"Электронны ўрад": 9,6 млрд, пакуль толькі сайт са спасылкамі

Еўрарадыё заўважыла, што ў бюджэце-2012 год на праграму "Электронны ўрад" запланавана 9,6 мільярда рублёў. Раcпрацоўваць віртуальны ўрад у краіне пачалі яшчэ ў 2006 годзе. Сёння маем сайт, які пры дэтальным разглядзе аказваецца ўсяго толькі зборам спасылак на іншыя інтэрнэт-старонкі. Пры гэтым на portal.gov.by мы знайшлі нават разлік коштаў на паслугі, якіх пакуль няма.


"Гэта рэестр спасылак на сайты іншых дзяржаўных органаў, на якіх непасрэдна даступныя розныя паслугі анлайн. На сённяшні дзень няма сэнсу ўносіць грошы, паколькі платных паслуг на партале яшчэ няма. Калі яны там з'явяцца — не вядома. Зараз ідуць перамовы з ўладальнікамі рэсурсаў", — тлумачаць у службе тэхнічнай падтрымкі portal.gov.by.


Еўрарадыё параўнала эстонскі "Электронны ўрад" і беларускі, бо арыентуемся мы на эстонскі досвед.


"Можна падаць дэкларацыю ці зарэгістраваць прадпрыемства. Але для кожнай сістэмы патрэбны асобны ключ, яны не бачаць адна адну. Таму стаіць задача, каб быў адзіны ключ для ўсіх сістэм", — тлумачыць задачу на будучыню куратар беларускага праекту.


Каб чыноўнікі не перапісваліся на паперы, плануецца стварыць лічбавы подпіс. Але гэта, у першую чаргу, будзе разлічана на дзяржаўныя органы і буйныя прадпрыемствы. Бо лічбавы ключ трэба будзе набываць за грошы.


У Эстоніі амаль усе грамадзяне маюць карткі з электронным ключом, якія замяняюць пашпарт. З дапамогай гэтых картак можна галасаваць на выбарах праз інтэрнэт і ставіць лічбавы подпіс пад любым файлам. А таксама атрымаць любыя дакументы, якія перасылаюць паміж сабой міністэрствы.


"Калі нейкае міністэрства распрацоўвае законапраект, які вас цікавіць, вы можаце зайсці на сайт і паглядзець усе дакументы, якія падаваліся для ўзгаднення".


Гаворка ідзе пра ўсю працоўную перапіску падчас падрыхтоўкі законапраекта, — тлумачыць кіраўнік эстонскага аб'яднання "Адкрытая рэспубліка" Яўген Крыштафовіч.


Усе паслугі і базы дадзеных сабраныя на адным сайце. Напрыклад, калі вы атрымліваеце новы пашпарт, не трэба прыносіць даведкі і запаўняць анкету. Сістэма сама збярэ з розных крыніцаў усе неабходныя звесткі. Гэтым карыстаюцца і чыноўнікі, калі ім патрэбная інфармацыя пра чалавека. Але кожны можа праверыць, хто і навошта рабіў па ім запыты.


"Калі нейкі чыноўнік рабіў запыт у базу, аб гэтым застаецца след. Вы можаце зайсці на старонку і атрымаць спіс усіх, хто рабіў па вас запыты, калі яны былі зробленыя і прозвішча чыноўніка. Вы можаце праверыць, ці законна гэта было".


Усё гэта бясплатна.


На думку Крыштафовіча, развівацца "Электронны ўрад" можа вельмі імкліва, як у Грузіі, дзе праз інтэрнэт ужо можна атрымаць правы кіроўца. Але "для гэтага патрэбная палітычная воля".


"Рэальныя працы пачаліся толькі ў канцы 2011 года на этапе праектавання і падрыхтоўкі тэхнічнага задання. Але ёсць у праграме тыя мерапрыемствы, якія пачынаюцца не з нуля, а развіваюць тое, што запушчана раней", — распавядаюць у Мінсувязі сёння.


Аднак год таму Мінсувязі ўжо дала справаздачу: "Электронную Беларусь" рэалізавалі! Менавіта ў межах гэтай праграмы яшчэ ў 2006 годзе выдзелена 309 мільёнаў на распрацоўку тэхнічнага задання і 2,66 мільярда на інфармацыйную сістэму для "Электроннага ўрада". Сёлета рэалізацыя праекту пацягне яшчэ на 9,6 мільярда рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі