Клінаў: NRM сабраў бы на плошчу больш людзей, чым апазіцыя

26 кастрычніка ў
Варшаве распачалася канферэнцыя “Стан грамадзянскай супольнасці ў Беларусі”.
Цікавая дыскусія завязалася пасля заявы Артура Клінава, які лічыць, што за
апошнія гады культура аказала большы ўплыў на беларускае грамадства, чым
палітыкі.

Артур Клінаў: “Напрыклад, праект АРХЕ зрабіў для
змены беларусаў у еўрапейскую нацыю, мабыць, больш, чым многія палітычныя
партыі. Думаю, што калі NRM заклікае выйсці на плошчу, то выйдзе значна больш,
чым калі закліча хто-небудзь з нашых палітыкаў. Ці зараз вось праект апошніх
двух гадоў – галерэя "Ў”.

Яшчэ эксперт
прыводзіць у прыклад літаратуру і кажа, што цяпер беларуская кніга тысячным
накладам разлятаецца за паўгода. Раней і 500 кніжак прадаць было складана.

Тым часам
культуролаг Максім Жбанкоў не пагаджаецца са сваім калегам у тым, што
беларуская культура квітнее.

Максім Жбанкоў: “Мне падаецца, што ў першых радках
вашага паведамлення прагучала нейкая натхняльная пазітыўная рамантычная, не
маючая нічога агульнага з рэчаіснасцю прэамбула. Ок –
NRM, ОК – Архе, ОК –
Галерэя "Ў". А вас не бянтэжыць, што на ўсю краіну на працягу ўсіх гэтых гадоў
адзін часопіс АРХЕ? Ці можна гэта ўсё лічыць перамогай?”

Палітолагу Андрэю
Ягораву падаецца, што беларуская культурная прастора ператвараецца ў маргіналізаваную,
і зноў жа, падобную на гета.

У сваю чаргу,
мастак Андрэй Дурэйка, які ўжо шмат гадоў жыве ў эміграцыі, падтрымлівае Артура
Клінава. І гаворыць пра культурны прарыў. Беларускія мастакі ўдзельнічаюць у
адных выставах і форумах разам з еўрапейцамі, вучацца ў тых жа ўніверсітэтах, і
тым самым інтэгруюцца ў еўрапейскае грамадства. Праўда, іншы бок такой
інтэграцыі – ад’езд з Беларусі таленавітых людзей.

Андрэй Дурэйка: “Па маіх падліках, больш за 10
адсоткаў мастакоў пакінулі краіну, калі браць афіцыйную лічбу членаў афіцыйнага
саюза мастакоў у 2 тысячы”.

Адназначнага ж
адказу на пытанне: “Прарыў альбо гета беларускай культуры” цягам двух гадзінаў
так і не прагучала. Можа, з-за гэтага абурыўся філосаф Уладзімір Мацкевіч і даў
сваю адзнаку пачутаму.

Уладзімір Мацкевіч: “Мне вельмі не
падабаецца ход усёй гэтай размовы. І рытарычныя пытанні, і рытарычныя адказы.
Гэта вельмі характарызуе стан нашай супольнасці. І тады я гляджу на тое, што мы
зараз сабой рэпрэзентуем беларускую грамадзянскую супольнасць. І вось гэтай
супольнасці трэба дапамагаць? Гнаць трэба!”

Новости других медиа
Loading...