Эксперт: Ізаляцыя азначае, што рэжым унутры Беларусі будзе ўзмацняцца

Цалкам размова з Гінтаўтасам Мажэйкісам:

gintautas_web.mp3

Еўрарадыё: Да чаго прывядзе непрызнанне АБСЕ парламенцкіх выбараў у Беларусі?


Гінтаўтас Мажэйкіс: Будзе далейшая ізаляцыя афіцыйных беларускіх структур. Еўрапейскія краіны будуць шукаць партнёраў, з якімі можна весці больш-менш канструктыўны дыялог. Будуць працягвацца спробы падштурхнуць апазіцыю да аб’яднання, каб яна мела больш выразныя рысы. Непрызнанне і прэзідэнцкіх, і парламенцкіх выбараў азначае не імкненне да поўнай ізаляцыі Беларусі, а раздзяленне: з кім можна размаўляць, а з кім — не. Але такая ізаляцыя існуючую беларускую ўладу не палохае. Бо нічога іншага ніхто і не чакаў, і такое непрызнанне можна было прагназаваць загадзя. І працэсы ізаляцыі беларускай улады ад еўрапейскай, ці двухбаковае ўхіленне, азначае, што рэжым унутры самой Беларусі будзе ўзмацняцца. Нічога добрага ўнутрыпалітычным працэсам гэта не абяцае. Гэта альбо прывядзе да большых публічных канфліктаў, альбо — да ўзмацнення аўтарытарных структур і іх уплыву.


Еўрарадыё: Прагназаваць непрызнанне можна было загадзя — а чаму? З-за таго, што не былі вызваленыя палітзняволеныя?


Гінтаўтас Мажэйкіс: Выбары ў парламент маюць перадвыбарны перыяд, калі пачынаюцца дыскусіі аб магчымых альтэрнатыўных альбо канкуруючых праграмах. А ў вас гэтай дыскусіі не было. Верагодныя кандыдаты-апаненты пачынаюць паказваць свае адрозненні і крытыкуюць адзін другога. Усёй гэтай вялікай шматварыянтнай перадвыбарнай працы амаль не было. Настроі беларускай апазіцыі былі такія, што няма сэнсу ўдзельнічаць.


Еўрарадыё: Калі б адначасова з пачаткам парламенцкай кампаніі на свабоду выйшлі палітзняволеныя — гэта б моцна паўплывала на высновы міжнародных назіральнікаў?


Гінтаўтас Мажэйкіс: Існуе даволі працяглы перадвыбарны перыяд, на падставе якога ацэньваюцца самі выбары. Уплыў на высновы назіральнікаў быў бы, калі б палітзняволеных вызвалілі за месяц, а яшчэ лепш — за два да пачатку выбараў. Два месяцы — дастатковы перыяд, каб арганізаваць больш-менш сумленныя выбары. Да таго ж, спаборніцтвы кандыдатаў і палітычных партый павінны быць дастаткова празрыстымі цягам апошняга месяца да выбараў. А калі б яшчэ і падлік галасоў быў адносна празрыстым, то тады б можна было абмяркоўваць прызнанне выбараў, нават калі перамаглі прыхільнікі Лукашэнкі. Але паколькі гэта не было выканана, то пытання ні ў каго не ўзнікала.


Еўрарадыё: А байкот апазіцыі ў гэтай схеме якую ролю адыграў?


Гінтаўтас Мажэйкіс: Рашэнне місіі прымаецца на падставе пэўных дадзеных. Гэтых дадзеных было дастаткова, каб за колькі дзён да заканчэння выбараў можна было смела прагназаваць, што яны не будуць прызнаныя. Не, рашэнне не было прынята за месяц да заканчэння выбараў. Але цягам гэтага месяца не адбывалася нічога такога, што магло стаць падставай для дыскусіі аб прызнанні. Выбары прызнаюцца ці не, не таму што некалькі апазіцыянераў жадалі ўдзельнічаць у выбарах ці не жадалі. Мы павінны разглядаць усё палітычнае поле: колькі там было альтэрнатыўных праграм, канкурэнцыі, наколькі свабоднай была рэгістрацыя, якія былі магчымасці агітаваць, роўнасць у СМІ. Усё ўлічваецца. У Беларусі да такой ступені было парушаная гэтыя раўнавагі сіл, што нават дыскусіі не ўзнікала.


Еўрарадыё: Але байкот не стаў тым каменьчыкам, які схіліў?..


Гінтаўтас Мажэйкіс: Не, гэта не было тым, што схіліла шалі на карысць непрызнання.


Еўрарадыё: Беларускія чыноўнікі сцвярджаюць, што насамрэч ніякіх стандартаў АБСЕ, аднолькавых для ўсіх краін, не існуе. І сапраўды, чаму, да прыкладу, у Азербайджане выбары прызнаюцца, а ў Беларусі — не?


Гінтаўтас Мажэйкіс: Не існуе аднаго строгага стандарта, на падставе якога б прызнаваліся ці не прызнаваліся выбары — гэта нейкі комплекс дадзеных, дыскусія прызнання-непрызнання. Розныя канфлікты канкуруючых бакоў, жорсткасць канкурэнцыі, вайна кампраматаў асабліва не прымаюцца да ўвагі. Часам наадварот — паказваюць жорсткасць канкурэнцыі. Прымаецца да ўвагі і тое, у якім стане палітычны дух народа, грамадства былі цягам апошніх гадоў. Калі пры пэўных аўтарытарных рэжымах не існуе моцнай апазіцыі, пратэстнага руху, але няма жорсткага пераследу апазіцыйных сіл, альбо — гэты пераслед не з’яўляецца надзвычайнымі падзеямі ў самой дзяржаве, а толькі нейкімі маргіналіямі, тады кажуць, што грамадзяне гэтай дзяржавы ў большасці згодныя з існуючым рэжымам. У Беларусі ж вось ужо цягам амаль трох гадоў прыходзіць інфармацыя, што існуе такі публічны канфлікт унутры дзяржавы. І гэта — кантэкст для абмеркавання пытання, прызнаць ці не прызнаць выбары. Калі б у Азербайджане пастаянна адбываліся публічныя канфлікты, якія б адлюстроўвалі ў мас-медыя, абмяркоўвалі на міжнародным узроўні, то і выбары разглядаліся б зусім інакш. Карацей, калі б Азербайджан быў Беларуссю, то выбары б у Азербайджане, канешне, не прызналі б.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі