Clover Club: У альбоме мы вырашылі дадаць мужчынскага струменю

120316 Inter 1.mp3

У суботу 17 сакавіка гурт Clover Club нарэшце выдаў свой дэбютны альбом, які атрымаў назву “Random Mood Jukebox”. Менавіта гэта стала нагодай для з’яўлення ў нашай студыі адразу трох прадстаўнікоў гурта: вакалісткі Патрыка, гітарыста Генры і клавішніцы Наці.

Еўрарадыё: Натуральна, хацелася б пачаць менавіта з альбома, але пачну з маўчання. Яшчэ паўгода таму ў інтэрв’ю Еўрарадыё вы ўзгадвалі пра дэбютнік. Тады казалі, што ўжо, нават, некалькі песень у вас гатова. За гэты час ні альбома, ні актыўнай канцэртнай дзейнасці, а адпаведна і ўвагі да вас мала. У мінулым годзе ўзнагароды ад журналістаў, цёплыя словы ад слухачоў, а ў гэтым нават сярод намінантаў не было. Як вам з гэтым жывецца?

Патрык: Проста мы сканцэнтраваліся на запісе, каб выдаць паўнавартасны прадукт.

Генры: Было вельмі складана шумець з новым чалавекам у гурце. Мы аддалі шмат часу на тое, каб сыграцца, каб той вывучыў наш рэпертуар. Думаю, слухачы гэта ацэняць, бо песні ў нас атрымаліся складанымі з пункту гледжання аранжыровак. Проста так іх адыграць нельга. Таму аддавалі час на гэта. Зараз пра нас ужо трошкі даведаліся, прызвычаіліся, напэўна. Мы з-за прэмій не вельмі напружваемся, бо мэтай было – выдаць нармальны альбом.

Еўрарадыё: Але чаму ж вы яго так доўга не выдавалі?

Патрык: Пачалі мы яго запісваць у сваёй студыі, гэтым займаўся наш былы басіст Слава. Але ў кастрычніку ён сышоў з гурта і працэс зацягнуўся, бо трэба было шукаць новага музыку і працягваць працу з ім. Думаю, гэта галоўная прычына, па якой так усё доўга цягнулася.

Еўрарадыё: А ў выніку хто займаўся гучаннем альбома?

Патрык: Займалася шмат людзей, бо некалькі песень, зноў жа, было запісана на нашай студыі, астатнія пісаліся ў Алега Даманьчука на студыі Maple tree. Звядзеннем займаліся адразу чатыры чалавекі, майстарынгам яшчэ два… То бок мы можам скласці каталог беларускіх гукарэжысёраў.

Еўрарадыё: Я так разумею, што вы зараз знайшлі басіста. Што за ён, дзе граў, як прыжыўся ў гурце?

Генры: Яго клічуць Бун, ён на гэты момант малодшы ўдзельнік калектыву, так бы мовіць, маладая кроў. Калі Clover Club шукалі вакалістку і да нас прыйшла Патрык, не было “прыціркі”. Мы зразумелі адразу, што гэта наш чалавек. З Бунам атрымалася прыкладна так жа. То бок, ніякіх кастынгаў мы не рабілі, ён прыйшоў і мы граем разам!

Еўрарадыё: А як ён паставіўся да вашых мянушак?

Генры: На пачатку са скептыцызмам, неяк насцярожана, але карпаратыўная этыка нашага гурта патрабуе замены Генадзій, Кірыл і іншых на нешта больш саксонскае (смяецца – заўв. Еўрарадыё). Але ў гэтым няма нейкай там канцэпцыі, ці ўздыхання па Лондане. Проста нам падалося, што так будзе цікава. А Бун – гэта вытворнае ад яго сапраўднага прозвішча, якое стаіць у пашпарце. То бок, ён не далёка адышоў ад свайго рэальнага імені.

Еўрарадыё: Ці змянілася гучанне калектыву з прыходам новага басіста? Ці змяніўся падыход да аранжыравання песень?

Наці: У прынцыпе, у нас з кожнай песняй змяняецца гучанне. Дзякуючы Буну таксама змянілася і гэта зразумела па першым трэку на альбоме.

Генры: Асноўная яго фішка, якая нам вельмі падабаецца, гэта тое, што ён дастаткова самакрытычны. У сваіх партыях, якія ён прыдумляе, ён не ідзе па шляху самага простага. То бок, ён такі перфекцыяніст. Яму трэба вельмі доўга нешта рабіць. Ён сядзіць дома, прыдумляе… Ён у гэтым сэнсе вельмі адказны. Я не скажу, што Clover Club кардынальна змяніўся з яго прыходам, хутчэй, ён працягвае нашу традыцыю гука. І, магчыма, крыху не да тэмы, але ёсць і яшчэ адна цікавая змена. Справа ў тым, што мы сталі рабіць больш песень з мужчынскім вакалам, то бок маім. Мы вырашылі дадаць, так бы мовіць, мужчынскага струменю… О-о-о! (смяюцца – заўв.Еўрарадыё). Ну, так! І таму ў некаторых кампазіцыях, нават у тых, якія выходзілі раней, мы наклалі мой барытон.

120316 Inter 2.mp3
Еўрарадыё: Ну, і вынікам гэтага стаў дэбютны альбом, які, як я ўжо казаў, называецца Random Mood Jukebox. Натуральна, назва альбома ўтрымлівае і яго канцэпцыю, можаце пра гэта больш падрабязна?

Патрык: Канцэпцыя ў тым, што песні ў нас вельмі розныя, вельмі эклектычныя, так бы мовіць, і ўсе яны нясуць свой пэўны настрой. назва перакладаецца, як “Музычны аўтамат выпадковых настрояў”, то бок там выбудоўваецца нейкае плаўнае выцяканне з аднаго настрою ў іншы. Пры гэтым, зусім нешта “рандомнае”, быццам паставіў плэер на “шафл”.

Генры: Атрымліваецца такі хітры апарацец. У класічных музычных апаратах ты кідаеш манетку і ведаеш, што пачуеш. А тут закідваеш манетку і не ведаеш, які настрой атрымаеш на выхадзе.

Еўрарадыё: На альбом трапілі тыя песні, якія ўжо вядомыя наведвальнікам вашых канцэртаў. Зусім новых там няма. А што з іншымі песнямі, якія не трапілі на альбом?

Патрык: Пакуль не вядома. Ёсць некалькі песень, якія, спадзяюся, калі-небудзь мы выдадзім у якасці сінгла, ці складанкі “бісайдаў”… Проста некаторыя песні, якія нараджаліся на світанку Clover Club, разам са зменай у гучанні, зменай у нашым светаадчуванні і адчуванні музыкі, магчыма, сталі крыху неактуальнымі.

Генры: Люблю чытаць розныя інтэрв’ю з музыкамі, ці гісторыі гуртоў і вельмі часта бывае так, што людзі вяртаюцца да нейкіх песень праз альбомы ды гады. Як мінімум, ёсць некалькі песень, якія асабіста мне вельмі падабаюцца, і мне хацелася б іх неяк увекавечыць. Спадзяюся, што мы да іх вернемся. Дарэчы, тыя песні, што выдаваліся на сінглах, і трапілі на альбом таксама змяніліся, недзе аранжыроўка, недзе структура…

Наці: На альбом мы выбралі нашы самыя любімыя песні, іх там дзесяць. 

Еўрарадыё: Зараз, мне падаецца, робіцца модным, выкарыстоўваць падчас запісу нейкія незвычайныя інструменты, напрыклад, афрыканскія, а ў вас яны ёсць?

Генры: Гэта ўжо будзе на наступным альбоме. Мы напісалі песню пра шведскі горад Гётэборг. Праўда, афрыканскім назваць акардэон складана, тым не менш там будзе даволі вялікая партыя акардэону. Пакуль гэтыя партыі выконвае Наці на клавішах, але для альбома мы паклічам якога-небудзь добрага дзядзю ці цёцю з акардэонам ці баянам… Лепш дзядзю, каб быў яшчэ адзін мужчынскі струмень (смяецца – заўв. Еўрарадыё). Эксперыментаваць мы любім, і калі мы засвоім нейкія новыя інструменты, ці знойдуцца людзі, якія пажадаюць з намі пасупрацоўнічаць, то мы будзем толькі за, бо гэта крута.

120316 Inter 3.mp3
Еўрарадыё: З інструментамі ўсё зразумела, а што з рознымі прыладамі. Да прыкладу, вы выкарыстоўваеце рупар падчас канцэртаў, ці будзе што-небудзь новае ў вашай праграме? Тым больш, яе прэзентацыя ўжо запланаваная праз месяц.

Патрык: Ну, рупар будзе абавязкова, гэта ўжо своеасаблівая візітоўка гурта. Што яшчэ будзе, пакуль мы не будзем раскрываць, бо не цікава. 

Генры: Сэнс у тым, што пакуль, як нам падаецца, будзе вельмі цікавы канцэрт. З намі будзе яшчэ гурт Sang Sattawood, таксама з прэзентацыяй дэбютнага альбома. Пакуль мы разам прадумваем агульную канцэпцыю канцэрта. У прынцыпе, яна ўжо зараз праглядаецца, але мы ўсё ж прыхаваем карцішкі ў кішэнях. Усё можна будзе ўбачыць у Re:Public. Думаю, што дастаткова ўжо і таго, што гэта два дэбютныя альбомы двух яскравых прадстаўнікоў маладой беларускай рок-сцэны. Але мы абавязкова што-небудзь прыдумаем.

Еўрарадыё: Прэзентацыя будзе бясплатнай, а чаму? Гэта боязь не сабраць вялікую залу, ці што?

Генры: Калі шчыра, то, натуральна, у нашых краях любяць халяву. І, насамрэч, прэзентацыя альбома – адказная рэч, таму нам бы хацелася, каб была поўная зала. А бясплатны ўваход гэтаму вельмі паспрыяе. Але мы гэта не самі вырашылі. Канцэрт нам прапанавала кампанія, якая ладзіць выдатныя выступы. У іх такая палітыка –  рабіць бясплатныя канцэрты. Мы ж не будзем з імі спрачацца і прапаноўваць паставіць нейкія квіткі.

Еўрарадыё: Ну, а што будзе на прэзентацыі, ці будуць тыя песні, што не трапілі на альбом?

Генры: Так, вядома! Абавязкова! На гэтым канцэрце мы плануем выкласціся напоўную і сыходзіць са сцэны мокрымі, каб нас адтуль выносілі. Мы хочам адыграць паўнавартасны канцэрт і ўсё, што ў нас ёсць. А можа, падрыхтуем і штосьці новенькае. Планы ў нас гіганцкія. Мы вельмі часта на канцэртах любім ладзіць такія джэмы. Калі канцэрт паспяховы, калі мы ўваходзім у кантакт з гледачом, то нас прэ рабіць нейкія такія фанкавыя джэмы. Дарэчы, вось ідэя зараз прыйшла. Чаму б не зрабіць джэм з тымі ж Sang Sattawood. Але пакуль магу сказаць, што будзе шмат музыкі.

120316 Inter 4.mp3
Еўрарадыё: 17-га сакавіка альбом з’явіўся на сайце ultra-music.com ды і на вашых старонках у сацыяльных сетках ды не толькі. Але ведаю, што збіраецеся зрабіць нейкае незвычайнае выданне і на фізічным носьбіце. А што ж у ім такога незвычайнага?

Патрык: Ну, мы плануем выдаць невялікі наклад дыскаў адмыслова да прэзентацыі. Плануем! Калі назапасім дастатковую колькасць грошай (смяюцца – заўв.Еўрарадыё).

Наці: А сюрпрыз будзе ў выглядзе невялічкага падаруначка, які будзе знаходзіцца ўнутры.

Генры: І не толькі. Мы думаем, зрабіць яго ў незвычайным афармленні, ва ўсялякім выпадку, тэксты песень. Я б хацеў адзначыць, што ў нас тэксты даволі клёвыя, на мой погляд. Я заўсёды пра гэта кажу, бо вельмі сачу за тэкстамі гуртоў, у тым ліку, і беларускіх. 


Наці: Як выкладчык па адукацыі…

Генры: Ну, навошта ты (смяюцца). Я згубіў адсоткаў 20 сваіх прыхільніц пасля такога, а можа і атрымаў. Ну, ладна. У любым выпадку, мы збіраемся зрабіць незвычайнае афармленне, туды падарунак плюс – тэксты. Пры гэтым не сакрэт, што час дыскаў ужо адыходзіць, яны зараз патрэбныя толькі калекцыянерам у нейкіх дэлюкс выданнях. Таму мы хочам гэта зрабіць, каб пасля прэзентацыі людзі маглі сысці з такім падаруначкам.

120316 Inter 5.mp3
Еўрарадыё: Ну, і зноў жа звяртаюся да нашай з вамі размовы паўгода таму. Тады вы казалі, што пішаце альбом і здымаеце кліп. Альбом усё ж выдалі, а з кліпам што?

Наці: Мы яго яшчэ здымаем (смяецца). У працэсе.

Генры: Справа ў тым, што адбылася нейкая трагікамічная сітуацыя, якую мы не будзем расказваць у падрабязнасцях. Так бы мовіць, не зраслося. Не тое, каб мы збіраліся здымаць, кліп быў ужо практычна ў прадакшане, але… Гэта проста нага лёсу. Складана сказаць, чаму, бо проста нечакана не атрымалася. Зараз мы вядзем перамовы з іншымі людзьмі, плануем зняць кліп ужо на іншую песню. І на правах рэкламы дадам: можа быць, хтосьці са слухачоў здымае кліпы? Пішыце, з задавальненнем з вамі пасупрацоўнічаем! Карацей, спадзяемся, што нешта здымем, магчыма і сваімі сіламі. Дарэчы, у нас ужо былі нейкія такія спробы.

Еўрарадыё: У гэтым годзе, як і ў мінулых, плануецца шмат фестываляў. У тым ліку і Emergenza, на якой, напэўна, вас заўважыла большая частка аўдыторыі ды журналістаў. Будзеце спрабаваць удзельнічаць сёлета, ці не?

Генры: Фестывалю Emergenza шчыры дзякуй, ён, насамрэч, нам шмат даў, шмат людзей даведалася. То бок, гэта была сапраўды моцная падзея для нашага гурта. Але сёлета мы вырашылі не ўдзельнічаць.

Наці: Гэта ўжо этап, які мы прайшлі, дык навошта да яго вяртацца.

Генры: Ну, так! Проста ў музычных конкурсах, у якіх мы ўдзельнічалі, нас заўсёды бянтэжыла менавіта іх конкурснасць. Музыка гэта не спорт, таму вызначаць у ёй пераможцу трошкі… Напэўна, разам з выданнем альбома мы перайшлі ўжо са стадыі маладых у такую трошкі… То бок, калі раней мы былі школьнікамі, то зараз мы ўжо цінэйджэры.

Патрык: Старшакласнікі!

Еўрарадыё: А на еўрапейскія фэсты вы падавалі заяўкі? Куды плануеце? Ці ёсць нейкія адказы?

Генры: Пакуль не! Мы гэта таксама рабілі адмыслова, бо ўвесь песенны матэрыял Clover Club, які быў выкладзены ў інтэрнэце раней, не зусім адлюстроўваў сутнасць нашага гурта. Неяк так атрымлівалася, што шмат песень было меланхалічных. Не ведаю, чаму так, варта б было, дарэчы, пра гэта падумаць. Але пры гэтым Clover Club паўсюль сябе пазіцыянаваў, як супердрайв, рок-н-рол і гэтак далей. Натуральна, людзі так і ставіліся да нас на канцэртах, але ў запісах гэтага не знаходзілі. Таму мы адмыслова ўзялі такую паўзу, каб спрабаваць прабіцца на нейкія фэсты з дапамогай менавіта альбома. З дапамогай таго, што сапраўды нас цалкам характарызуе з усіх бакоў. Спадзяюся, што мы ўсё ж дзе-небудзь адыграем. Пасля прэзентацыі альбома будзем нешта прабіваць, спадзяюся, нешта з’явіцца. Магчыма, хтосьці нас убачыць, пачуе, звернецца. Пакуль складана казаць, бо пакуль нічога няма, але нешта будзем рабіць.

Еўрарадыё: Нагадваю, што хутка, прыкладна праз месяц, у клубе Re:Public адбудзецца канцэртная прэзентацыя адразу двух дэбютных альбомаў. Дэбютнік Clover Club, які называецца “Random Mood Jukebox”, можна свабодна скачаць на старонках гурта. Ну, а дэбютнік Sang Sattawood пад назвай “Tree” пакуль яшчэ не выйшаў, але мы пра яго паразмаўляем у хуткім часе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі