Гурт Sciana прэзентуе новую песню (спампаваць)

Не так даўно Sciana наракала на несалдокі лёс беларускіх музыкаў і збіралася завязаць з канцэртамі на радзіме. Але цяпер каманда ў абноўленым складзе запісвае альбом, прэзентуе свежы сінгл пад назвай “Новая хваля” і збіраецца сыграць у Мінску вялікі канцэрт.

 

Спампаваць сінгл

 

Апошні альбом “Сцяны” “Кропка невяртання” выйшаў у 2010 годзе. З таго часу каманда абнавіла склад — да музыкаў далучыўся электроншчык Валерый Сакалоў, вядомы па праектах Too late: Frozen i SKLF. Вакаліст Павел Прохараў прызнаўся парталу Тузін гітоў, дзе была прэзентаваная “Новая хваля”, што прыход новага чалавека моцна адбіўся на гучанні каманды. Як гучыць Sciana цяпер можна будзе пачуць на новым альбоме, назву якога музыкі пакуль не паведамляюць:

 

“Альбом ужо амаль зроблены, нам самім вельмі цікава, якім ён атрымаецца ў фінальным варыянце. У любым выпадку, некаторыя рэчы застануцца нязменнымі — драйву хопіць усім. Можа, і карціць назваць гэты дыск найлепшым у нашай дыскаграфіі, але казаць гэтага не будзем, бо ведаем, што самае крутое толькі наперадзе!” — кажа Павел.

 

Тэкст да новай кампазіцыі напісаў штатны аўтар каманды, бас-гітарыст Андрэй Клімус.

 

Нагадаем, што нажыва новы матэрыял “Сцяны” можна будзе пачуць неўзабаве — на вялікім сольным канцэрце ў межах праекту “Жывы Тузін”, які запланаваны на канец траўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі