Хто зробіць брэнд для Гродна?

Каардынацыйная рада з гісторыкаў, прадстаўнікоў турызму і культуры Гродна разважаюць, каму аддаць распрацоўваць брэнд горада.

“Першы брэнд, які быў традыцыйны, — “Гродна — горад-музей”. Але прыязджала да нас камісія з Еўропы і заўважылі, што тэндэнцыя цяпер іншая. І гэты брэнд у моладзі будзе асацыявацца з пылам і са старасцю. І пачалі з’яўляцца альтэрнатывы: Гродна — гістарычны, Гродна — малады. Бо цяпер моладзь падарожнічае шмат”, — тлумачаць у гродзенскім гарвыканкаме.

Тут сочаць за стварэннем мінскага брэнда і заўважаюць… той абышоўся дарагавата!

“Там вялікія грошы. Мы думаем, як нам гэта вырашыць. Таксама будзем кагосьці запрашаць да распрацоўкі брэнда, але яшчэ не вырашылі, хто гэта добра ўмее”, — тлумачаць Еўрарадыё ў гарвыканкаме. Але каму замовіць брэнд, сваім ці замежнікам, а таксама, якім будзе бюджэт, тут пакуль не вызначылі.

Акрамя таго, у гарвыканкаме абяцаюць правесці грамадскія слуханні, каб вызначыцца з брэндам.

У кампаніі Instid, якая прапануе для Мінска бела-блакітны патэрн, пра Гродна ўжо ведаюць. І супакойваюць наконт коштаў: у Гродна ўжо ёсць свая ідэнтычнасць, таму будзе прасцей.

“Мінск — складаны выпадак, бо не было сваёй ідэнтычнасці, свайго канкрэтнага твару. У Гродна больш вызначаецца ідэнтычнасць. Больш еўрапейскасці, барочная архітэктура. З Гродна адназначна лягчэй”, — расказвае Наташа Гранд з кампаніі Instid. У Гродна яна была.

Візуальны стыль для Мінска ад кампаніі Instid

Брэнд Гродна мусіць быць “гістарычным” адразу гаворыць гісторык і краязнавец Андрэй Вашкевіч. Бо гэты горад найбольш захаваўся ў Беларусі.

Андрэй Вашкевіч: “Трэба максімальна абапірацца на гісторыю горада. Бо, як паказвае прыклад Мінска, можа атрымацца нешта не зусім зразумелае. Запрашаць нейкія кампаніі… не ведаю… нібы мы самі не можам зрабіць. Бо самамэта — папулярызацыя горада. Мы ж лепш ведаем, чым мы можам прыцягнуць да сябе ўвагу. Колькі даводзілася бачыць на прыкладзе польскіх гарадоў. Дзесьці ён удалы, як ва Уроцлаве, дзесьці не, як у Познані”.

Найлепшы варыянт паводле Андрэя — даць магчымасць мясцовым творцам зрабіць ненавязлівы варыянт стылю горада. Яго асацыяцыя з Гродна — горад беларушчыны, гісторыі і каралёў.

Нагадаем, Мінску стварэнне бела-блакітнага патэрна каштавала 300 мільёнаў рублёў. Ці прымаць прапанаваны брытанскай кампаніяй варыянт, вырашыць грамадская рада і ўлады гораду.


Стваральнікі брэнда: У 2050-м бела-блакітныя палосы будуць візіткай Мінска

Фота: belarus.by (Бернардзінскі касцёл у Гродне)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі