Хто мілейшы Еўрасаюзу: Беларусь ці Украіна?

Еўрасаюз і Украіна могуць падпісаць дамову аб асацыяцыі ў лістападзе гэтага года на віленскім саміце “Усходняга партнёрства”. Пра гэта еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле заявіў падчас нядаўняга візіту ў Кіеў. Гэта двухбаковае пагадненне будзе спрыяць пашырэнню палітычных, гандлёвых і культурных сувязяў Украіны з аб’яднанай Еўропай. Такая дамова можа адкрыць паўднёвай суседцы Беларусі доступ да еўрапейскіх рынкаў, а таксама дазволіць атрымаць фінансавую і тэхнічную дапамогу ад ЕС. 

Еўрачыноўнікі ў пэўным сэнсе падганяюць Украіну з падпісаннем дамовы аб асацыяцыі. У бліжэйшыя гады ЕС будзе засяроджвацца на зусім іншых праблемах, кажа ўкраінскі палітолаг Вадзім Карасёў.


Вадзім Карасёў: “Еўрапейскія кіраўнікі канцэнтруюць сваю ўвагу на тым, што ва Украіны ёсць шанец падпісаць гэту дамову ў 2013 годзе, бо разумеюць, што 2014, 2015, 2016 гады і для еўрапейцаў, і для Украіны будуць згублены — па-першае, выбары ў Германіі, выбары кіраўніцтва Еўракамісіі, а па-другое, выбары ва Украіне”.


Падпісанне дамовы аб асацыяцыі магчыма толькі ў выпадку, калі Украіна выканае ўсе еўрапейскія патрабаванні. А гэта і змены ў выбарчым заканадаўстве, і вызваленне палітвязняў — былога прэм’ер-міністра Юліі Цімашэнкі і былога кіраўніка МУС Юрыя Луцэнкі.

Нядаўна з’явілася інфармацыя, што Юліі Цімашэнцы пагражае пажыццёвае зняволенне за нібыта замову забойства народнага дэпутата Украіны Яўгена Шчэрбаня ў 1996 годзе. Такім чынам украінскі прэзідэнт Віктар Януковіч спрабуе дэмаралізаваць палітычных апанентаў і гарантаваць сабе ўпэўненую перамогу на будучых прэзідэнцкіх выбарах, лічаць некаторыя ўкраінскія палітычныя аглядальнікі. Усё гэта робіць перспектыву еўраінтэграцыі Украіны даволі туманнай, тлумачыць публіцыст Віталь Портнікаў.


Віталь Портнікаў: “Калі ўсе ўмовы будуць выкананы, калі спадарыня Цімашэнка і спадар Луцэнка будуць вызвалены і атрымаюць магчымасць удзельнічаць у палітычным жыцці сваёй краіны, — толькі ў гэтым выпадку еўрапейскія перспектывы Украіны выглядаюць рэалістычна. Усе іншыя трактоўкі пазіцыі ЕС з’яўляюцца нерэалістычнымі і антыеўрапейскімі”.   


І калі Еўропа не губляе надзеі на празаходні выбар украінцаў, то еўрапейская палітыка ў дачыненні да Беларусі выглядае інакш. ЕС не надта імкнецца пашыраць кантакты з беларускімі партнёрамі. Раней Брусель неаднаразова прапаноўваў беларускім уладам зрабіць крок насустрач. Мінск звычайна трактаваў гэта як умяшанне ва ўнутраныя справы. Тыя пернікі, якія дагэтуль Брусель прапаноўваў сінявокай, не ўпадабалі ў беларускіх калідорах улады. Паколькі ніводная з тактык не прынесла эфектаў, цяпер у ЕС вырашылі проста чакаць саступак з беларускага боку. У той жа час украінская палітычная эліта паспяхова супрацоўнічае з Бруселем, які ў сваю чаргу ўпэўнены, што мае ўплыў на Кіеў. Еўрапейцы на дадзены момант больш зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з Украінай, а не з Беларуссю, — лічыць палітолаг Дзяніс Мельянцоў.

Дзяніс Мельянцоў: “Ёсць аб’ектыўная прычына — Украіна больш значная, ў тым ліку і тэрытарыяльна, краіна для ЕС. Суб’ектыўная прычына, груба кажучы, — еўрапейскія палітыкі не неслі на ўкраінскім напрамку столькі іміджавых страт, колькі іх было на беларускім”.


Аднак, нягледзячы на ініцыятыўнасць ЕС, еўраінтэграцыя пакуль што з’яўляецца толькі дэкларатыўным прыярытэтам украінскіх уладаў. А еўрапейскім дыпламатам часта прыходзіцца закрываць вочы на ўкраінскія палітычныя рэаліі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі