы мусім пераходзіць да больш эфектыўнай працы".

12:29. "Мы бачылі, як Беларусь імкнуліся падарваць праз інтэрнэт з-за мяжы. У арабскіх краінах гэта атрымалася, але ў Беларусі ўсе гэтыя рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі чакаў правал. Мы нічога не блакавалі, але на падрыўную працу праз інтэрнэт далі свой адказ, у тым ліку з ужываннем новых тэхналогіяў".

12:28. "Усе нашыя абмежавальныя захады ў галіне інтэрнэта спісаныя з амерыканскіх і еўрапейскіх падыходаў". Відаць, менавіта таму ў Беларусі нельга ў кавярні скарыстацца wi-fi без пашпарту...

Пра наступныя парламенцкія выбары

12:22. "Мы мусім слухаць меншасць. Яна ў нашай краіне ёсць! Я чую кожны піск у кожным куточку нашай краіны. Гэта праходзіць праз маё сэрца".

12:20. "Назавіце мне хаця б адну партыю, якая існуе ў Беларусі. Назавіце! Там жа палова ― мёртвыя душы! Каго вы прадстаўляеце? Толькі саміх сябе!"

12:19. "Я не прыхільнік прапарцыянальнай сістэмы. Дэпутатаў мусяць абіраць на канкрэтных участках, па мажарытарным прынцыпе".

12:17. "Бліжэйшыя парламенцкія выбары пройдуць у строгай адпаведнасці з заканадаўствам.Ні кроку налева, ні кроку направа. Ні кроку. Бярыце Канстытуцыю і чытайце, яна ў нас невялікая".

Пра знешнюю палітыку і грамадзянскую адказнасць

12:16. Пасля выбараў 2010 года мы хацелі працягнуць дыялог з Захадам, ― кажа Аляксандр Лукашэнка: "Пасля выбараў 2010 года мы планавалі працягваць дыялог з Еўрасаюзам, развіваць так званую грамадзянскую супольнасць". Але Захад і беларуская "пятая калона" вырашылі іначай, заявіў кіраўнік Беларусі. Па яго словах, праз неразумную заходнюю палітыку страчана шмат часу.

12:14. "Спадзяюся, што сёння шмат хто ўпэўніўся: санкцыі ― гэта тупік".

12:13. "Лепш за агітацыю за існуючую ўладу складана прыдумаць".

12:12. Лукашэнка кажа, што ў Еўропе людзей паліваюць з брандспойтаў, паліцыя збівае жанчын. "Хіба мы калі-небудзь такое рабілі? Не!"

12:06. “Вось яны [Еўропа. ― Еўрарадыё] нас крытыкуюць. Што ў нас недэмакратычна, і ўвогуле дрэнь. Вось адбыўся гэты канфлікт з Еўропай. Здарыўся канфлікт з пасламі Еўрасаюза. Гэта балюча было для мяне — не толькі для Еўрасаюза. Але калі да мяне прынеслі аналітычную запіску з усімі фактамі, я быў здзіўлены: ніводны дыпламат, які з’ехаў з Беларусі, гэтага не хацеў”.

12:06. "Амбасадары заварушыліся. Правільна".

Пра будаўніцтва жылля і фермаў

12:02. "Будаваць трэба там, дзе ты не перашкаджаеш адпачываць людзям".

11:59. “Прыйшлі габрэі, папрасілі зямлю за Баравой [пад Мінскам. ― Еўрарадыё]. [Барысу Батуры] Перадай габрэям прывітанне! Я ім заўтра знайду няўдобіцы, дзе выдаткі вышэйшыя… Я сапраўды кажу пра габрэяў у добрым сэнсе слова”.

11:58. “Лічыце, што ў нас у краіне практычна накладзеная забарона на адвод сельскагаспадарчых земляў пад прамысловыя будынкі”.

11:56. “Усе, каго з насежаных месцаў прагналі, пайшлі ў лясы і асвойваюць гэтыя землі”.

11:55. "Я ніколі за паўгода губернатара двойчы не прымаю".

11:55. Пра вайскоўцаў, якіх трэба забяспечыць жыллём, каб яны не думалі пра сябе і сем'і ў крытычных сітуацыях: "Загінуў ― значыць загінуў. У нас, у мужыкоў, лёс такі".

11:54. “Жыллё атрымаюць толькі тыя, хто ў гэтым мае асаблівую неабходнасць. Астатнім, як кажуць, мы мусім даць не рыбу, а вуду”.

Пра сельскую гаспадарку

11:52. “Кошты на прадукты харчавання мусяць быць набліжанымі да сусветных, каб было невыгадна вывозіць іх за межы Беларусі”.

11:51. “Калі вы хочаце карміць увесь свет бясплатнымі беларускімі прадуктамі харчавання ― можна трымаць гэтыя кошты. Але ж вы ведаеце, што адбываецца! Межы ў Адзінай эканамічнай прасторы не закрыеш. Прадукты едуць туды, прадаюцца, і грошы ідуць не толькі ў кішэню беларусаў”.

11:49. “Рост коштаў у нас – гэта не нечая злая воля, а жорсткае патрабаванне сусветнага рынку”.

11:47. "У нас, калі шчыра, адбыўся разрыў паміж сацыяльнай сферай (аграгарадкі пабудавалі, усё арганізавалі) і вытворчасцю. Таму я падчас паездак па краіне ўвесь час даўлю кіраўнікоў... Трэба падцягнуцб вытворчасць да таго сацыяльнага стандарта, які створаны ў аграгарадках".

11:45. "У 2012 годзе краіна мусіць сабраць 10 мільёнаў тон зерня. І Госпад нам пакуль дапамагае. Усе рашэнні прынятыя..."

Блок, прысвечаны навуцыі і інавацыям

 

11:45. "Я катэгарычна не задаволены тым, што адбываецца ў Акадэміі навук".

 

11:44. Лукашэнка назваў БРСМ "камсамолам". "Я даручаю ўраду аказаць падтрымку камсамолу. Праграма "100 ідэй для Беларусі" не мусіць стаць разавай акцыяй".

11:43. "Дзяржаўныя структуры мусяць даць навукоўцам поўную свабоду зарабляць грошы".

11:42. "Навукоўцы мусяць зразумець: трэба не толькі прасіць, але і нешта аддаваць".

11:41. "Без інтэлектуальнага інавацыйнага складніка ў нас не атрымаецца забяспечыць эфектыўнасць эканомікі. Пакуль што ў нас з гэтым не ўсё добра..."

Далей кіраўнік краіны распавядае пра стабілізацыю і эфектыўнасць эканомікі, экспарт і валютную палітыку

 

11:40. Нацбанк нават вымушаны супрацьстаяць рэзкаму ўмацаванню рубля, кажа кіраўнік Беларусі: "Кожны рубель, які знаходзіцца ў абарачэнні ў краіне, на 150% пакрыты валютнымі рэзервамі".

 

11:36. "Рэзкіх ваганняў курса дапусціць нельга".

 

11:35. "У Адзінай эканамічнай прасторы мусяць дзейнічаць аднолькавыя прынцыпы коштаўтварэння". Гэта значыць, што і кошты ў Беларусі, Расіі і Казахстане таксама мусяць быць прыкладна аднольнавымі.

11:34. "Зніжка на энергарэсурсы ― гэта не падачка і не субсідыя, як імкнуцца прадставіць некаторыя "свядомыя". Гэта базавая ўмова існавання Адзінай эканамічнай прасторы".

Наступная частка Паслання прысвечаная мікраэканоміцы: коштам і заробкам

11:33. "Пры канцы года мы паглядзім, у каго заробкі будуць 500 долараў, а ў каго ― не".

11:32. "Што датычыцца вытворчасці ― кожнаму па працы".

11:31. "Рост заробкаў мусіць быць абгрунтаваны вытворнасцю працы".

11:30. "Правальна працуе сістэма спажывецкай кааперацыі".

11:29. "Трэба, каб разам з гіпер- і супермаркетамі развіваліся невялікія дзяржаўныя і прыватныя крамы".

11:27. Аляксандр Лукашэнка кажа пра тое, што ў Беларусі працягнецца рэгуляванне роста коштаў: "Мы не павінны дапусціць рост спажывецкіх цэнаў больш чым на 20% сёлета". Як прыклад, кіраўнік краіны прывёў Нямеччыну, дзе кантралююць кошты на бензін: "Вось вам і ўвесь рынак!"

Пры пачатку Паслання Лукашэнка кажа пра інвестыцыі, прыватызацыю і амністыю капітала

11:20. "У Беларусі не будзе наменклЯтурнай прыватызацыі. Ніколі. Нават тады, калі мяне не будзе на прэзідэнцкай пасадзе... Урад, які дазволіць чыноўнікам раскупіць дзяржаўную ўласнасць, будзе цягам сутак змецены памяркоўнымі беларусамі".

11:19. Кіраўнік краіны заявіў, што закрытых для прыватызацыі прадпрыемтсваў няма. "Мы гатовыя прыватызаваць нават "Беларуськалій"... Але гэта пытанне коштаў. Сёння ён каштуе ўжо не 30 мільярдаў долараў, а 32". Крыху пазней Лукашэнка ўдакладніў, што "Беларуськалій" мы "можам прадаць крыху танней ― за 31,5 мільярда долараў".

11:16. "Мы дакладна ведаем, як не трэба праводзіць прыватызацыю... Абвальных, масавых распрадажаў не будзе".

11:14. "Калі тэма амністыі капіталаў актуальная для Беларусі ― яе трэба прапрацаваць".

11:12. “Да нас хочуць ісці, укладаць грошы... Але сцяна бюракратызма і абыякавасці адбіваюць ўсякае жаданне інвеставаць”.

11:10. "Новаму віцэ-прэм'еру я б параіў заняцца мадэрнізацыяй Камвольнага камбіната".

11:08. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, у мінулым годзе пры максімальным росце коштаў на нафту і газ нашая эканоміка не спынілася. Сёлета, кажа ён, год пачаўся таксама паспяхова: "Паступова растуць даходы людзей, узровень беспрацоўя практычна на нулі... Нават замежныя эксперты прызнаюць, што нам удалося выбудаваць паспяховую эканамічную палітыку".

11:06. "Ёсць праект ці ідэя ― шукайце інвестара. Угаворвайце яго. Стварайце для яго ўмовы. Прычым інвестыцыі мусяць быць прамымі, а не прыхаванымі".

11:04. "Узровень беспрацоўя практычна на нулі".

11:02. "Еўрасаюз увесь мінулы год балансаваў на краі краха".

11:00. Звароту Аляксандра Лукашэнкі папярэднічае гімн Беларусі. Бачна, што ніхто з прысутных не спявае. На сумеснае пасяджэнне прыйшлі 52 чальцы Савета Рэспублікі і 109 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Аднаго дэпутата не хапае!

Нагадаем, зварот прэзідэнта да народа і ўрада быў перанесены з 19 красавіка на нявызначаны тэрмін. Спічрайтары прэзідэнта прамахнуліся: пра стасункі з Еўропай напісалі залішне жорстка, а пра прыватызацыю — залішне ліберальна. Кіраўнік адправіў тэкст на дапрацоўку.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі