Кромэр: Быць маці ў Беларусі — гэта часамі стыгма

Паводле афіцыйных звестак ад 12 кастрычніка 2011 г., у Беларусі 1,2 млн сем'яў выхоўвае дзяцей. З іх у 65,7% выхоўваецца адно дзіця, у 28,9% — два. Трох і больш дзяцей маюць каля 5% сем’яў.

111012 ZhannaS.mp3

Еўрарадыё: У дзвюх трацінах беларускіх сем’яў выхоўваецца адно дзіця. Чаму?

Жана Кромэр: Я не толькі феміністка, я адношуся акурат да тых бацькоў, якія маюць адно дзіця, хаця хацелі б мець больш. Я нарадзіла свайго сына, калі была, як кажуць, зусім маладая і дурная, і вельмі закаханая. Я не вельмі разумела, што мяне чакае. Цяпер сын ужо вялікі. Але ад 20 да 30 гадоў, калі жанчына ў найлепшым фізічным стане, я не нарадзіла больш.

Па некалькіх прычынах. Першая — фінансавая. Я думаю, гэтая прычына найбольш распаўсюджаная. Часта людзі не даюць сабе рады нават з адным дзіцём, а з двума-трыма ты адразу ніжэй за плінтус. Ты нічога не можаш сабе дазволіць і, што самае страшнае, шмат чаго не можаш дазволіць дзіцяці. Не можаш купіць добрыя рэчы, аддаць на ангельскую мову ці ў платныя гурткі — і гэта вельмі цісне.

Да таго ж, шмат каму проста няма дзе жыць. Як кажуць, не хочацца пладзіць басоту. Хаця ў мяне, напрыклад, вельмі развітое пачуццё мацярынства, мне хочацца яшчэ дзяцей, мне хацелася іх усё жыццё, але я проста не дазволіла сабе, бо вельмі цяжка глядзець, калі тваё дзіцё недаядае ці не мае рэчаў, якія хоча мець, і не можа развівацца так, як павінна, ці калі, не дай Бог, яшчэ захварэе. Вельмі балюча глядзець на матак, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Гэта можа здарыцца з кожнай. Бацькі, на жаль, часта проста сыходзяць ад хворых дзяцей. Няшчасныя жанчыны цягнуць на сабе хворых дзетак, не маючы дапамогі ні ад бацькі, ні ад дзяржавы.

Другая праблема — няма ад каго нараджаць. Мужчыны ў краіне, натуральна, ёсць, але вельмі многія з іх алкаголікі. Калі жанчына не проста ідзе за сваім пачуццём, а думае галавой, то будзе шукаць бацьку сваім дзецям, які і перадаў бы здаровыя гены, і займаўся б дзіцём, выхоўваў яго. Такіх адказных і здаровых, непітушчых мужчын мала. На іх вялікі попыт, але іх не хапае.

Еўрарадыё: Ты жывеш цяпер у Нямеччыне. Можаш параўнаць нямецкіх і беларускіх мужчын?


Жана Кромэр: Канешне, тут ёсць і тыя, хто п’е, і тыя, хто дрэнна ставіцца да сваіх дзяцей. Але тут большы адсотак адказных мужчын. Для майго мужа, ён немец, не праблема пазаймацца з дзецьмі. Ён займаецца маім сынам.

У Беларусі ў мяне былі праблемы з партнёрамі, я была не замужам і мужчыны мелі праблему ажаніцца з жанчынай, у якой ёсць дзіця. У нас гэта нейкае кляймо, не ведаю, чаму. Сустракацца гатовыя, але калі ёсць дзіця — шанец выйсці замуж коціцца да нуля. У Беларусі я не так моцна гэта ўсё ўсведамляла.

Я некалькі гадоў пражыла ў Аўстрыі, зараз пераехала ў Нямеччыну. У мяне быў час параўнаць — і ў мяне проста адкрываліся вочы. Я не ведала, што ўсё настолькі дрэнна ў Беларусі. У нас у прынцыпе людзі адзін да аднаго ставяцца па-спажывецку. Згодна з прымаўкай: муж любіць жонку здаровую, а брат сястру багатую. Да жанчын гэта, канешне, больш датычна, бо за імі яшчэ і хвосцікі-дзеткі.

У Нямеччыне, у Аўстрыі я проста бачу бацькаў, якія не разумеюць, у чым праблема, каб абабраць бульбу, памыць посуд ці пазаймацца з дзіцем. Для іх не праблема ажаніцца з жанчынай, якая мае дзяцей. Таму вельмі шмат беларусак з дзецьмі часта выходзяць замуж за мяжой. 

Еўрарадыё: Пры тым, што ў беларускіх сем’ях па адным дзіцяці, і ёсць задача павысіць нараджальнасць, дзяржава не хоча, каб маці-адзіночкі маглі скарыстацца экстракарпаральным апладненнем, таму што дзеці павінны расці ў поўных сем’ях. Як ты пракамэнтуеш гэтае рашэнне?

Жана Кромэр: Я не вельмі разумею, чаму нельга, бо гэта прамая дыскрымінацыя жанчын. У Нямеччыне можна ўзяць дзіця з дзіцячага дома, калі ты не замужам. Будуць глядзець, канешне, ці хапае ў цябе сродкаў. Калі ёсць сям’я — больш шанцаў, але толькі таму, што сям’я больш зарабляе, чым адзін чалавек. І ў ЭКА-апладненні няма абмежаванняў для адзінокіх жанчын.

Еўрарадыё: Што для цябе было найбольшым шокам у Нямеччыне ў "гендэрных" стасунках?

Жана Кромэр: Найбольш уразіла вельмі прыватнае: на той момант, калі я з’язджала, я даведалася, што я даволі хворы чалавек, мне трэба лячыцца. І ў мяне была думка: няўжо я не змагу больш мець дзяцей?

У прынцыпе ўсе гэта разумелі ў Беларусі, усе спачувалі, ніхто не сказаў: не будзе — дык не будзе. Усе разумелі, што гэта жах, што гэта канец майго жыцця як жанчыны. Сапраўды шокам для мяне было, калі першы замежнік, з якім я пра гэта размаўляла, цяпер гэта мой муж, сказаў: а ў чым праблема? Ты сама паўнавартасны чалавек. То бок я не проста інкубатар.

Ну і ў простых бытавых пытаннях, куды б ты ні ішоў, рабіць нейкія паперкі — паўсюль ёсць куток, дзе дзеці могуць пагуляць, а не сядзець перад кабінетам з бацькамі і плакаць. У кожным рэстаране, у кожнай кавярні ёсць дзе змяніць памперс дзяцяці. То бок, такія рэчы, якія заўважаеш, калі ты маеш дзяцей і якія трэба ўводзіць у нас.

Дарэчы, у ЖЖ-суполцы minsk_by слінгамамы шукалі кавярню, дзе можна пасядзець з дзецьмі. У каментарыях на іх наваліліся людзі, якія цкавалі іх, маўляў, як вам не сорамна хадзіць з цыцкамі наперавес. Маўляў, гэта непрыгожа і гідка, вы ўсіх прымушаеце бачыць, як вы дзяцей корміце грудзьмі.

Такое немагчыма ўявіць сабе ў Еўропе, а ў Беларусі гэта норма. Маці — гэта стыгма. Калі ты нарадзіла — ты сядзіш у хаце і ад усіх залежыш. І я разумею, калі жанчына не хоча браць гэта на сябе і цягнуць, бо гэта вельмі цяжка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі