Карына Пачко: 100 балаў на тэсце па хіміі, 100 балаў — па біялогіі

120705 Savi4 Testy.mp3

Сапраўднай сенсацыяй уступнай кампаніі стала выпускніца з другой сярэдняй школы Новалукомля — Карына Пачко. Дзяўчына набрала па хіміі і біялогіі па 100 балаў. Як заўважае дзяўчо, гэтымі прадметамі яна раней нават не захаплялася і вырашыла здаваць іх толькі ў выпускным класе:

"Хіміяй і біялогіяй я займалася каля года, з іх прыкладна сем месяцаў з рэпетытарамі".

Карына заўважае, што школьнай праграмы для тэставання “ў прынцыпе павінна хапіць”.

"Я вельмі шмат чытала і шукала дадатковую літаратуру па гэтых прадметах, рашала тэсты папярэдніх гадоў. Але школьнай праграмы ў прынцыпе павінна быць дастаткова".

Дзяўчына з амаль максімальным вынікам збіраецца  паступаць у Медыцынскі ўніверсітэт і ўжо не турбуецца.

Каб прайсці тэставанне па гісторыі Беларусі на 100 балаў, выпускніца з сярэдняй школы № 1 Навагрудка Наталля Гірыс займалася з рэпетытарам, а па сумяшчальніцтве яе школьным настаўнікам, два гады:

"Я цікаўлюся гісторыяй даўно, у атэстаце па гісторыі Беларусі 10 балаў. Але я не была ўпэўненая, што атрымаю 100 балаў — разлічвала дзесьці на балаў 90", — распавядае Наталля.

Каб набраць 100 балаў па матэматыцы, досыць... захапляцца гэтым прадметам. Баранавіцкі выпускнік Андрэй Собаль — адзін з 46 чалавек, што набралі найвышэйшы вынік. Ніякай цяжкай артылерыі накшталт рэпетытара або дадатковых курсаў, свой вынік ён лічыць "лёгкай здабычай".

"Я і ішоў на тэставанне дзеля гэтага выніку, — нечакана гаворыць Андрэй. — Матэматыкай я займаўся з дзяцінства, шмат рашаў задач, у тым ліку і нейкія дадатковыя зборнікі — мая настаўніца ў гімназіі давала матэрыялы. Але мэтанакіравана не займаўся. Толькі дзякуючы добраму настаўніку і руплівасці атрымаў 100 балаў”.

Пры гэтым выпускнік заўважае, што нічога звышнатуральнага для яго ў тэставанні па матэматыцы не было.

Фізіку абітурыенты традыцыйна здаюць дрэнна, і гэтак жа традыцыйна на 100 балаў рэдка каму ўдаецца яе напісаць. У гэтым годзе двое здолелі. Выпускнік ліцэя Лунінца Максім Антановіч кажа, што гэта настаўнікі навучылі яго "адчуваць прадмет".

"Фізіка — гэта ж не толькі формулы! Трэба ж адчуваць фізіку, яе з'явы — гэтаму мяне навучылі настаўнікі. У душы я быў упэўнены, што напішу тэст на 100 балаў", — не сумняваецца Максім.

Сем выпускнікоў у краіне ведаюць родную мову на 100 балаў. Бабруйчанка Таццяна Балдоўская атрымала свой найлепшы вынік без рэпетытараў і дадатковых заняткаў.

"Шмат гадоў ездзіла на алімпіяды па беларускай мове, падабаецца мова вельмі, вучыла шмат гадоў", — кажа Таццяна на... чыстай рускай мове.

Гаварыць на па-беларуску дома яна не спрабуе, беларускамоўныя кніжкі чытае толькі ў межах школьнай праграмы:


"У паўсядзённым жыцці няма з кім гаварыць на "мове" — дома бацькі, школа рускамоўная".

І такое здараецца...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі