Гамяльчук дамогся адмены штрафу праз ААН

121115_ty_mozash.mp3

Гамяльчук Уладзімір Шумілін распаўсюджваў у 2008 годзе лістоўкі пра сустрэчу былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча з гараджанамі. За гэта Уладзіміра затрымала міліцыя, а суд аштрафаваў яго за арганізацыю масавага мерапрыемства на  паўтысячы долараў. Расказвае праваабаронца Леанід Судаленка:


“Паводле беларускага заканадаўства забараняецца распаўсюджваць інфармацыю пра мерапрыемствы, якія не санкцыянаваныя ўладай, ці на якія яшчэ дазвол уладаў не атрыманы”.


Каб адстаяць свае правы, Уладзімір Шумілін звярнуўся ў “Цэнтр стратэгічнай цяжбы”. Правабаронца Леанід Судаленка дапамог мясцоваму актывісту прайсці ўсе судовыя інстанцыі ў Беларусі, пачынаючы ад раённага суда і заканчваючы Вярхоўным Судом. Аднак нават вышэйшая інстанцыя не адмяніла прысуд. Таму гамяльчук вырашыў звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека пры ААН, працягвае праваабаронца Леанід Судаленка:


“На жаль, унутры краіны абараніць правы Шуміліна не атрымалася. Мы звярнуліся са скаргай у Камітэт па правах чалавека ААН, і летам бягучага году па скарзе было прынятае рашэнне, што гэтым пераследам дзяржава парушыла права грамадзяніна Шуміліна на свабоду распаўсюджання інфармацыі і правядзення мірных сходаў”.


Камітэт па правах чалавека ААН таксама рэкамендаваў дзяржаве выплаціць усе панесеныя Шуміліным матэрыяльныя выдаткі. Беларускія ўлады таксама павінны былі цягам 90 дзён апублікаваць гэтае рашэнне ў дзяржаўных СМІ і давесці да Камітэта ААН інфармацыю пра выкананне рэкамендацый. Аднак самым галоўным дасягненнем Уладзіміра Шуміліна можна лічыць тое, што міжнародныя эксперты рэкамендавалі ўраду Беларусі змяніць нормы нацыянальнага заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і прывесці іх у адпаведнасць з міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь у свой час падпісала.

Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі