“Фанацкі цягнік”: чым жыве барысаўская тарсіда ў дзень матча БАТЭ

“Фанацкі цягнік”, які сфармавалі для матча 1/16 Лігі Еўропы, нагадвае атмасферу мітынга: па тры амапаўцы на вагон, мегафоны, “рэжысёры” з відэакамерамі. Праўда, усіх пасажыраў на футбол везлі за бясплатна ― туды і назад.

“Песень не спявайце, алкаголь не ўжывайце. Галоўнае ― нікога ў дарозе не згубіць!” ― папярэджвае амапавец жоўта-сінюю “чацвёрку”, што ўладкавалася насупраць мяне.

Тыя, праўда, аказаліся глуханямымі , і праз гадзінку пасля адпраўлення пачалі інтэлігентна разліваць на шкляначках гарэлку.

“Натали, утоли мои печали, утоли…”, ― адпрацоўваў за фанатаў спявак Лепс. “Батоны” з майго вагона  цягам дарогі і сапраўды не праспявалі ніводнай песні.

“Часаць” да Гродна, дзе праходзіць матч, трэба каля сямі гадзін у адзін бок.

Большасць пасажыраў ― барысаўчане, рознага веку і прафесій. У маім вагоне разам са мной ― толькі адзін мінчук.

“На дзень адпрасіліся з вучобы і працы”, ― хваліліся чатыры дзяўчынкі, што паселі ззаду ад мяне. Ля іх ехаў спрытны завадчанін перадпенсійнага ўзросту, у фірмовай шапцы БАТЭ і спецштанах: “А я на дзень узяў бальнічны для такой падзеі”.

Глуханямыя заўзятары маўчалі, а ў наступным  ад іх купэ мужыкі-рабацягі перамывалі косткі ўсяму беларускаму спорту, пачалі з біятлона:

“А трэба было Домрачавай з Б’ёрндаленам пацерціся! Мо не мазала б зусім!”

Скончылі абмеркаваннем метал-музыкі:

 “А ты ведаеш, што першы беларускі гурт, які пачаў граць хэві-метал ― гэта “Сузор’е?” .

Вагоны прыбываюць у Гродна. Заўзятары павязваюць жоўтыя шалікі, пакрываюць макаўкі шапачкамі, дзяўчаты памадзяць губы. Каля чатырох соцень чалавек высаджваецца з “Фанацкага цягніка”. Ахвотных пагружаюць у аўтобусы “МАЗ” і давозяць да самага стадыёну.

Трэба сказаць, што да матчу Лігі Еўропы ў Гродна рыхтаваліся ўсім горадам.

“Сюды ўсю мора тэхнікі па начах звозілі, і я гэта бачыў, штоноч тут праязджаў. А стадыён наш ― ого-го якім збудавалі!”, ― ганарыцца мясцовы таксіст. З цаной за праезд, канешне, надраў, а пра стадыён “Нёман” сказаў праўду.

Арэна сустракала заўзятараў, як замежных дыпламатаў ― стараннымі спевамі беларускага народнага ансамбля. Ніякай штурханіны, агрэсіі. Нават чэргаў за бясплатнай гарбатай і платнымі закускамі не стаяла. Поле добра праглядаецца, хоць стадыён ― алімпійскі. Цяпер зразумела, чаму ўтульную гродзенскую арэну называюць пакуль найлепшай у краіне.

У гледачоў на трыбунах не тыкалі камерамі, як у лабараторных гуманоідаў, а замест салдатаў унутраных войск вакол трыбун паставілі сцюардаў.

Поле стадыёна “Нёман” выглядала прыстойна, без лысых латак. А ў перапынку паміж таймамі мінімальныя няроўнасці газона ўласнымі ботамі раўняў тузін мужыкоў у чырвоных камізэльках.

Стадыён, нягледзячы на надвор’е, запоўнілі на 85% (карцінку сапсаваў гасцявы сектар, куды не даехалі паўтары сотні заяўленых турэцкіх фэнаў).

Адзінае, што аперацыю “Фанацкі цягнік” сапсаваў нулявы вынік. Хоць на чацвёртай хвіліне гульцу Фенербахчэ паказалі чырвоную картку.

“Сунуліся па полі як чарапахі, у атацы думак не дэманстравалі”, ― бурчалі некаторыя гледачы (відаць, гродзенцы), сыходзячы са стадыёна.      

Але як ні круці, БАТЭ гуляла з крутой камандай, якая набыла сенегальца Мусу Сова (дарэчы, за 13 мільёнаў еўра) і былога гульца “Ліверпуля” ды зборнай Галандыі Дзірка Кюйта. У Гродна туркі прывезлі журналістаў уласнага “Фенербахчэ ТБ”. Ці можаце падобнае ўявіць у Беларусі?

Карцінка выглядае так, што шанцы выйсці ў 1/8 Лігі Еўропы БАТЭ на першы позірк мае меншыя, чым турэцкі сапернік. Аднак 21 лютага ў Стамбуле гульня адбудзецца пры пустых трыбунах. Мінус 56 тысяч туркаў, якія б, відаць, “разрываліся” за свой клуб.  І Віктар Ганчарэнка ў сваім нонканфармісцкім стылі ўжо настройвае футбалістаў і журналістаў на адзіную магчымую стратэгію:

“Едзем гуляць у Стамбул на перамогу. Задача ― прайсці ў наступны раўнд. Хачу аддзячыць гродзенскім арганізатарам матча, поле было добрай якасці. Спадзяемся, сюды яшчэ вернемся”.

Каля шостай раніцы ў пятніцу “фанацкі цягнік” высаджвае усю барысаўскую тарсіду ў Мінску.

Заўзятар БАТЭ падчас "этапу" з цягніка на стадыён "Нёман"

Усе турэцкія журналісты апроч фатографаў назіралі за гульнёй праз шклопакеты. Нашы сачылі за матчам з адкрытай трыбуны

Супрацоўнікі стадыёна раўняюць газон падчас перапынку

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі