Дызайнер алімпійскай формы: “Сам чакаю, каб паглядзець, у чым нашы пойдуць"

Журналіст Еўрарадыё адным з першых пабачыў касцюмы беларускіх алімпійцаў — парадны і паўсядзённы.

Перад дызайнерамі стаяла задача не зганьбіцца на тле тых жа італьянцаў, чые касцюмы распрацоўваў Джорджыа Армані, і ангельцаў — іх вопраткай займалася Стэла Макартні.

Трэнер футбольнай зборнай Георгій Кандрацьеў шчыруе ў параднай форме

Заданне распрацаваць парадны касцюм далі Беларускаму цэнтру моды. А паспрабуй выкруціць што-небудзь супермоднае і элегантнае з чырвона-зялёнымі колерамі дзяржаўнага сцяга!

Гэтыя колеры дрэнна паміж сабой спалучаюцца. Але трэба было паказаць, што гэта беларусы. Таму я рабіла акцэнты на зусім маленькіх украпінах, — распавядае дызайнер Беларускага цэнтра моды Вікторыя Колб. — Гэта тонка і на нюансах”.

Вікторыя эксперыментавала з параднай формай, але не ўсе задумы ажыццявіліся.

Гэта даволі-такі дзелавыя камплекты, — працягвае дызайнер. — Калі не браць сарочкі, то касцюмы падыдуць і для дзелавых перамоваў. Я, калі назірала праект, выбрала абутак “Белкельме”. Падабралі красоўкі. Але пасля доўгіх дыскусій я не да канца зразумела, у чым алімпійцы пойдуць”.


Калі ў аўторак 10-га ліпеня наша дэлегацыя ўскладала кветкі на Плошчы Перамогі ў сталіцы, то іх крэмавыя касцюмы многіх здзівілі ў лепшы бок. Чырвоныя кашулі мужчынам замянілі белымі. Зялёныя піянерскія гальштукі — больш саліднымі цёмнымі. Жанчыны ж у летні спякотны дзень зялёныя гальштукі на сябе ў пераважнай большасці не завязвалі.

Да параднага касцюма дызайнеры падабралі стылізаваныя бела-чырвоныя сумачкі і балеткі. Мужчынам жа замест красовак выдалі класічныя чаравікі.

Бела-чырвоныя балеткі

Чымсьці парадная форма 2012-га года падобная да касцюма нашага алімпійскага чэмпіёна-велагоншчыка Уладзіміра Камінскага, які перамог на Гульнях 1976-га года ў Манрэалі.

Касцюм з Алімпіяды 1976-га года нечым падобны да таго, які

апранулі на сучасных беларускіх алімпійцаў

Што ж здарылася з так званым паўсядзённым касцюмам, які таксама распрацоўваў Беларускі цэнтр моды? Ці ўхвалілі чыноўнікі стракатыя гетры і брыджы, спалучаныя з чырвона-зялёна-белымі кофтамі?

Паўсядзённую яны адхілілі і ўзялі толькі парадную форму, — кажа дызайнер Вадзім Карабкоў. — Як яны выкруцілі з паўсядзёнкай, не ведаю. Сам чакаю, каб паглядзець, у чым жа нашы пойдуць”.

Каб паглядзець, што ж выкруцілі, едзем на сустрэчу з галкіперам алімпійскай зборнай Беларусі Аляксандрам Гутарам.

Аказалася, што паўсядзённая форма — гэта звычайны спартовы касцюм — на прахалоднае надвор’е, і класічныя спартовыя майка з шортамі — на спякоту.

Фірма, якая пашыла форму для нашых алімпійцаў, называецца 361 Degrees. Гэта кітайская кантора.

Нягледзячы на загружанасць, Аляксандр Гутар паказаў Еўрарадыё 

паўсядзённую форму алімпійцаў


"Паўсядзённы касцюм ёсць двух варыянтаў, — разглядае камплекты Аляксандр Гутар, брамнік футбольная зборнай. — Я вырашыў узяць толькі адзін, з белымі штанамі. Гэта больш па-летняму. Ёсць яшчэ зялёныя штаны".

Еўрарадыё: Што скажаце пра якасць? Фірма ж кітайская.

Аляксандр Гутар: "Надзеў касцюм упершыню. Але думаю, што будзе нармальна. Футбольная ж форма будзе іншай фірмы".

Як даведалася Еўрарадыё, фірма 361 Degrees выйшла на рынак толькі ў пачатку 2000-х і ўжо будзе абслугоўваць на Алімпіядзе не менш за шэсць алімпійскіх зборных. Ёсць інфармацыя, што сярод іх, апроч беларусаў, кітайцы і паўночнакарэйцы. Лонданскія Алімпійскія гульні распачнуцца 27-га ліпеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі