Колькі беларусы будуць плаціць за газ у наступным годзе?

111123 Nasta Gaz.mp3

“Газпрам” знізіць цану на газ для Беларусі, а Беларусь у сваю чаргу падніме яе для насельніцтва. Гэта становіцца зразумелым, калі мы пералічым, колькі плацім за газ сёння.


Як падлічыла Еўрарадыё, за тысячу кубаметраў паліва беларусы сёння плацяць усяго 107 долараў, у той час, калі “Белтрансгаз” купляе яго ў “Газпрама” за 250!


Газпром запатрабаваў ад “Белтрансгазу” не працаваць ва ўбытак, а зарабляць. Гэта азначае, што цана для насельніцтва не спыніцца нават на 150 доларах (па такой цане “Газпром” абяцае прадаваць газ для Беларусі ў 2012 годзе).


За адзін кубаметр газу сёння беларусы плацяць 933,6 рублёў. Пасля нескладаных падлікаў атрымліваем, што сёння за тысячу кубаметраў газу мы плацім 107 долараў. На 143 (!) долары менш, чым краіна!


“Насельніцтва аплачвае газ ў летні перыяд на 50,4%, а ў зімовы – усяго толькі 16,6%”, – такую інфармацыю дае “Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка”.


Цікава, што амаль заўсёды было наадварот! У 2008 годзе пасля чарговага павышэння цэн на газ, насельніцтва пачало плаціць ажно 214 долараў за тысячу кубоў! У той час, як краіна на той момант купляла расійскі газ па 119 долараў.


Яшчэ за год да гэтага, у 2007 годзе, газ насельніцтву абыходзіўся ў 112 долараў. Сёння ж – 107! Нават пяць год таму мы плацілі за газ на 5 долараў меней!


Надбаўка “Белтрансгаза” пры продажы газа на ўнутраным рынку Беларусі да цаны імпарту мусіць скласці 15 долараў за тысячу кубаметраў, паведамляе “Коммерсантъ”.


Наколькі ў такім разе падаражэе газ для насельніцтва?


Сістэму разлікаў тлумачыць Еўрарадыё эканаміст Алена Ракава: “Гэта вельмі складаная і заблытаная схема. “Белтрансгаз” плаціць падаткі, пасля “Белтрансгаз” прадае газ “Белтопгазу”. “Белтопгаз” таксама мае выдаткі. Яму трэба абслугоўваць усе трубаправоды, ён плаціць падаткі”.


Калі ў наступным годзе Беларусь будзе плаціць 165 долараў за тысячу кубаметраў газу, то “Белтопгпзу” паліва пойдзе з надбаўкай 15 долараў – гэта 180 долараў. Насельніцтву ж газ прададуць яшчэ даражэй.


Па падліках Еўрарадыё, калі Беларусь пойдзе на патрабаванні “Газпрама” і павялічыць цану для насельніцтва, то за кожную тысячу кубаметраў газу нам давядзецца плаціць мінімум на 73 долары больш (180-107). Такім чынам з 933 рублёў за кубаметр газу цана можа ўзрасці да 1,5 тысяч.


У еўрапейскіх краінах, калі насельніцтва плаціць за газ больш, чым краіна – нармальная практыка, кажа Алена Ракава. Але для беларусаў гэта можа аказацца крытычным.


Фактычна, па цане 165 долараў за тысячу кубаметраў “Газпрам” будзе прадаваць сам сабе, паколькі да канца года ён стане ўласнікам 100% акцый “Белтрансгаза”. Зарабляць “Газпрам” будзе на далейшым продажы газа “Белтопгазу” і канчатковаму спажыўцу.


Самі беларусы наконт падвышэння цэн на газ толькі жартуюць. Еўрарадыё спытала мінчукоў на вуліцы, што б яны аддалі Расіі за газ:

-    Грошы, колькі ён каштуе, столькі і аддалі б.
-    У мяне дома электрапліта, таму мне ад Расіі газ не патрэбны.
-    Лес які-небудзь, торф…
-    Сабачку ці канарэйку сваю любімую.
-    Магілёўскую вобласць…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі