“Калі па паняццях — будаваць нельга, але па законе — усё правільна”

Жыльцы сталічнага дома каля выканкама Маскоўскага раёна пратэстуюць супраць будаўніцтва паркінга пад сваімі вокнамі. Паводле плану, 16-павярховы офісны будынак з чатырохузроўневым паркінгам мусіць “ушчаміцца” паміж чыгункай і самой адміністрацыяй раёна, на самым пачатку праспекта Дзяржынскага. Абураныя жыльцы сустрэліся з забудоўшчыкамі і чыноўнікамі.


“Вось ваш дом намаляваны, — тлумачыць напалоханым жыхарам гендырэктар фірмы-забудоўшчыка, былы кіраўнік апарата Саўміна Аляксандр Селязнёў. — А вось паркінг. Шэсць метраў атрымліваецца ад сцяны вашага дома да падземнай часткі паркінга, і 12 — да надземнай часткі. Паверх гэты надземны — на 3 метры вышэй за зямлю, але сонца ён вам не закрые!”

 


Але не толькі сонца хвалюе жыльцоў бліжэйшага да будоўлі дома. Побач — чыгунка і перапоўнены машынамі праспект Дзяржынскага. Людзі і так скардзяцца на тое, што няма чым дыхаць. А што будзе, калі пад вокнамі размесціцца паркінг на 180 машын? Гэтае пытанне яны адрасуюць аўтару праекту офіс-цэнтра Аляксандру Цэйтліну.

“Шкодныя выкіды разлічваліся ад гэтай колькасці аўтамабіляў. Разлічваецца гэта ўсё паводле нормаў выхлапу з кожнага аўтамабіля”, — тлумачыць ён.

“А калі дадаць сюды праспект, чыгунку, ды яшчэ і ўлетку?” — пацікавіліся ў Цэйтліна.

Аляксандр Цэйтлін: “А ніяк — тады пераязджайце ў горад Маладзечна жыць! Так, я з вамі згодны — тым, хто жыве на першым паверсе, бачыць вось тут за акном гэтую сцяну непрыемна. Але давайце падзелім эмоцыі і нормы — ёсць закон. І мы альбо па законе, альбо — па паняццях. Калі па паняццях, то гэтага тут быць не павінна, але калі па нормах — тут усё правільна!Цэйтлін:Калі па паняццях, то гэтага тут быць не павінна, але калі па нормах — тут усё правільна!

 



Ніякіх парушэнняў, паводле іх словаў, пры праектаванні офіснага будынка з паркінгам не знайшлі ні Мінпрыроды, ні Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, ні экалагічныя, ні зямельныя службы. У гэтым упэўніваюць жыхароў прадстаўнікі пералічаных устаноў. Людзі вырашылі падысці з іншага боку.

“Калі пабудуюць паркінг — пацерпяць усе, — папярэджвае суседзяў жанчына сталага ўзросту. — Сёння вы, спадары дзяржаўныя служачыя, проста залезлі нам у кішэню. Калі я ўлетку спрабавала прадаць сваю кватэру, мне за яе давалі 60 тысяч долараў — то зараз мне і 50 за яе ніхто не дае!”

 



Жанчын актыўна падтрымалі ўсе без выключэння жыльцы дома. А адзін з іх не выключыў, што людзі звернуцца ў суд з іскам да будаўнікоў у 4 мільёны долараў!

Гэта пры ўмове, калі дасягнуць паразумення не ўдасца і фірма будзе настойваць на захаванні паркінга на тым самым месцы.

Праўда, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Сяргей Радаман паспрабаваў абудзіць у людзях пачуццё патрыятызму да свайго горада: маўляў, Мінск заключыў з кампаніяй інвестыцыйнае пагадненне і адмовіцца ад яго ніяк не можа — валюта вельмі патрэбная.



У выніку кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Яўген Воўна папрасіў час на пошук рашэння.

Яўген Воўна: “Дайце нам два тыдні — мы прапрацуем пытанне размяшчэння гэтага паркінга альбо праз дарогу, альбо недзе збоку. Будзем шукаць разумнае рашэнне, каб яно было прымальным”.

Але калі нават гэтая праблема будзе вырашана, звяртае ўвагу мясцовая жыхарка Тамара Спіжарная, то перанос паркінга не верне тыя дубы і бярозы, якія будаўнікі ўжо знішчылі, рыхтуючы пляцоўку.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі