Каму не спадабаўся Пётр Машэраў на сайце Мінгарвыканкама?

Цягам бліжэйшых 5 гадоў у Мінску можа з’явіцца адразу 8 новых помнікаў.

 

 

Іх праекты выклаў на сваім сайце Мінгарвыканкам. А побач змясціў галасаванне наконт таго, хто варты помніка ў Мінску.

“Галасаванне мела рэкамендацыйны характар. Мы цікавіліся меркаваннем мінчан, — распавядаюць Еўрарадыё ва ўпраўленні ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама. — А ўжо якім будзе рашэнне камісіі, трэба пасля пытацца ва ўпраўленні культуры”.

Галасаванне скончылася ў пятніцу, 20 студзеня. У выходныя лінк на старонку з апытанкай знік з сайта Мінгарвыканкама. Вось вынікі галасавання:

 

 

Як бачна, перамогу ў ім святкуе помнік 1000-годдзю беларускай дзяржаўнасці. Але шмат у каго вынікі апытання выклікаюць сумневы.

З першых дзён лідарства захоплівае Пётр Машэраў. За тыдзень за яго галасуе 100 чалавек. Пераследвальнікі набіраюць ад 20 да 60 галасоў.

За тры месяцы змяняюцца, хіба што, лічбы. Помнік Машэраву працягвае ўпэўнена трымацца наперадзе. За ім, з адставаннем прыкладна ў 400 галасоў, месціцца помнік 1000-годдзю беларускай дзяржаўнасці: 5800 галасоў супраць 6200.

А далей пачынаецца незразумелае. 19 студзеня а 7-й увечары колькасць галасоў за помнік дзяржаўнасці рэзка пайшла ўгару.

“…і ніводнага голасу за іншыя варыянты, — скардзяцца слухачы Еўрарадыё. — І за 10 хвілінаў ён [помнік 1000-годдзю беларускай дзяржаўнасці. — Заўв. Еўрарадыё] абышоў помнік Машэраву. Няўжо ўся тысяча галасоў за 10 хвілінаў была за адзін варыянт??? Я вывучаў тэорыю верагоднасці ва ўніверсітэце — гэта немагчыма!”

Апоўначы колькасць галасоў за помнік 1000-годдзю беларускай дзяржаўнасці пераваліла за 10 тысяч. За Машэрава тым часам прагаласавала ўсяго некалькі чалавек!

 

19 студзеня 2012 года, 21:00.

19 студзеня 2012 года, 23:00.


Такім чынам, за 5 гадзінаў помнік 1000-годдзю беларускай дзяржаўнасці атрымлівае 5 тысяч галасоў. Гэта 25% ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў за 3 месяцы.

 

 

Згодна са статыстыкай з сайта “Акавіта”, 19 студзеня на сайт Мінгарвыканкама агулам зайшло 3853 чалавекі! Атрымліваецца, менавіта ў гэты дзень кожны другі наведвальнік сайта з’яўляецца на старонцы галасавання. І амаль усе гэтыя людзі галасуюць за адзін і той жа помнік!

“Ну, тут я нічога не магу сказаць. Маніторынгу па гадзінах мы не вялі. Але агульная колькасць галасоў цалкам прымальная, там нічога такога няма”, — разводзяць рукамі ў Цэнтры інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама. І прызнаюцца, што “накруціць” галасы ў гэтым апытанні было магчыма. Але не ў такім маштабе:

“Напрыклад, з розных браўзераў можна прагаласаваць, калі на камп’ютары ўсталяваныя два браўзеры. Ці з розных камп’ютараў прагаласаваць можна”.

Калі выдаліць 5 тысяч галасоў, пра “накрутку” якіх кажуць слухачы Еўрарадыё, атрымаецца, што перамог у галасаванні помнік Пятру Машэраву. Хто пакрыўдзіў 1-га сакратара ЦК кампартыі БССР? Каму спатрэбілася, каб мінчанам быў больш даспадобы помнік 1000-годдзю беларускай дзяржаўнасці? Загадка.

 

Дапоўнена

Зайшоўшы на старонку галасавання 25 студзеня, Еўрарадыё са здзіўленнем пабачыла зусім іншыя вынікі абмеркавання будучых мінскіх помнікаў. У іх Пётр Машэраў перамагае з вялікім адрывам:

 

Фота: сайт "Герои страны".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі