Мядзведзікаў-дэсантнікаў сфатаграфавала дзяўчына Антона Сурапіна?

Верагодна, Кацярына і Антон пазнаёміліся падчас "Цукеркавага фэсту" ў Івянцы 28 чэрвеня. Антон наведваў мерапрыемства і зрабіў пра гэта запіс у сваім блогу. 4 ліпеня на яго сайце Belarus News Photo з’явіліся фотаздымкі з мядзведзікамі-дэсантнікамі. Еўрарадыё мяркуе, што іх зрабіла і даслала якраз Кацярына, якая выпадкова апынулася на месцы "высадкі" цацачнага дэсанта. Гэтая версія тлумачыць, чаму з усіх сталічных фатографаў здымкі прыйшлі менавіта на паштовую скрыню Антона Сурапіна.

Калі здагадкі Еўрарадыё пацвердзяцца, пра абвінавачанні Сурапіна ў супрацоўніцтве з замежнікамі можна будзе забыцца. Версія, што фота плюшавых мядзведзяў трапілі на сайт bnp.by не праз змову са шведамі, а дзякуючы сімпатыі маладых людзей адно да аднаго, падаецца нам праўдападобнай.

25 ліпеня Кацярыне Скурат спаўняецца 17 гадоў. Сёлета яна скончыла Івянецкую сярэднюю школу і збіралася паступаць у Інстытут журналістыкі БДУ. Да вечара 17 ліпеня дзяўчына была ўвесь час анлайн у сацыяльнай сетцы “вКонтакте”. Яна актыўна кантактавала з Еўрарадыё.

17 ліпеня Кацярына Скурат распавяла Еўрарадыё пра тое, як прайшоў апошні дзень перад затрыманнем Антона:

“Ён мне сам раздрукаваў пытанні, каб я вучыла. Аддаў акурат у чацвер [на наступны дзень, у пятніцу 13 ліпеня Антона затрымалі. ― Еўрарадыё]. Ён толькі прыехаў ад бацькоў са Слуцку. Адпачыў там. Кінуў паліць. Увесь чацвер правялі разам... Я яму яшчэ тэкст на bnp.by пра “Арт-сядзібу” дапамагала рэдагаваць увечары. Сказаў, што вельмі стаміўся, пойдзе спаць і раніцай пераробіць. Перарабіў...”

З вечара 17 ліпеня ад Кацярыны ― ніводнага паведамлення.

20 ліпеня некаторыя СМІ распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што дзяўчына затрыманая КДБ. У той жа дзень каля 17:00 Кацярына выдаліла ўсе паведамленні са сваёй сцяны “вКонтакте” і абнавіла статус: “о да, ребят?? что за ерунда?? откуда????????? я дома!” Гэта можа сведчыць як пра тое, што яна вызваленая, так і пра тое, што яе ніхто не затрымліваў. Магчыма, статус абнаўляла не Кацярына Скурат. Гэта можа азначаць, што яна дагэтуль за кратамі ці пад наглядам.

Каля 18:00 старонка Кацярыны Скурат "вКонтакте" была выдаленая. Яе тэлефон па-ранейшаму не адказвае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі