Колькі каштуе абед чыноўніка?

121123_savi4_obed1.mp3

“У міністэрстве няма сталовай!”,  — кажуць мне на вахце Міністэрства гандлю і Мінспорту. І прапаноўваюць пайсці насупраць — у Мінсельгасхарч.


Для недасведчаных людзей — уваход у сталовую міністэрства праз арку, потым праз калідоры і падсобныя памяшканні з будматэрыяламі, наверх па лесвіцы і — сталовая перад вамі.


“У нас і міністр амаль кожны дзень абедае. У асобнай зале для кіраўніцтва”, — заўважаюць у сталовай.

Прыстойна паабедаць трыма стравамі тут можна за 22 400 рублёў. У меню — пяць відаў салаты, па сярэднім кошце ў 5 тысяч рублёў, тры віды супа па сярэднім кошце ў 3,5 тысячы рублёў, гарніры за такую ж суму, а таксама тут можна замовіць шашлык са свініны за 19 тысяч рублёў і чахахбілі за 13 тысяч рублёў.


“Выходзім у Саўмін, туды ўсіх пускаюць. У нас буфет ёсць, каву можна выпіць. Заўсёды тут ядзім, нам паднадакучыла трохі, бо адно і тое ж кожны дзень. Але проста перакусіць можна”, — у Міністэрстве аховы здароўя скардзяцца на асартымент буфета.


У кавярні  “Менск”, што знаходзіцца ў будынку Міністэрства падаткаў і Міністэрства адукацыі, пускаюць усіх. Сярэдні кошт абеду тут 23-25 тысяч рублёў, калі не моцна шыкаваць і не заказваць рыбу пад сырам за 36 тысяч рублёў. 


А вось Міністэрства фінансаў мае кавярню з адпаведнай назвай — “Манетны двор”. Сярэдні абед тут з супа, бульбянога пюрэ, мясной адбіўной, а таксама сока абыйдзецца ў 30 тысяч рублёў.


“Чаю і кавы ў нас няма. Сок, калі ласка, 2,5 тысячы рублёў шклянка”, — расказваюць Еўрарадыё ў сталовай Мінфіна.


Танней за ўсіх харчуюцца супрацоўнікі Мінгарвыканкама. Кошты — як і ў суседняй сталовай БДУ. Тая ж запечаная рыба з грыбамі каштуе толькі 22 тысячы рублёў, бульбяное пюрэ — не 3,5,а 1,5 тысячы, і ананасавы сок танней на тысячу, чым у падаткавікоў. Да ўсяго ж там свая выпечка, па коштах 1300-1700 рублёў.


Супрацоўнікам Міністэрства статыстыкі і Міністэрства прамысловасці паабедаць ва ўстанове няма дзе.

Міністэрства прамысловасці ходзіць у кавярню “Вавёрачка” ці ячшэ куды. А вось Мінстатыстыкі ідзе на абед у суседні “Наргас”.

Дык вось адкуль сярэдні абед, паводле звестак Белстата, каштуе каля 13 тысяч рублёў?!. Паабедаць у "Наргасе", калі няма грошай, каштуе крыху больш — 15 000 рублёў.


“Калі браць самае таннае, кампот нейкі, кашу, суп малочны, дык можна паабедаць і за 15 000 рублёў”, — пацвярджаюць у сталовай універсітэта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі