Дзе ў Беларусі начаваў Напалеон (фота)

24 чэрвеня 1812 года войска Напалеона Банапарта перайшло Нёман. Вільня сустрэла імператара воклічамі “Слава вызваліцелю!”. Не дзіва – трэці падзел Рэчы Паспалітай адбыўся ўсяго 17 гадоў таму, памяць пра былыя вольнасці яшчэ бярэдзіла свядомасць шляхты і гараджанаў. Па дарозе на Маскву – як захопнік, а таксама ўцякаючы назад у Францыю, Напалеон пабываў у многіх беларускіх гарадах і мястэчках. Не маючы на мэце ўславіць Напалеона (як ні круці, ён быў чужынцам), мы адшукалі ў сённяшняй Беларусі мясціны і будынкі, якія памятаюць французскага імператара.

Кляштар у Глыбокім, дзе начаваў Напалеон

“Адзін з галоўных – глыбоцкі кляштар кармелітаў, -- распавядае гісторык архітэктуры, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. – Там ён затрымаўся надоўга, на некалькі дзён. Сустракаўся з кармелітамі, якіх запытаў: “Колькі ў вас маёмасці?” Яны сказалі: “Тысячу хат”. “О! – сказаў імператар. – Гэта вельмі шмат! І чым вы займаецеся?” “Молімся”, -- адказалі кармеліты. “О! Гэта вельмі мала!” – адказаў Напалеон”.

Сяргей Харэўскі распавядае пра Напалеона так рэалістычна, нібыта сам піў каву з імператарам

Так сталася, што менавіта ў Беларусі, а дакладней у Віцебску, Напалеон адсвяткаваў свой 43-і Дзень народзінаў.

У Віцебскім палацы губернатара імператар Францыі святкаваў 43-і дзень народзінаў

Сяргей Харэўскі: “Тут ён правёў найбольш часу, калі казаць пра Беларусь, два тыдні. На гэты час Віцебск фактычна стаў сталіцай вялікай імперыі – ён пісаў адсюль да 100 лістоў у дзень, якія дасягалі Парыжа, Мадрыда, Рыма… І, натуральна, ў віцебскім губернатарскім палацы ён адзначыў свой Дзень народзінаў, быў зладжаны банкет для тутэйшай арыстакратыі і вышэйшага напалеонаўскага чынавенства”.

Перад палацам сёння стаіць помнік, дзе вайна 1812 года названа, паводле расійскай тардыцыі, "айчыннай" -- хоць для Беларусі яна такой не была

Дарэчы, гэтая спрыяльная атмасфера паўплывала на Банапарта фатальна. Першапачаткова збіраючыся ісці на Маскву толькі вясной, менавіта на нашай зямлі ён прыняў памылковае рашэнне штурмаваць расійскую сталіцу ў халады.

Сяргей Харэўскі: “Калі ён толькі заехаў у гэты палац, ён, стомлены, адшпіліў шпагу, кінуў яе на мапы на стале і сказаў, што “кампанія 1812 года скончана”. Але пабыўшы пару тыдняў у Віцебску, абзнаёміўшыся добра з настроямі тутэйшай грамады, ён зразумеў, што мае добрых саюзнікаў у асобах нашай шляхты і мешчаноты. І аднае раніцы з балкона, які вам і да сёння пакажуць віцябляне непадалёк ратушы, заклікаў сваю армію і ўсіх патрыётаў Вялікага княства рушыць проста на Маскву”.

Той самы балкончык у Віцебску. Што праўда, розныя краязнаўцы кажуць пра розныя балконы

Такіх патрыётаў назбіралася нямала. Таму ў Беларусі вайна 1812 года стала фактычна грамадзянскай – нашыя землякі апынуліся па абодва бакі барыкадаў.

Сяргей Харэўскі: “У прыватнасці, расійскі генерал Чычагаў паведамляў пра 200 выступленняў сялянаў (!) супраць расійскага войска. Напалеона падтрымала практычна ўся шляхта і ўся мешчанота. Мінскі біскуп Якуб Дадэрка заклікаў з амвона дапамагаць французам супраць расійскай тыраніі. У Беларусі набралі 25 тысяч салдат. Гэта апроч добраахвотнікаў, якіх не злічыць. Дамінік Радзівіл стаў асабістым ад’ютантам Напалеона, за свой кошт абмундзіраваў рэкрутаў, удзельнічаў ва ўсіх баталіях. Пры адступленні не застаўся ў Нясвіжы – за што расійскае войска потым разрабавала замак. Застаўся з ім да канца і загінуў у еўрапейскіх кампаніях”.

Напалеон паабяцаў беларускай шляхце аднавіць Вялікае княства -- і шляхта ахвотна перайшла на бок французаў!

Аднак, хоць сярод беларусаў і было шмат хаўруснікаў, не заўсёды імператар абыходзіўся з мясцовым насельніцтвам спагадліва. Ігумення праваслаўнага манастыра ў Талачыне, дзе Напалеон начаваў і праводзіў аператыўныя нарады, матушка Анфіса называе нават канкрэтныя лічбы.

Матушка Анфіса: “У нас ёсць вельмі каштоўны дакумент – акт 1813 года, што Напалеон адсюль забраў. Гэты вопіс агромністы, там амаль на 22 тысячы на той час. А на фармаванне рускай арміі ў барацьбе з Напалеонам трэба было ўсяго 150 тысяч”.


Дарэчы, у манастырскім будынку захаваліся ў першасным выглядзе тыя самыя пакоі, якія памятаюць крокі французскага імператара.

Матушка Анфіса: “Вядома, дзе ён начаваў, дзе праводзіў нараду. Некалькі гадоў таму прыязджаў французскі прафесар, які вывучаў гэтую праблему. Сказаў: так, падобна! Ёсць адзін пакой, дзе размясціўся Напалеон, а побач нашмат большы пакой, дзе ён праводзіў нараду”.

Сяргей Харэўскі кажа, што хоць Напалеон ішоў на гэтыя землі як захопнік, ставіць яго ў адзін шэраг з іншымі агрэсарамі не выпадае.

Сяргей Харэўскі: “Калі вы ўважліва пачытаеце “Яўгенія Анегіна” яшчэ раз, то звернеце ўвагу, што ў Анегіна на стале стаіць бюст Напалеона. То бок, нават у вачах Пушкіна гэта не было заганай. Гэта было праявай нонканфармізму галоўнага героя. І ні тады, і ні сёння мы не ставім Напалеона ў адзін шэраг са Сталіным ці Гітлерам. Ён не пераконваў сваіх жаўнераў, што забіваць безабаронных людзей – гэта дабро. 30 тысяч салдат былі расстраляныя за марадзёрства ў нашых краях. Першае, што зрабіў маршал Удзіна, калі ўзяў Мінск – адразу расстраляў 8 марадзёраў-французаў за тое, што разрабавалі суконную лаўку. Дарэчы, першае, што зрабіў імператар Аляксандр – адразу абвясціў амністыю тым, хто перайшоў на бок Напалеона. Таму не нам быць стражэйшымі да Напалеона, чым ягоны галоўны вораг Аляксандр І”.

Да 200-годдзя кампаніі 1812 года ніякіх новых помнікаў ці знакаў у Беларусі не з’явілася. Тым часам, апроч згаданых вышэй, ёсць іншыя канкрэтныя будынкі, дзе магла б вісець адпаведная шыльда.

Палац у Бешанковічах, на балконе якога Банапарт, паводле мясцовай легенды, піў каву

Сяргей Харэўскі: “У Бешанковічах застаўся той палац, дзе дакладна быў Напалеон, і ёсць дакладна той балкон, на якім бываў Напалеон. Летась там быў спілаваны дуб, пад якім, паводле апокрыфа, адпачываў Напалеон. У Воршы ён прабыў тры дні, у езуіцкім кляштары, які быў зараз цудоўным чынам адноўлены. У Плешчаніцах ягоны шлях скрыжаваўся з французскім пісьменнікам Стэндалем, які быў інтэндантам французскага войска…”

Некалькі гадоў таму ў Селішчы паміж Маладзечнам і Вілейкай знайшлі парэшткі 215 жаўнераў войска Напалеона. Непадрыхтаваныя да беларускай зімы, яны проста замёрзлі ў сне...


Напалеона запомнілі таксама ў Старабарысаве (тут ён начаваў у сядзібе Радзівілаў), у Маладзечне, у Смаргоні. Ну, і вядома ўсе вы ведаеце байку, што менавіта ў рацэ Беразіне Банапарт утапіў сваю карэту з незлічонымі скарбамі.

Сяргей Харэўскі: “У Смаргоні хадзілі байкі, што менавіта тут ён забыў сваю славутую трохвуголку ў карчме. І зараз краязнаўцы рупяцца паставіць помнік – Лава Напалеона, дзе кожны зможа сфоткацца з гэтай трохвуголкай. Я б паставіў такія лавы ў кожным з двух дзясяткаў нашых гарадоў, звязаных з Напалеонам. Не тое, каб на добры ўспамін – ён не вельмі добры – але каб не забываць урокаў нашай гісторыі”.

Эскіз "Лавы Напалеона" ў Смаргоні. Фота Аляксандра Манцэвіча, rh.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі