Каб правесці фінал Лігі Еўропы, на “Дынама” трэба памяняць нават табло

110811 Zybluk Dynama.mp3

Выканкам Беларускай федэрацыі футбола рыхтуе заяўку на правядзенне фіналу Лігі Еўропы 2015 ці 2016 года ў Мінску.

Еўрарадыё даведалася, што фінал плануецца на мінскім стадыёне “Дынама”. Цікава, што галоўны трэнер зборнай Беларусі Бернд Штанге называў стадыён катастрофай.

Прэс-сакратар федэрацыі футбола Андрэй Чэпа кажа, што пакуль прынятае рашэнне толькі аб падачы заяўкі, а падрабязнасці будуць вызначаныя пазней. На думку Чэпы, Мінск мае добрыя шансы на прыняцце заяўкі.

“Ва УЕФА зараз такая палітыка, што пажадана праводзіць фінал Лігі Еўропы ў гарадах, у якіх раней не праводзіліся фіналы. То бок мы маем добры шанс на правядзенне. Адзінае, што “Дынама” павінен прымаць Іспанію і Францыю ў наступным годзе, каб потым застаўся час на рэканструкцыю. Усё будзе ў сціснутыя тэрміны”.

Беларуская федэрацыя плануе падаць заяўку ў гэтым годзе. А калі пачнецца сама рэканструкцыя, пакуль невядома. Як даведалася Еўрарадыё, на дадзены момант не вызначаны ні праект рэканструкцыі, ні інвестар. Хаця, спачатку планавалася, што рэканструкцыя стадыёна скончыцца ў 2014 годзе.

На думку дырэктара стадыёна “Дынама” Уладзіміра Вільчынскага, падчас чэмпіянату свету па хакеі у Беларусі збярэцца шмат спартовых функцыянераў, якія будуць вывучаць спартовую базу краіны.

“Я не магу адказаць на пытанне, паспеюць правесці рэканструкцыю ці не. Мы планавалі зрабіць рэканструкцыю да 2014 года. На сённяшні дзень маем тое, што маем. Да 2015 года можа нешта памяняецца”.

Сам Вільчынскі лічыць, што наш стадыён заслужыў правядзенне такога адказнага матча. На яго думку, у Мінск прыехала б шмат заўзятараў з Еўропы. Але каб усё гэта адбылося, трэба прывесці стадыён у належны стан.

“У цяперашнім стане ні пра які фінал гаворкі не ідзе. Усё абсталяванне патрабуе замены, пачынаючы з табло, святла, гуку, трыбун, газона і гэтак далей. Стадыён маральна і фізічна састарэў. Яго трэба перарабляць цалкам, казаць пра нешта асобнае не выпадае”.

Тым часам Мінгарвыканкам ужо трэці месяц шукае замежнага інвестара для рэканструкцыі стадыёна “Дынама”. Як паведаміў Еўрарадыё намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінгарвыканкама Ігар Лашын, на дадзены момант ёсць шэсць заявак.

“Сярод іх інвестары з Кітая, Чэхіі, Італіі, Венгрыі, Францыі. Магчыма, з’явіцца нехта яшчэ. Завяршэнне конкурсу плануецца ў верасні, але хутчэй за ўсё ён будзе працягнуты да лістапада: не хопіць часу інвестарам, каб падрыхтаваць прапановы”.

Ужо ў снежні пачнуцца першыя працы на стадыёне. Па словах Лашына, рэканструкцыя павінна завяршыцца ў 2014 годзе, як і аб’яўлялася раней.

Фота: minskfoto.na.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі