Колькі зарабляюць дзіцячыя трэнеры?

Нібыта і зарплаты ў беларускім хакеі плацяць у дзясяткі тысяч долараў, і арэнаў набудавалі, а від спорту апынуўся на дне.

Новых зорак амаль не з’яўляецца, а пра слабы ўзровень дзіцяча-юнацкага хакея сведчаць у тым ліку і зарплаты трэнераў.

“Калі ў спецыяліста, які працуе з дзецьмі, ёсць вышэйшая адукацыя, яго стаўка ў студзені была 1 922 000 рублёў, і гэта з прэміяй, ― паведамляюць Еўрарадыё ў аддзеле фізкультуры, спорту і турызму Пінскага гарвыканкама. ― Стаўка ― гэта 72 гадзіны на месяц. Калі трэнер працуе 120 гадзін, яму налічваецца 3 мільёны 200 тысяч рублёў. Зарплаты аднолькавыя ― што ў хакейнага трэнера, што ў футбольнага, што ў трэнера па цяжкай атлетыцы. Проста за добрыя вынікі выплачваюць дадаткі. Але ў нашых хакеістаў вынікаў пакуль няма, адпаведна і дадаткаў таксама”.

Падобная карціна і ў беларускім дзіцячым футболе, дзе зарплата ― пачастунак святым духам. А кіраўніцтва дзіцячых спартыўных школ папярэдзілі, каб ніхто не выдаваў фінансавай інфармацыі.

“Нашы трэнеры зарабляюць пад тры мільёны. А малады будзе зарабляць яшчэ менш. Ад двух мільёнаў”, ― акрэсліваюць сітуацыю ў адной са СДЮШАР Брэсцкай вобласці, дзе выхоўвалі ў тым ліку і дзейных гульцоў нашай нацыянальнай футбольнай зборнай.

У некаторых футбольных школах, якія ўзялі пад крыло канкрэтныя клубы, могуць прыплачваць дзіцячым спецыялістам паболей, чым у правінцыі.

“Малады трэнер, без катэгорыі і стажу, ён будзе зарабляць паўтара-два мільёны максімум. Дасведчаны ж дзіцячы трэнер за студзень зарабіў тры мільёны з лішкам. Але гэта месяц такі няўдалы. Звычайна ён зарабляе тры-чатыры мільёны рублёў”, ― распавядае спецыяліст са сталічнай футбольнай школы “Змена”.  

Ці можна з такімі стаўкамі наракаць на беларускі футбол? А на наш бокс, вольную барацьбу, дзюдо, дзе вынікі за апошнія два алімпійскія цыклы ляснуліся, а новых зорак не падрастае?

“Ну вось малады ў нас трэнер працуе па боксе. Заработная плата ў яго ― 3 035 500 рублёў, ― кажуць у аддзеле фізкультуры, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама. ― Гэта з нагрузкай у 32 гадзіны. Плюс штомесяц загадам начальства даецца прэмія з 20-працэнтнага фонду. Мінус падаткі ― 13% ад усёй налічанай сумы”.

Атрымліваецца каля 3 170 000 рублёў для маладога трэнера.

Такім чынам, заробкі спецыялістаў са спартыўных дзіцяча-юнацкіх школ, паводле нашых назіранняў, вагаюцца ў сярэднім ад 220 да 470 долараў. І сума гэта відавочна не дацягвае да заяўленых 500 долараў сярэдняга заробку, пра якія трубіцца з кожнага дзяржаўнага сайта, тэлеканала і транзістара.

І пра выхаванне якіх маладых зорак можа весціся гаворка?

Праўда, трэнеры элітных спартсменаў адчуваюць сябе больш камфортна, чым іх маладыя ці менш удачлівыя калегі.

Як раней высветліла Еўрарадыё, за бронзу на Алімпіядзе трэнер, які працуе з прызёрам, цягам наступнага чатырохгадовага цыкла мае пад 2900 долараў (на сёння каля 25 мільёнаў рублёў). Прэтэнзіі такім трэнерам за высокі заробак ― гэта грэх. Нешматлікімі алімпійскімі медалямі для Беларусі людзі іх заслужылі.

Толькі рэдкія беларускія спартсмены і трэнеры ў нашых не зусім рынкавых умовах змаглі дабіцца фінансавай незалежнасці ад дзяржаўных ставак і разрадаў.

“Калі ён зарабляў мільён долараў, то пералічваў мне 200 тысяч. Зараз ён зарабляе менш, адпаведна ― менш мне пералічвае”, ― расказвае Мікалай Мірны, бацька і асабісты трэнер алімпійскага чэмпіёна па тэнісе Максіма Мірнага. Дарэчы, зарплаты ад Мінспорту спецыяліст не атрымлівае. І вось чаму:

“Я два гады таму збудаваў спартцэнтр. Я там лічуся галоўным трэнерам. У дзяржаўных спартцэнтрах я нідзе не лічуся. Яны мне, натуральна, плацілі б, як і іншым топ-трэнерам. Але паколькі я нідзе не лічуся, а, па другое, не прашу, таму і не атрымліваю зарплату ад дзяржавы. Але на гэта не скарджуся”. 

Фота fhr.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі