Карпаратывы: ад “Океана Ельзи” да самадзейнасці

Пад свой “карпаратыўчык” EPAM Systems арандуе… “Мінск-арэну”. Летась навагодні настрой праграмістам уздымалі сапраўдныя зоркі.


EPAM Systems: “Летась да нас прыязджалі "Zdob si Zdub", у нас былі “Океан Ельзи”, выступаюць беларускія музыкі, джазавыя калектывы. Быў у нас “Apple Tea”, “Серебряная свадьба”.


З кім будуць сустракаць год наступны, суразмоўца Еўрарадыё не кажа. Але прызнаецца, што гэта будзе “вельмі вядомы рускамоўны выканаўца”.


А ці зможа хто ў Беларусі “перакарпаратывіць” праграмістаў з айчыннай сіліконавай даліны?


Напрыклад, кампанія “Санта-Брэмар”, якая ўзначальвае Топ-100 беларускіх брэндаў. Навагодні карпаратыў сапраўды будзе, але своеасаблівы.


Супрацоўнік аддзела маркетынга "Санта-Брэмар": “…на ініцыятыве, самадзейнасці ўнутры кампаніі. Ёсць такі парыў. Нікога з зорак не запрашалі”.


Апошні раз зорак на "Санта-Брэмар" клікалі некалькі гадоў таму, калі ў Брэст прыязджалі расійскія кампаньёны. І тады нікога з замежных выканаўцаў не было — нацыянальны каларыт стваралі айчынныя “Песняры”.


У “Мілавіцы” навагодні карпаратыў мала падобны на карпаратыў.


“Мілавіца”: “На навагоднія праграмы, што праводзяцца ў горадзе, набываем квіткі і распаўсюджваем сярод нашых супрацоўнікаў, яны туды ходзяць са сваімі сем’ямі”.


Але ў снежні “Мілавіца” адзначае Дзень фірмы. Тады і зладзяць канцэрт, на які запрашаюць як дзіцячыя калектывы, так і “не зорак, але артыстаў”.


Забаўляльная праграма карпаратыва “Белтрангаз” мяшаная: з уласнай самадзейнасці і прафесійных артыстаў. Найчасцей, кавер-бэндаў. Накшталт "No comment".


А вось у “Крыніцы” грошай на навагодні карпаратыў сёлета не знайшлося, распавядаюць Еўрарадыё ў прафкаме.


“Крыніца”: “У нас зараз цяжкае фінансавае становішча, таму не будзе ў нас сёлета ніякіх карпаратываў!”


“На расійскіх зорак грошай няма”, — скардзіцца Еўрарадыё прэс-сакратар кампаніі “Савушкін прадукт” Алена Бабкіна. Звычайна на канцэрт з нагоды прафесійнага свята малочнікі запрашаюць зорак. Беларускіх. Да прыкладу, DaVinci.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі