Колькі павінен каштаваць праезд?

111109 Rugajn Proezd.mp3

"Рэальны кошт — каля 2800, столькі павінен каштаваць праезд. У метро праезд павінен быць трошкі вышэй. Пагадзіцеся, за 15 хвілін з аднаго канца горада ў іншы трапіць — колькі аддасі за таксі?" — у намесніка генеральнага дырэктара Мінсктранса Віктара Тозіка ўсё падлічана.


Ад яго Еўрарадыё даведваецца, чаму квіток на праезд у падземцы павінен каштаваць больш, чым на аўтобусе. Маўляў, запуск новай станцыі метро каштуе даражэй.


"Аўтобус узяў праклаў па карце, паглядзеў, дзе пасажырапаток вялікі. Прыпынкі будуюць у мікрараёнах, людзі ёсць. Выдаткі мінімальныя, у параўнанні з трамваем і тралейбусам, не кажучы ўжо пра метро. Першапачатковыя выдаткі там значна вышэйшыя", гаворыць Віктар Тозік.


У Маскве і Кіеве метро даражэй за наземны транспарт, затое маршруткі каштуюць амаль як метро. У Кіеве жэтон каштуе 1,7 грыўны, каля 1900 рублёў, а талон — 1,5 грыўны. У Маскве жэтон — 28 рублёў, гэта каля 8 тысяч, а талон на аўтобус — 25 рублёў.


Паводле прыблізных падлікаў, каб аўтобус праехаў адзін кіламетр, патрэбна 6300 рублёў, метро на гэта патрабуе значна больш за 8500. Адпаведна, на думку дырэктара ДУ "Сталічны транспарт і сувязь" Валерыя Шкуратава, і жэтон павінен каштаваць даражэй, і квіток на аўтобус павінен быць іншага кошту.


"Каб акупляльнасць складала 70 працэнтаў, як у нас прапісана, трэба, каб кошт быў 2900 рублёў, — гаворыць Валерый Шкуратаў. А мы сёння гаворым толькі пра 1300. Сёння 30 працэнтаў збірае перавозчык сам, а 70 працэнтаў — датацыя з бюджэту. А павінна быць наадварот".


Згодна з разлікамі транспартнікаў, нават падаражэнне на 400 рублёў не дапаможа выйсці на запаветныя 70 працэнтаў.


Як даведалася Еўрарадыё, з-за нізкіх заробкаў кіроўцы збягаюць працаваць за мяжу. За месяц у Мінску сышлі з працы... 100 кіроўцаў.


"Таму што мы ў першую чаргу павінны купіць паліва, шыны, каб аўтобус рухаўся. А потым, калі застанецца нешта, аддаем на заробак. Нічога не застаецца. Заробак не змяніўся, вадзіць няма каму. Сёння дэфіцыт падышоў ужо да 600 чалавек, месяц таму было 500", — распавядае Валерый Шкуратаў.


Еўрарадыё падлічыла, што суадносіны сярэдняга заробку і кошту на праезд у сталіцах розныя. Напрыклад, варшавянін на сярэдні заробак можа набыць 1245 талонаў, масквіч — 1720, кіеўлянін — 2614. А мінчанін, калі па цяперашнім кошце, — 2192 талончыкі. Такім чынам, даехаць на працу грамадскім транспартам мінчаніну даражэй за кіеўляніна. Але пры кошце квітка ў 2800 беларускіх рублёў, заробку хопіць толькі на 1018 талончыкаў. Гэта ўжо даражэй чым жыхару і расійскай, і украінскай, і польскай сталіц.

Мы запыталіся ў мінчан, колькі павінен каштаваць праезд і колькі яны гатовыя плаціць за яго.

111109 STR Praezd.mp3

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі