Le Monde: “Ліль” абламаў зубы. Le Figaro: Неверагодны правал!

120920_sverdlov_bate.mp3

“Плэй-оф цяпер вельмі далёка”, — саркастычна заўважае пра “Ліль” сталічная французская Le Figaro. Парыжане, задаволеныя буйной перамогай “Пары Сен-Жэрмэн” над кіеўскім “Дынама”, не саромеюцца акунуць канкурэнтаў па чэмпіянаце Францыі ў бруд:


“Мішэль Сейду [прэзідэнт “Ліля”. — Еўрарадыё] перад гульнёй сказаў, што “Ліль” на еўрапейскай арэне яшчэ не перарос падлеткавы ўзрост. Пасля паражэння 1:3 у стартавым матчы можна нават сказаць, што ён пакуль што ў стадыі эмбрыёна”.


Аглядальнік Le Figaro Клеман Бацілье скардзіцца, што “Ліль” так і не знайшоў каманднай гульні. “А пры тым, што гэта Ліга чэмпіёнаў, і ні з “Баварыяй”, ні з “Валенсіяй” мы яшчэ не сустракаліся, яго будучыня выклікае сумневы”.


“Гледзячы на лік, вельмі проста абвінаваціць лінію атакі “Ліля”. Але гэта будзе вельмі абмежаваны погляд. Насамрэч, плакаць усю Францыю прымусіла тое, што перадапошні чэмпіён гуляў дрэнна па ўсім полі. Падобна, ад’езд Азара ў “Чэлсі” пазбавіў каманду ўсёй крэатыўнасці. Марвэна Мартэна на полі нябачна. Дзімітры Пае і Саламон Калу… Што яны ёсць, што іх няма — розніцы ніякай. Што да Туліа дэ Мелу, ад яго карысці не было, бо ён неспадзявана заняўся ў атацы пошукамі ўласнай ідэнтычнасці”.


Пры гэтым Le Figaro хваліць гульцоў БАТЭ. Акрамя Валадзько, Радзівонава і Аляхновіча, якія забівалі галы, у артыкуле згаданыя Глеб і Гарбуноў. Найлепшым гульцом матча названы Валадзько.


Le Monde крыху больш спачувае французскім футбалістам. Адзін з раздзелаў артыкула мае загаловак “Па-за гульнёй падчас другога гола беларусаў”. На думку журналіста Эмануэля Вярсаса, афсайд відавочны.


“Лагічна, што гэты ўдар забіў гульцоў Рудзі Гарсіі [трэнер “Ліля”. — Еўрарадыё]. Яны працягваюць ціснуць, хаця і самі не вераць у выніковасць ціску. Супраць сапернікаў, якія вельмі добра ўзаемадзейнічаюць, можна гуляць толькі праз флангі”.

 
Але другі тайм нават Le Monde называе “расчаравальным”. Паводле версіі газеты, французы ўвесь час атакавалі, літаральна асадзілі вароты БАТЭ, але галкіпер беларусаў цягнуў усё, што можна было:

Le Monde: “Аперацыю “пад’ём з пекла” працягнуў Мэндэс, але Гарбуноў зноў выратаваў радзіму Лукашэнкі”.


“Ліль” удзельнічаў у групавым этапе Лігі чэмпіёнаў 5 разоў, і ніводнага разу не выйграў стартавы матч.

“У Рудзі Гарсіі цяпер дзве вялікія праблемы. Найперш, гэта атака, бо ні дэ Мелу, ні Ру не могуць забіць. Але другая задача — больш складаная: вярнуць “Лілю” веру ў перамогі. Гульня з “Ліёнам” у гэтыя выходныя — добры шанец. Ці не?”


А БАТЭ зможа ацаніць, ці вярнуў “Ліль” сабе веру ў перамогі, 20 лістапада, калі французы прыедуць у Мінск на матч у адказ.

Фота: AFP / Philippe Huguen.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі