Кошты на інтэрнэт не вырастуць да канца года

111104 Eurafokus.mp3

Самы танны тарыф у ByFly каштуе 54 тысячы за мегабітны анлім. Ва Украіне анлім на 3 мегабіт можна купіць за 44 тысячы беларускіх рублёў, у Расіі 4 мегабіт — за 85 тысяч. Рэч у тым, што ў нашых суседзяў ужо не прадаюць такія нізкія па хуткасці анлімы. Таму мы вырашылі параўноўваць тарыфы 10 мегабіт. У Польшчы такі каштуе ад 50 злотых.


"Калі ёсць магчымасць падключыць UPC альбо Aster — гэта сетка кабельная, яна прапануе тэлебачанне і інтэрнэт, можна разам, можна асобна. Калі асобна, то сам інтэрнэт каля 50 злотых будзе каштаваць. Там, па-першае, вельмі стабільны ў адрозненне ад ўсіх астатніх, а па-другое — вельмі хуткі інтэрнэт", — распавядае карыстальнік з Варшавы Марцін.


Анлім з максімальнай хуткасцю 10 мегабіт за секунду каштуе ў Беларусі 200 тысяч. Падобны тарыф у Літве атрымалася знайсці за 35 тысяч (9,90 літ), ва Украіне — за 60 тысяч (55 грыўнаў), у Маскве — за 570 расійскіх рублёў ці 163 тысячы беларускіх і ў Варшаве — за  140 тысяч. Усё роўна ў Беларусі інтэрнэт самы дарагі. Але амаль наблізіўся да суседзяў.
Кіраўнік tut.by Юрый Зісер гаворыць, што пры такім раскладзе беларускія правайдары працуюць у мінус. Трэба кошты павышаць.


Юрый Зісер: "У цяперашні час дзейнасць усіх інтэрнэт-правайдараў стратная. Але кошты не дае падвышаць урад. Матывуюць гэта тым, што інтэрнэт — адна з важных паслугаў, як і іншыя паслугі сувязі. Напэўна, з 1 студзеня ці лютага кошты падымуцца. Бо так доўга не можа працягвацца. У свеце дзейнасць будзе без стратаў пры ўзроўні 10 долараў з карыстальніка ў месяц у сярэднім. Ну, а ў нас зараз, зразумела, нашмат ніжэй і, зразумела, што галіна ляжа".


Але ў нашых суседзяў прапануюцца тарыфы таннейшыя за 10 долараў на месяц — напрыклад, у Літве ці Украіне. У Польшчы і Расіі — ад 10 долараў і вышэй, але хуткасці не параўнальныя з нашымі.


"Там па-рознаму можа быць ушчыльненне, — аспрэчвае Юрый Зісер. — У вас можа быць намалявана 10 мегабіт, а ў рэальнасці ўсё поўзае, бо на ім сядзіць 10 тысяч чалавек. Магчыма, нейкі аператар украінскі ці літоўскі дае прома-прапановы, але ён усё адно павінен гэтыя страты на іншых тарыфных планах пакрыць. У беларусаў з-за дэвальвацыі няма дзе пакрыць".


Паводле інфармацыі ад галоўнага правайдара нашай краіны, кампаніі "Белтэлекам", кошты да канца года павышацца сапраўды не будуць. Але калі 40 тысяч у пачатку года — гэта і былі сярэднія 10 долараў з чалавека, то цяпер мусіць быць у 2 разы больш.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі