Хлопец, які падазраецца ў збіцці інваліда, знаходзіцца за кратамі
Распачатая крымінальная справа ў адносінах аднаго з падазраваных, мінчука 1995 года нараджэння. Ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.
У пятніцу Еўрарадыё датэлефанавалася да гэтага чалавека, калі ён яшчэ быў на волі. Вось што ён распавёў: "У пракуратуру аддалі гэтую справу, хутка пайду ў міліцыю і там ужо скажуць. Калі крымінальную справу завядуць, то будзе суд".
Акрамя таго, праводзяцца следчыя мерапрыемствы па ўстанаўленні ролі другога падазраванага, мінчука 1996 года нараджэння, інфармуе БЕЛТА.
Нагадаем, здарэнне адбылося ў вагоне мінскага метро. 40-гадовы мужчына, інвалід першай групы, прасіў маладога чалавека саступіць яму месца. У адказ пачуў лаянку, а пасля і быў збіты да крыві. Пасля абнародавання міліцыяй відэа, на якім былі бачныя твары падазраваных, у сацсетках знайшлі іх старонкі. Аператыўнікі пачалі правяраць датычнасць гэтых маладых людзей да збіцця інваліда. У пятніцу іх апыталі ў міліцыі.