Гадзіннікам, які не адпавядае заробку, можа зацікавіцца пракуратура

121121_luka6uk_4asy.mp3

У красавіку міністр эканомікі Мікалай Снапкоў паскардзіўся, што зарабляе 750 долараў у месяц. Відаць, заробкі чыноўнікаў за гэты час выраслі, бо на руцэ ў прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча заўважылі гадзіннік коштам  37 тысяч долараў!


Тлумачыць журналістам, адкуль у яго такая дарагая рэч, прэм'ер не збіраецца, гаворыць Еўрарадыё прэс-сакратар прэм’ер-міністра Вольга Доўгая.


Вольга Доўгая: “Размовы заўсёды былі, ёсць і будуць. Чалавек, які знаходзіцца навідавоку… Шмат можа быць розных размоў, і трэба адсейваць тыя, якія важныя, і тыя, якія не важныя”.


Міністры ды іншыя чыноўнікі штогод запаўняюць дэкларацыю аб прыбытках. Праўда, пабачыць яе кожны цікаўны не можа.


“Гэта з’яўляецца падатковай таямніцай — мы не маем права дэкларацыі абнародаваць. У нас у законе не прапісана, што яе неабходна публікаваць. Неабходна звярнуцца да чалавека, і ён адкажа. Ці не адкажа — гэта ўжо...”, — тлумачыць Еўрарадыё кіраўнік Інспекцыі па падатках і зборах па Веткаўскім раёне Святлана Пракошына.


Адпаведныя органы дэкларацыі чыноўнікаў правяраюць, супастаўляюць выдаткі з прыбыткамі. Асаблівую ўвагу падаткавікоў прыцягваюць набытыя машыны ўзростам да 3 гадоў, кватэры, дамы, нават — турыстычныя вандроўкі! Бо гэта, паводле словаў намесніка начальніка Інспекцыі МПЗ па Хоцімскім раёне Дзяніса Раманенкі, аўтаматычна ўспрымаецца як “дарагі набытак”.


Але як быць з дарагім гадзіннікам, для набыцця якога пашпарт не патрэбны?


Зацікавіцца такім чалавекам і яго прыбыткамі падаткавікі могуць, толькі калі нехта ім паведаміў пра “абуральна дарагі набытак”. Ці калі пра гэта напішуць журналісты, разважае супрацоўніца Інспекцыі МПЗ па Жабінскім раёне: “Калі нехта нам такую інфармацыю дае, то, натуральна, мы, так бы мовіць, пачынаем сваё расследаванне”.


Калі прыбыткі чыноўніка надта ўжо не адпавядаюць выдаткам, зацікавіцца такім чалавекам можа пракуратура.


Супрацоўніца інспекцыі: “Кожны дзяржчыноўнік падае гадавую дэкларацыю, і гэта правяраецца. Могуць праверыць інфармацыю і пракуратура, і іншыя органы...”


У выпадку з чыноўнікам тлумачэнні, што дарагі аксэсуар — падарунак, не прымаюцца. Згодна з законам, дзяржслужачы можа прыняць падарунак, кошт якога не перавышае 20 долараў.


У адной са сталічных гадзіннікавых крам Еўрарадыё паведамілі, што дарагія элітныя гадзіннікі “набываюць досыць часта”. Ці шмат сярод пакупнікоў чыноўнікаў, адказваць адмаўляюцца. Маўляў, тымі, хто набывае дарагія гадзіннікі, і без таго “цікавяцца адпаведныя органы”, каб пра гэта яшчэ і з журналістамі размаўляць.

Фота: Антона Матолькі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі