“Известия”: Расія і Беларусь на парозе новай энергетычнай вайны

Выданню “Известия” паведамілі ў Мінэнерга Расіі, што Беларусь не вяртае бензін, зроблены з расійскай нафты. Паліва прадаюць на Захад пад выглядам растваральнікаў. А таму Расія мае намер часткова кампенсаваць шкоду бюджэту, прычыненую бяспошлінным экспартам Беларуссю расійскіх нафтапрадуктаў на Захад. Яе ацэньваюць у мільярд долараў. Расія настойвае на выкананні Беларуссю раней зацверджанага плана, які прадугледжвае пастаўкі да канца 2012 года на расійскі рынак 2,1 мільёнаў тон бензіну і 3,5 мільёнаў тон дызпаліва, зробленых з расійскай нафты на беларускіх НПЗ. Паводле версіі расійскага боку, Беларусь выканала свой план паставак толькі на 2%.

 

Беларусі такія пастаўкі пагражаюць стратамі ў дзесяткі мільёнаў долараў. Расійскую нафту “Белнафтахім” купляе па кошце, які перавышае ўнутрыраскі, а нафтапрадукты павінен будзе прадаваць, калі да гэтага дойдзе, па нізкіх расійскіх цэнах.

 

На думку эканаміста Сяргея Чалага, паведамленні ў расійскіх СМІ маюць пад сабой хутчэй палітычную аснову, чым эканамічную. Эксперт гаворыць, што расійскія ўлады павінны ў першую чаргу разабрацца з расійскімі кампаніямі, якія прадавалі Беларусі нафту па падазроных схемах.

 

“Хай з іх пытаюць, чаму яны не туды нешта гналі. Ды і пастаўкі на ўнутраны рынак былі. Праблем няма ніякіх. Гэта ўжо нейкая ерунда пачалася пасля закрыцця схем з растваральнікамі. Расіянам усё мала, маўляў, давайце яшчэ да нечага прычэпімся”.

 

Нагадаем, што ў адпаведнасці з пакетам пагадненняў аб Мытным саюзе, Расія з 2011 года пастаўляе ў Беларусь нафту бяспошлінна. Кошт нафты вызначаецца кампаніямі па формуле на аснове роўнапрыбытковасці: пастаўкі нафты ў Беларусь для расійскіх кампаній павінны быць роўнапрыбытковымі экспарту нафтапрадуктаў пры яе перапрацоўцы ўнутры Расіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі