Фабрыка “Спартак”: Туалетная папера “Янка” — гэта брэнд! (фота)

120723 Sviardlou_Janka.mp3

Туалетную паперу “Янка” карэспандэнт Еўрарадыё знайшоў у ГУМе. У гаспадарчым аддзеле крамы яна акуратна раскладзеная паўсюль: на палічках, у скрынях, на металічных стойках для вазонаў. Па ўсім відаць, “Янку” агрэсіўна прасоўваюць да пакупнікоў.

Бяру сабе пачак. Папера шэрая, аднаслойная, паху і перфарацыі не мае. Затое ўпакоўка радуе вока: васільковы блакіт; арнамент, стылізаваны пад народны... І ў цэнтры надпіс: "Янка".

Папера вырабленая на шклоўскай фабрыцы “Спартак”. У аддзеле збыту трубку здымае дзяўчына з імем… Яна! Адразу пытаюся, ці не ў гонар яе назвалі паперу.

“Не, я ж тут толькі трэці месяц працую, — апраўдваецца дзяўчына. — А ідэя даць такую назву прыйшла кіраўніцтву раней. Вытворчасць пачалася ў мінулым годзе, пасля мадэрнізацыі. Дызайн упакоўкі зрабіў начальнік цэха… І вось, зараз выходзім на новыя рэгіёны”.

Такім чынам, туалетны брэнд “Янка” стартаваў яшчэ летась. З сёлетнім юбілеем пісьменніка Янкі Купалы, дзякаваць Богу, ніяк не звязаны.

“Янку” добра ведаюць у Магілёўскай вобласці: да “рэбрэндынгу” папера была вядомая ў народзе як “шклоўская”. А сталіцу туалетная папера пачала скараць толькі нядаўна: на мінулым тыдні яе завезлі ў ГУМ і некалькі гіпераў.

“Мы спрабавалі растлумачыць кіраўніцтву, што нельга называць прадметы гігіены, тым больш такія, чалавечымі імёнамі. Але пакуль што не атрымліваецца, — скардзіцца Яна. — Кіраўніцтва прыкрываецца тым, што “Янка” — гэта ўжо брэнд, таму нічога не будзем перарабляць. Калі будзе шмат тэлефанаванняў з прэтэнзіямі, калі будуць людзі бамбіць кіраўніцтва просьбамі, каб назву замянілі, можа, што-небудзь і зменіцца”.

Выпускаць туалетную паперу “Якуб” на прадпрыемстве не плануюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі