Журналіст Барыс Штэрн: Вайна ў Сектары Газа цягнецца ўжо 12 гадоў (фота)

121120_eurafokus.mp3

 Пад ракетамі

Барыс Штэрн: “Я ўжо некалькі дзён знаходжуся на поўдні Ізраіля. Гэта складана назваць лініяй фронта… Але ў пэўнай ступені так і ёсць. 20 лістапада ракетныя абстрэлы пачаліся ў 6:30 раніцы. Ужо больш за 5 параненых. У Бэер-Шэве, дзе я знаходжуся зараз, 3 ракеты ўпалі ў гарадской рысе…”

Журналіст Барыс Штэрн працуе на поўдні Ізраіля, дзе, не зважаючы на навіны пра перамір’е, працягваюць падаць ракеты. Канфлікт паміж ізраільцянамі і палестынцамі выбухнуў 14 лістапада, калі ізраільская ракета знішчыла аўто з кіраўніком вайсковага крыла ХАМАС Ахмедам Джабары.

 

Баевікі паабяцалі адпомсціць.

“Літаральна 10 хвілінаў таму [увечары 20 лістапада. ― Еўрарадыё] абстраляны Ашдод, там некалькі параненых. У Ашкелоне абстраляная школа. Таму, калі гэта і падобна на нешта, дык зусім не на перамір’е, ― працягвае Барыс Штэрн. ― Больш за тое: па маёй інфармацыі, ізраільская армія зараз раскідвае на Сектарам Газа ўлёткі з прапановай да мірных жыхароў пакінуць пэўныя кварталы”.

Палестынская ракета прабіла дах школы ў Ашкелоне. Ахвяраў няма толькі таму, што заняткі адмененыя.

Незаўважная вайна

Жыхары паўднёвых раёнаў Ізраіля ніколі не адчуваюць сябе ў бяспецы. Але калі звычайна за месяц адбываецца не больш за 5 абстрэлаў з палестынскай тэрыторыі, дык за апошні тыдзень па ізраільскіх гарадах было выпушчана больш за 1 тысячу ракет.

Ізраіль робіць кропкавыя авіяўдары па месцах, адкуль выпускаюцца ракеты. У нядзелю падчас аднаго з такіх налётаў быў разбураны трохпавярховы дом, у якім загінула 9 сваякоў паліцэйскага Махамеда Далу. Іх пахаванне было ператворанае палестынцамі ў сапраўдную медыйную падзею. Ці сапраўды ў двары дома была размешчаная ўсталёўка для пуску ракет?

Барыс Штэрн: “Пускавыя ўсталёўкі знаходзяцца на дахах дамоў. У пустэчах паміж дамамі. Але пустэча ― гэта не тое, што гарадскі парк. Гэта прамежак 10 на 10, і там пускавая ўсталёўка стаіць. Калі па ёй трапляе ізраільская ракета, пакутуюць усе, хто навокал… І грамадскімі аб’ектамі арабы карыстаюцца для падобных рэчаў. Стадыён разбамбілі ў Сектары Газа, бо на ім знаходзіліся пускавыя ўсталёўкі”.

 

 

 


Ці магчымы мір?

ЦАХАЛ ― так называецца ізраільская армія ― сцягвае пехоту да межаў з Палестынай і рыхтуецца да наземнай аперацыі “Воблачны слуп”. ХАМАС у адказ распаўсюджвае заяву пра 50 тысяч баевікоў і 5 тысяч тэрарыстаў-смяротнікаў. “Чакайце нас у крамах, аўтобусах і кавярнях! Не спаць! Мы прыйдзем да вас у сне, мы засумавалі па жывых бомбах!” ― гаворыцца ў відэазвароце “Брыгадаў Ізэдзіна аль-Касама”.

Непрыемная навіна для Ізралія. На фоне канфлікта заявілі пра аб’яднанне ФАТХ і ХАМАС ― ісламісцкія групоўкі, што кантралююць заходні бераг ракі Іардан і Сектар Газа. Што праўда, Барыс Штэрн мяркуе, што нічога вартага з гэтай ідэі не атрымаецца:

Барыс Штэрн: “Гэтыя дзве групоўкі ― настолькі розныя, што незразумела, каго яны больш не любяць: габрэяў ці адно аднаго”.

Прэзідэнт Егіпта, які пасярэднічае на перамовах паміж Ізраілем і палестынцамі, заяўляе, што перамір’е ў рэгіёне мусіць усталявацца ўночы на 20 лістапада. Але Ізраіль і "Хамас" адкладаюць спыненне агню.

 

Фота: Reuters, AP, Барыс Штэрн.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі