Іосуб: дзяржава будзе абараняць правы дробных акцыянераў вельмі дзіўна

Правы дробных акцыянераў беларускіх прадпрыемстваў будуць абароненыя на заканадаўчым узроўні. Адпаведны законапраект быў распрацаваны адразу пасля нацыяналізацыі кандытарскіх фабрык “Камунарка” і “Спартак”. Вось толькі сродак абароны распрацоўшчыкі законапраекта прапаноўваюць досыць дзіўны, кажа афіцыйны партнёр “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб:

“На прадпрыемстве інтарэсы мінарытарных (дробных. Еўрарадыё) будзе абараняць прадстаўнік дзяржавы. Акцыянер зацікаўлены ў павелічэнні дывідэндаў і ў росце курсавога кошта акцый, а дзяржава — у тым, каб прадпрыемства заплаціла як мага больш падаткаў. Інтарэсы супрацьлеглыя і таму як прадстаўнік дзяржавы будзе адстойваць інтарэсы мінарытарных акцыянераў — гэта вельмі цікавае пытанне”.

Яшчэ адно цікавае пытанне ў тым, што прадстаўнік дзяржавы будзе “бараніць” інтарэсы дробных акцыянераў без іх на тое дазволу. І калі, да прыкладу, такі акцыянер чамусьці не прысутнічае на агульным сходзе акцыянераў, то аўтаматычна будзе лічыцца, што яны свой голас перадалі прадстаўніку дзяржавы.

На думку Іосуба, такая “абарона” дробных акцыянераў дрэнна паўплывае на і так не вельмі добры інвестыцыйны клімат у Беларусі.

Калі згаданы законапраект будуць разглядаць дэпутаты парламента, невядома.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі