Куды пайсці 11 сакавіка: у школу ці на тэставанне?

120301 Svjardlou Perenos.mp3

Указ прэзідэнта аб пераносе працоўнага дня з 9 на 11 сакавіка паставіў школьнікаў у двухсэнсоўнае становішча. З аднаго боку, у нядзелю давядзецца ісці на заняткі. З іншага, шмат хто са старшакласнікаў запісаўся на рэпетыцыйнае тэставанне, якое пройдзе 11 сакавіка.

“Репетиционное централизованное тестирование проходит 11 марта Если 11 марта объявляют рабочим днём, то я должен идти в школу, а не ехать в областной центр на тестирование. Что делать???? Терять 30 000 или прогулять школу???”, — тэмпераментна звяртае ўвагу на праблему наведнік сайта Еўрарадыё.

А 10-й гадзіне 11 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце пачынаецца тэставанне па рускай і беларускай мовах. Спалучыць яго з наведваннем школы ну ніяк не атрымаецца.

“Трэба нешта выбраць, — здзіўляюцца сітуацыі ў БДУ. — Але мы праводзім тэставанне па рускай мове таксама 1 і 8 красавіка. Калі вы хочаце пайсці ў школу, запісацца на іх можна будзе пазней”.

Каб грошы за рэгістрацыю на тэставанне 11 сакавіка не згубіліся, у БДУ раяць ужо зараз звярнуцца ва ўніверсітэт па перанос даты.

А вось у абласных цэнтрах магчымасці перанесці рэпетыцыйнае тэставанне на іншую дату няма. Напрыклад, у Гомельскім дзяржаўным універсітэце для геаграфіі, сусветнай гісторыі, фізікі і хіміі вызначаны толькі адзін дзень — 11 сакавіка.

“Думаю, што тэставанне важнейшае за школу. Прапусціце. Школа зразумее”, — мяркуюць ва ўніверсітэце. І дадаюць, што падрыхтуюць для абітурыентаў даведкі пра тое, што 11 сакавіка яны прапусцілі школу праз рэпетыцыйнае тэставанне.

У камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама абітурыентам з цяжкім уздыхам раяць… прагуляць школу!

“Няхай бацькі вам напішуць тлумачальную, чаму вы не з’явіліся ў школе менавіта ў гэты дзень…”

Для Міністэрства адукацыі перанос працоўнага дня з пятніцы на нядзелю таксама стаў сюрпрызам.

“Мы самі толькі нядаўна атрымалі гэтую інфармацыю. Я ўжо задала пытанні ўпраўленням, яно прапрацоўваецца. Як толькі будзе адказ — ён з’явіцца ў нас на сайце”, — інфармуе Еўрарадыё прэс-служба Мінадукацыі.

Добра, калі чыноўнікі прымаюць рашэнне, дасканала вывучыўшы сітуацыю.

Фота: www.tsogu.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі