Ці бяспечныя сушкі “Кусарыкі” з пальмавым алеем?

121205_martin_suhary.mp3

У мінскіх крамах Еўрарадыё заўважае сушкі “Кусарыкі” з макам. Каштуюць — амаль восем тысяч рублёў! У прадукце акрамя звычайных мукі, цукру і вады — пальмавы алей.

Цікавімся ў загадчыцы кафедры агульнай гігіены Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Наталлі Бацуковай, наколькі шкодны той пальмавы алей.

Наталля Бацукова: “Гэта насычаныя тлушчы, якія можна разглядаць, як маргарыны. Гэта дазволены прадукт харчавання, але ён не з’яўляецца карысным. Гледзячы, на якой пазіцыі ў складзе прадукту гэты алей. Калі на першых трох, то яго доля там максімальная. А калі ў канцы спісу, то ніякай шкоды гэта не прыносіць”.

У складзе “Кусарыкаў” пальмавы алей — пасярэдзіне спісу.

Склад "Кусарыкаў"

Доля гэтага рэчыва ў сушках — менш за чатыры адсоткі, кажуць на мінскім хлебазаводзе “Аўтамат”.

“Пальмавы алей — гэта серыя раслінных тлушчаў. Гэта дазваляе павялічыць тэрмін прыдатнасці. Бо гандаль зацікаўлены ў падаўжэнні тэрмінаў захоўвання”, — тлумачаць тэхнолагі. І запэўніваюць, што гэты алей дазволены Мінздароўя.

І тэрмін прыдатнасці павялічваецца… у шэсць разоў. Звычайныя сушкі ляжаць адзін месяц, а “Кусарыкі” з пальмавым алеем ажно шэсць! Але сушкі са звычайным алеем таннейшыя, каштуюць каля шасці тысяч рублёў.

Багата харчовых дадаткаў і ў варанай каўбасе, наракае загадчыца кафедры агульнай гігіены Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Наталля Бацукова:

“Заўжды будзе ў каўбасе нітрыт натрыю і акісляльнік — аскарбінавая кіслата ці лімонная. Чым ярчэй каўбаса, тым больш нітрыту натрыю. Шмат яго у вэнджаных прадуктах. Найменш — у варанай каўбасе блёклага колеру. Нітрыт натрыю адназначна шкодны, бо — фактар рызыкі стварэння метгемаглабіну, які не пераносіць кісларод. Але гэта, калі ўжываць шмат каўбасы”.

І раіць набываць каўбасу з пазнакай “для дзяцей дашкольнага ці школьнага ўзросту”. Там шкодных рэчываў найменш.

На Аршанскім мясакамбінаце выпускаюць цуд — каўбасу без харчовых дадаткаў. Так і завецца — “Без Е”. Ці магчыма гэта? Як даведалася Еўрарадыё, нітрыт натрыю ў каўбасе “Без Е”, напрыклад, замяняюць… на выцяжку з кітайскай вішні.

“Там многія цукры — прыроднага паходжання. Іншыя дадаткі замяняюць на вострыя прыправы. Тэрмін прыдатнасці такі ж, як і ў іншых каўбасах”, — тлумачаць Еўрарадыё на Аршанскім мясакансервавым камбінаце.

Але дадаюць, што смак у каўбасы крыху іншы, да таго ж, яна больш цвёрдая. Дарэчы, у мінскіх крамах Еўрарадыё такой каўбасы не знайшло.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі