Даярка, якая скрала 2 літры малака: Выплачу штраф – застанемся без хлеба

130208_martin_dajar.mp3

За скрадзеныя дзесяць літраў малака чатыром даяркам СВК “Валадарскі” далі штраф — 1 мільён кожнай. І гэта пры заробку ў 1,6 мільёна на месяц!

“Аплачу наяўнымі — і будзем без хлеба сядзець. Я хоць адна, у мяне дзяцей няма, а атрымала 1,6 мільёна — ну што гэта? Але, зразумела, непрыемна і сорамна, разумею, што я не мела рацыі”, — адразу кажа Еўрарадыё даярка Наталля Дзянішчыч.

Жыве з мужам, які цяпер не працуе — нядаўна рабілі аперацыю. А малако даярка набывае ў краме, абястлушчанае, бо так танней.

“Яно каштуе пяць з нечым тысяч. Раней брала абястлушчанае 1,5% тлушчу, нашмат танней”, — тлумачыць Наталля. І дадае, што добры заробак плацяць толькі калі масава целяцца каровы — красавік травень. Тады можна зарабіць да 4 мільёнаў.

Даярка Таццяна Караленка прызнаецца, што скрала з фермы 2 літры малака для дзяцей. Жанчына выхоўвае сына і дачку з унучкай.

“Я прасіла, можа, каб з заробку вылічылі гэты штраф. Яны адказваюць — а раптам вы кінеце працу. А як я кіну? У мяне дачка нарадзіла, маладая ёй 18 гадоў. І сын — дзесяць гадоў — хворы, у яго ногі, артрыт. Дачцэ даюць харчаванне на дзіця, але хапае на паўмесяца. Сыну лекі набыць… я ў даўгах…”, — расказвае Таццяна Караленка. Яе заробак 1,4 мільёна рублёў.

Жанчына жыве з сужыцелем, які таксама працуе. Маюць невялікую гаспадарку, так што, ежа ёсць, супакойвае Таццяна Караленка:

“Ежа ёсць, бо заб’еш парася — сала ёсць. Куры таксама ёсць”.

Да таго ж жанчына набыла сыну ў падарунак камп’ютар у крэдыт. Плаціць штомесяц 420 тысяч. А малако таксама набывае ў краме.

Калі пералічыць у малако, то заробак даяркі з СВК “Валадарскі” — 233 літры ў месяц. З іх 166 літраў — гэта штраф.

У гаспадарцы “Машэраўскі” Брэсцкай вобласці здзіўляюцца заробку даяркі ў 1,4 мільёна. І запэўніваюць, у іх зарабляюць мінімум у паўтары разы больш.

“Не, пра такія заробкі ў нас і размовы няма. У нас у сярэднім ад трох да чатырох мільёнаў. Менш за 2,5 мільёны няма”, — адказваюць у “Машэраўскім”.

А ў калгасе імя Неўскага Магілёўскай вобласці даярка зарабляе ў сярэднім 2,5 мільёны, адказваюць у эканамічным аддзеле.

Дарэчы, паводле Аляксандра Лукашэнкі даяркі ў Беларусі атрымліваюць па 700-800 долараў. "Мы пачалі будаваць нармальнае жыццё для людзей. Даярка на ферме ў добры перыяд атрымлівае 700-800 долараў", — казаў кіраўнік краіны на прэс-канферэнцыі для расійскіх СМІ яшчэ ў 2007 годзе.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі