Кітайскія легкавушкі беларускай зборкі пачнуць прадаваць ужо ў лютым

130128_martin_avto.mp3

Беларуская кампанія “БелДжы”, якая робіць беларуска-кітайскія машыны Geely, плануе пачаць іх продаж ужо ў лютым. Кошт аднаго аўтамабіля — каля 13 тысяч долараў, гавораць у “БелДжы”:

“Машыны будуць прадавацца, калі будзе атрыманая сертыфікацыя на вытворчасць. Будзе салон у Мінску, да канца года з’явяцца салоны і ў рэгіёнах. Дзесьці з лютага, мяркую, пачнём продаж”, — кажуць у кампаніі і абяцаюць, што сертыфікат на вытворчасць атрымаюць “вось-вось”.

Але нават у кампаніі-вытворцы заўважаюць, што кітайскі аўтамабіль падобны да Mercedes і Toyota.

“Можа, яна і знешне нагадвае нейкія машыны, але знутры яна іншая. Яна выглядае прадстаўніча, на ёй можна ездзіць як на важныя сустрэчы, так і на лецішча. У яе высокая падвеска”,   гавораць у кампаніі.

Але Geely будзе не адзінай кітайска-беларускай машынай. Прадпрыемства Unison ужо анансавала на сваім сайце выхад у продаж кітайскай мадэлі ZOTYE Z300. 

Аўтамабільны эксперт Дзмітрый Навіцкі прапануе для Беларусі збіраць еўрапейскія ці японскія маркі, а не іранскія і кітайскія:

“І Geely, і Zotye — гэта сярэдні кітайскі ўзровень. Гэта лепш за расійскія "Лады", але горш за еўрапейскія ці японскія. Я за тое, каб у нас збіралі Volkswagen і Mercedes — машыны добрых вытворцаў, у якіх ёсць чаму павучыцца”, — прапануе эксперт і прыводзіць прыклад Расіі, дзе ўжо пачалі збіраць еўрапейскія машыны, на якія стаяць чэргі.

“У Калузе збіраюць Volkswagen. Там пабудавалі ўніверсітэт і завязалі добрыя адносіны з універсітэтам, там адкрылі кафедру машынабудаўніцтва. А завод Renault у Маскве працуе ў тры змены, бо ўтварылася чарга з пакупнікоў”, — гаворыць Дзмітрый Навіцкі.

Паводле яго падлікаў, за кошт новых кітайскіх аўто можна набыць добры еўрапейскі ці японскі аўтамабіль трохгадовага ўзросту з прабегам у 50-60 тысяч кіламетраў.

Напрыклад, Opel Astra ці Opel Corsa. Але 13 тысяч за новую машыну, паводле эксперта, — кошт невялікі.

Фота: tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі