"Ён пырскае нешта ў рот і кажа: "Не будзеш піць 5 гадоў"

Таццяне 31 год, разам з 24-гадовай сяброўкай Кацяй працуюць у адным калгасе, даглядаюць за каровамі. Іх начальніца Святлана кажа, што раней дзяўчыны выпівалі, а два тыдні таму закадзіраваліся.


"Цяпер працуе без выходных. У яе з'явілася цяга да працы. Зусім іншы чалавек, а раней без 100 грам не магла. Яны ўтраіх кормяць цёлак. У адной кадзіроўка яшчэ не скончылася, і вось яшчэ дзве закадзіраваліся".


Агулам у мясцовым калгасе закадзіраваліся 5 чалавек. З большага гэта жанчыны!

"Шмат грошай траціла на алкаголь. А цяпер выпіваць зусім не хочацца. Ужо два тыдні ўвогуле нічога не п'ю", — распавядае Таццяна. Паводле яе слоў, ніякага прымусу кадзіравацца не было. Проста ў вёсцы прапанавалі такую паслугу са зніжкай.


"Шмат хто закадзіраваўся, вось і я вырашыла паспрабаваць. Нам ад калгаса гэта каштавала 50 тысяч, плюс трэба было ў цэнтр дыягнастычны ехаць на падкадзіраванне — гэта каштавала 30 тысяч. Усяго абыйшлося ў 80 тысяч, але, я лічу, яно таго каштавала".


Таццяна распавядае, як адбывалася кадзіраванне. Праўда, кажа, што калі б сама захацела выпіць, то, відаць, і выпіла б.


"Трэба самому не хацець піць, мець сілу волі. Інакш кадзіраванне не мае сэнсу. Ён з табой размаўляе проста. Нешта кажа, у рот пырскае нечым і кажа, што вы не будзеце піць 5 гадоў".


У Доме культуры вёскі Забалаць кадзіруюць выпівох з усяго Аршанскага раёна. Сёлета такіх набралася 70 чалавек. Такія акцыі праводзяцца раз на год. У звычайныя дні кадзіраванне каштуе 450 тысяч. Але часам аматары выпіць не знаходзяць нават 50 тысяч рублёў, распавядае старшыня Высакоўскага сельсавета Мікалай Астаповіч.


"У мяне сёлета 5 чалавек пагадзілася, а потым кажуць, што няма дзе ўзяць 50 тысяч".


Таму некаторыя прадпрыемствы выдаюць аванс. З самымі горкімі п'яніцамі працуюць па-іншаму: не прымушаюць, але даюць права выбару. Часам выпівохам даюць права выбару: ЛПП ці кадзіраванне.


"Яны замкнутыя ўсе, лепш з імі не размаўляць, лішні раз не нагадваць", — старшыня Забалоцкага сельсавета Віталь Шульгін хвалюецца, каб нехта не сарваўся. Каля 30 працэнтаў закадзіраваных зноў пачынаюць піць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі