“Да шчыта дакранулася самая прыгожая дзяўчына – так і ўзнік герб Мінска…”

Уладзімір Валожынскі кажа, што легенды – гэта тайная гісторыя горада. Спадар Уладзімір не гуманітарый – скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут, працаваў на заводзе вылічальнай тэхнікі, на заводзе ЭВМ, у камерцыйных структурах. Гісторыя роднага горада для яго – хобі. У межах гэтага хобі Валожынскі стварыў папулярны сайт www.minsk-old-new.com, выдаў у выглядзе альбома яго “офлайн версію”…
Уладзімір Валожынскі: “Цікавасць да легендаў ёсць. Людзі, якія звярталіся на сайт з прапановай перакласці асобныя часткі на розныя мовы – англійскую, нямецкую, шведскую – у першую чаргу звярталі ўвагу на легенды”.
Цяперашняя кніга “Мінск у легендах, міфах і паданнях” – гэта больш за 80 гісторый пад адной вокладкай, якія ўдалося сабраць. Да кожнай легенды даецца каментар з гісторыі горада, ацэнка спецыялістаў: што магло быць, што не магло. Валожынскі не сам складаў легенды, але рупліва сабраў іх за іншымі.
Уладзімір Валожынскі: “Усё дзякуючы тым людзям, якія і да мяне пісалі легенды, складалі, ажыўлялі іх. Найперш гэта Дарафей Бохан, майстар рэпартажа, які склаў зборнік мінскіх легендаў на пачатку ХХ стагоддзя. Частка іх сюды ўвайшла. З нашага часу можна назваць Ірыну Масляніцыну, Хрыстафора Хількевіча, Івана Сацукевіча, Артура Зельскага… Гэтыя людзі таксама бралі легенды, давалі ім літаратурную апрацоўку – і атрымлівалася нешта прыгожае, звязанае з Мінскам”.
Кніга дзеліцца на тры часткі: Легенды старога Менска, Міфы і легенды новага часу і Неафіцыйная тапаніміка Мінска. У першай вы сустрэнеце і Русалку са Свіслачы, і Лесавіка з Вадзяніком, і князя Глеба Усяславіча, і млын Менеска…. У другой – байкі пра оперны тэатр, вулічныя скульптуры Жбанава, джазмэна Эдзі Рознера, гасцініцу “Арбіта”, рэстаўрацыю Траецкага прадмесця… У трэцяй вы пазнаеце і “трубу” – пераход каля Макдональдса, і “Чупа-чупс” (скульптура з гербам СССР на станцыі метро “Плошча Леніна”), і Поле Цудаў у Ждановічах, і “дамы з карцінкамі” насупраць Нацыянальнай бібліятэкі. А любімая легенда з усяе кнігі ў Валожынскага – пра Камароўку. 
Уладзімір Валожынскі: “Мне падабаецца легенда, звязаная з Камароўкай – адкуль пайшла яе назва. Адзін з варыянтаў – што тут было шмат камароў. Але гэта не вельмі цікава. Другі варыянт, што быў такі Федзька Комар, які сядзеў каля царквы і сумаваў. Раптам пабачыў чалавека з выгляду як злодзея, які нёс на плячах мех. Чалавек прысеў каля царквы – і раптам аддаў Богу душу. Федзька залез у гэты мех – а там заблішчэла золата. Ён зразумеў, што гэты чалавек, напэўна, знайшоў скарб Сенькі Сокала, які быў у дружыне ў Глеба Усяславіча. Федзька схапіў мех і пабег хаваць яго ў лес. Не заўважыў, як патрапіў у балота – і патануў. Нібыта адсюль і пайшла назва “Камароўскае балота”. Так што рынак збудаваны на золаце!..”

Герб горада – Панна Марыя з анёламі – паводле легенды, з’явіўся зусім нестандартным чынам – дзякуючы мінскім прыгожым дзяўчатам.

Уладзімір Валожынскі: “Доўга думалі мужы горада, які зрабіць герб. Запрасілі на плошчу мноства мінскіх прыгажуняў. Кожная з іх падыходзіла да шчыта, дакраналася – але нічога не з’яўлялася. І вось пасля таго, як два ці тры дзясяткі прыгожых дзяўчат падыйшлі і дакрануліся, адна самая прыгожая дакранулася – і тут з’явілася на шчыце выява. Якую вырашылі і зрабіць гербам Мінска! Другі варыянт, што пасля адной з жорсткіх бітваў паміраў ваяр, і душа ягоная выляцела з апошнім ёнкам. А ён спяваў старадаўні беларускі гімн. І душа ягоная набыла форму жанчыны ў такім адзенні – яе і выявілі на шчыце як герб горада…”
Адразу некалькі легендаў у кнізе распавядаюць пра гарадскія прывіды – прывід ратушы, Белую панну ў Лошыцкім парку, прывід Белага каня… Колькі ж у Мінску ўсяго жыве прывідаў?
Уладзімір Валожынскі: “Я асабіста не падлічваў, але з дзясятак набярэцца… На Кальварыі, дзе дзяўчыну маладую пахавалі… У старых цэрквах, касцёлах, на могілках – дзе ёсць старадаўнія склепы. Лошыцкі парк… Мінская ратуша – якую адбудавалі нанова, і кажуць, што прывід таксама вярнуўся на старое месца. Дарэчы, адная з легендаў пра падземныя хады, якімі ў Сярэднявечча былі звязаныя ўсе манастыры Мінска. Іх часам знаходзілі – і, хутчэй за ўсё, там гэты прывід і хаваўся, пакуль ратушы не было... (смяецца)

Уладзімір Валожынскі кажа, што вывучэнне гісторыі Мінска для яго -- хобі, а не прафесія
Старанна сабраны гарадскі сленг

Подпісы да некаторых ілюстрацый прымушаюць усміхнуцца
Што за рэчка без русалкі?..
Апроч легендаў, у кнізе ёсць каштоўныя гістарычныя звесткі і дакладныя лічбы, а таксама каментары спецыялістаў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі