Гульня “Паўстанцы”: беларусы могуць стаць на бок Каліноўскага ці… Мураўёва

130226_martin_gulnia.mp3

“Невялікія падабенствы да знакамітай “Мафіі”. Дзве каманды змагаюцца паміж сабой. Беларусы насельніцтва на тэрыторыі, дзе ідзе паўстанне. Яны могуць дапамагаць аднаму боку, могуць абраць адзін з бакоў. Там рэальныя асобы паўстанцаў, царскіх службоўцаў, гарадзенскія губернатары, якія душылі паўстанне. І персанажы з выдуманымі біяграфіямі”, расказвае аўтар настольнай гульні Антон Янкоўскі.

Антон Янкоўскі па спецыяльнасці рэжысёр святаў распрацоўваў стратэгію і ідэю гульні. Яго дзяўчына Наста ўзяла на сябе дызайн. Рубіцца ў “Паўстанцаў” можна ад гадзіны да трох. Агулам на распрацоўку пайшло паўгода. А зрабіць гульню вырашылі, бо не знайшлі ніводнай беларускай настолкі ў інтэрнеце:

“Захацелі пагуляць у штосьці беларускае. Абшукалі ўвесь інтэрнет і не знайшлі. Прыгадалі, што 2013 год юбілейны да паўстання Каліноўскага”.

У першай беларускай інтэрнет-краме настольных гульняў Igraj.by пра “Паўстанцаў” яшчэ не ведаюць. З насцярогай ставяцца да якасці гульні.

“Мяркую, якасць выканання будзе нізкая. Таму яна хутчэй падыдзе для ГУМа і ЦУМа".

І налічваюць яшчэ некалькі настолак, зробленых у Беларусі: бізнес-трэнажор “Денежный поток”, картачную эканамічную настольную гульню і “Белополию”. Наконт апошняй, у “Экспабеле” ўпэўніваюць, што попыт на яе ёсць.

У другой краме Nastolki.by “Паўстанцамі” адразу цікавяцца.

“У любых настольных гульняў важная ідэя, наколькі цікавы гульнявы працэс. Афармленне гэта, канешне, добра, але гэта другасна”, у гэтай краме высвятляюць у Еўрарадыё, дзе можна пабачыць гульню.

Культуролаг і даследчыца Юлія Чарняўская ад гульні не ў захапленні, бо яна "абвастрае барыкаднае мысленне ў грамадстве”.

“Я бачу, што гэта можа быць штуршком для развіцца барыкаднага, чорна-белага мыслення. Калі на нашай тэрыторыі ёсць нашы і ёсць ворагі. І гэта пры тым, што я стаўлюся з пяшчотаю да Каліноўскага і з глыбокай агідай да Мураўёва. Але мяркую, што ён быў такім не праз тое, што рускамоўны, а праз тое, што проста мярзотнік”.

Праз гульню можна папулярызаваць гістарычныя падзеі, адразу кажа гісторык і выкладчык ЕГУ Алесь Смалянчук:

“Такія новыя формы трэба выкарыстоўваць для прапаганды гістарычных падзеяў. Але больш дакладна можна сказаць, калі ўбачым гульню”.

Набыць настольную гульню можна будзе за 100 тысяч. Але пагуляць у “Паўстанцаў” магчыма толькі пасля прэзентацыі гульні.

Фота: vk.com/paustanci

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі