Літвіна: Каб не марнаваць час, у аэрапорце я адразу пайшла да памежнікаў
І адразу ж атрымала штамп у пашпарт “У выездзе адмоўлена”.
Па прыездзе ў аэрапорт старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна накіравалася не рэчы здаваць, а да памежнікаў — высвятляць свой статус.
Жана Літвіна: “Свой прыход у аэрапорт я пачала з размовы з памежнымі службамі — каб не здаваць рэчы і не ўскладняць працэдуру. І лёгка было высветлена, што я знаходжуся ў спісе асобаў, якім абмежаваны выезд з тэрыторыі краіны”.

Ніякіх тлумачэнняў прычын па ўнясенні ў спіс невыязных памежнікі Жане Літвіной не далі. Тое ж самае чакала і журналіста Міхася Янчука: ён, як і старшыня БАЖ, кіраваўся ў Варшаву – яго знялі ў Брэсце з цягніка Масква-Варшава.

Праўда, яму ў якасці верагоднай прычыны забароны на выезд памежнікі чамусьці назвалі... нявыплату аліментаў. І параілі звяртацца па тлумачэнні ў міліцыю па месцы жыхарства. Сам журналіст звязвае прычыну свайго ўнясення ў спіс невыязных менавіта са сваёй прафесійнай дзейнасцю. І не выключае, што спіс супрацоўнікаў незалежных СМІ, якім улады “перакрыюць” выезд за мяжу, будзе пашырацца. З ім згодная і Жана Літвіна.
Жана Літвіна: “У кантэксце візавых санкцый можна ўжо казаць пра супрацьстаянне. З аднаго боку, Еўрасаюз іх пашырае і ўсе рыхтуюцца да чарговага пасяджэння Савета міністраў краін ЕС 23 сакавіка. З другога боку — афіцыйны Мінск дэманструе сваю непапулярную пазіцыю, звязаную з абмежаваннем выезду з краіны людзей, якіх улада, магчыма, лічыць дэструктыўнымі элементамі”.

Але юрыст, намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец сцвярджае: гэтая “дэманстрацыя сваёй пазіцыі” супярэчыць Канстытуцыі і не базуецца ні на якіх нарматыўна-прававых актах. Юрыст упэўнены, што ніхто з тых палітыкаў ці грамадскіх дзеячаў, якім апошнімі днямі забаранілі пакідаць краіну, не трапіў пад дзеянне закона “Аб парадку выезда з РБ і ўезда ў РБ грамадзян Беларусі”.
Андрэй Бастунец: “Таму я лічу, што неабходна выкарыстоўваць усе прававыя сродкі, каб з гэтым змагацца”.

З гэтай нагоды ўжо сёння БАЖ накіруе лісты ў Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі ды Памежны камітэт з патрабаваннем патлумачыць прычыны забароны на выезд за мяжу Жане Літвіной і Міхасю Янчуру і назваць тых, хто іх імёны ўнёс у гэты спіс. А таксама ліст накіруецца ў Генпракуратуру — з патрабаваннем высветліць законнасць абмежавання права на выезд сябраў БАЖ.

Ці будзе Жана Літвіна звяртацца ў суд з нагоды забароны ёй пакідаць краіну, старшыня БАЖ яшчэ не вырашыла. Маўляў, неабходна дачакацца адказу на лісты, якія яны сёння дашлюць у дзяржструктуры.
Фота: Змітра Лукашука