“Кліч Радзімы” — сабраць 20 сотак буракоў!

110927 Martin kambainy.mp3

Пытаюся ў гаспадарцы “Юдзіцына”, што на Шаркаўшчыне, а ці не супраць у іх працаваць людзі, якія не з калгаса?

“Ха, не супраць… Іх прымушаюць. Мы дамаўляемся, плацім, не проста так. Сваім даем натуральны прадукт. Працавалі ў нас беспрацоўныя — атрымалі па 30 тысяч на рукі”.


На палях калгаса “Юдзіцына” сёлета папрацавалі журналісты з газеты “Кліч Радзімы”. Прыбіралі 20 сотак буракоў. У калгасе гавораць, што замяніць працоўныя рукі тэхнікай не могуць. Маўляў, цукровыя буракі яшчэ прыбіраць тэхнікай можна, а вось кармавыя — не:

“Палову ўгробіш, калі будзеш механізавана прыбіраць. Ва ўсялякім разе ў нас няма такой тэхнікі”.


“Кліч Радзімы” працаваў на бураках чатыры дні. Пытаемся ў журналістаў пра працоўныя перамогі.

Еўрарадыё: А як вы газету выдавалі?

"Кліч радзімы": "Спраўляліся. Не працавалі толькі тыя, хто быў у адпачынку. Дзялянка ў нас свая была".

У калгасе імя Неўскага, што на Бабруйшчыне, ураджай дапамагалі збіраць школьнікі, вучні шостага класу. Бо сваіх рук у гаспадарцы не хапае.

Супрацоўнік калгаса: "Школьнікі дапамагаюць часам, а так асабліва ніхто. Перабіраць бульбу возім беспрацоўных. І 30 чалавек часам".

Еўрарадыё: Я так разумею, не бясплатна. А колькі зарабіць можна?


Супрацоўнікі калгаса: "25 тысяч, меней за 23 не бывае ў дзень".

Школьнікі працуюць не замест камбайна — яны прыбіраюць за ім бульбу.

Камбайн для ўборкі буракоў Halmer будзе каштаваць ад 30 да 50 тысяч еўра. Пры ўмове, што ён не новы. У гаспадарцы “Гарадзея” Нясвіжскага раёну карыстаюцца менавіта такім камбайнам. Ён прыбірае 20 гектараў буракоў за дзень, ці тысячу тон.

А чалавек можа прыбраць толькі дзве тоны за дзень, гавораць у “Гарадзеі”. То бок камбайн могуць замяніць 500 (!) чалавек. Калі кожнаму ў дзень плаціць па 30 тысяч — выйдзе 15 мільёнаў. А гэта куды больше эканамічна, чым камбайн за 50 тысяч еўра, які акупляецца толькі праз пяць гадоў.

Таму кліч Радзімы пачуюць не толькі журналісты….

Фота: blogs.privet.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі