"Коммерсант": Палёты паміж Мінскам і Масквой зноў могуць спыніць

Нібыта, пра гэта беларускія ўлады паведамілі Мінтранс Расіі і Расавіяцыю. "Коммерсант" са спасылкай на сваю крыніцу сцвярджае, што "ультыматыўны ліст" з патрабаваннем скарачэння рэйсаў у Маскву накіраваў дэпартамент па авіяцыі міністэрства транспарту Беларусі. І расійскія авіяцыйныя ўлады мусяць самі вырашыць, у якой кампаніі забраць адзін рэйс. Прычым, расійскія авіякампаніі "Аэрафлот" (тры рэйсы на дзень), "Сібір" і "ЮТэйр" (па адным рэйсе), нібыта, ужо атрымалі папераджальныя тэлеграмы.

У Мінтрансе Расіі факт атрымання ліста з Беларусі абвяргаюць, але ў "Аэрафлоце" неафіцыйна пацвярджаюць наяўнасць тэлеграмы.

Нагадаем, у панядзелак, 26 сакавіка, праз спрэчкі паміж авіяцыйнымі ўладамі Беларусі і Расіі аб колькасці штодзённых рэйсаў, якія будуць выконваць беларускія і расійскія авіякампаніі, на чатыры гадзіны ўсе палёты паміж Мінскам і Масквой былі спыненыя.

У выніку, была дасягнутая дамоўленасць пра часовы дазвол палётаў да 29 сакавіка, калі ў Маскве мусілі прайсці перамовы. Пасля іх расійскія СМІ распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што "авіяцыйныя ўлады Беларусі і Расіі ўзгаднілі палёты да 10 траўня" і, нібыта, засталося яшчэ дапрацаваць пагадненне. Намеснік гендырэктара нацыянальнай авіякампаніі "Белавія" Ігар Чаргінец пасля гэтага заявіў, што гаварыць пра пацверджанне праграмы авіяпалётаў перадчасна і трэба дачакацца падпісання адпаведнага дакумента.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі