Ці адпачывае міністр энергетыкі ў "сваіх" 40 санаторыях ды базах адпачынку?

“Колькі ў іх там дамоў адпачынку, прафілакторыяў ды іншых баз адпачынку! Слухайце, яны столькі не працуюць, колькі ў іх баз адпачынку, і яны ўсё адпачываюць”, — абураецца ў бок Мінэнерга кіраўнік краіны падчас нарады па пытаннях энергетыкі.


Энергетыкі, падлічыў старшыня КДК Аляксандр Якабсон, адпачываюць у 7 санаторыях, 14 базах адпачынку ды больш як 20 аздараўленчых комплексах. Журналіст Еўрарадыё спрабуе набыць пуцёўку.

“Вы беларусы, так? — найперш цікавяцца ў “энергетычным” санаторыі “Надзея”. — Стандартны нумар 250 тысяч на чалавека ў суткі будзе каштаваць. Гэта харчаванне, пражыванне, лекаванне”.

На пытанне, ці мае значэнне тое, што да Мінэнерга маю даволі ўскоснае дачыненне — плачу за электрычнасць, адказваюць: “Ніякага!”. Іншая справа, што на канец траўня вольнымі засталіся ўсяго некалькі нумароў.

Практычна такі ж адказ чую ў аздараўленчым комплексе “Жалезнякі”. Тут аднапакаёвы нумар на дваіх каштуе 200 тысяч у суткі з чалавека. За лекава-аздараўленчыя працэдуры неабходна плаціць дадаткова. І яшчэ — памнажаючы кошт у суткі на колькасць дзён адпачынку, абавязкова плюсуйце 3% “курортнага збору”. 

“Жалезнякі”: “Пакуль месцы ёсць. Не шмат, але ёсць. Зараз, да прыкладу, у нас адпачывае 21 расіянін і каля 70 беларусаў”.

Ні ў “Жалезняках”, ні ў “Надзеі” свайго міністра на адпачынку супрацоўнікі не бачылі.

“Надзея”: "Азярца ў нас не было”.

А вось старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова ў іх адпачывае, упэўніваюць супрацоўнікі санаторыя “Азёрны”. Як часта — не кажуць. І адзначаюць, што няма ніякай розніцы, маеце вы адносіны да банкаўскай сферы ці не.

“Азёрны”: “Так, з 24 траўня… Беларусы, так? Стандартны нумар, па 377 тысяч з кожнага (у суткі. — заўв. Еўрарадыё) — пражыванне, адна гадзіна лекавання і медпаслугі”.

А самым добразычлівым апынуўся супрацоўнік санаторыя “Лясное”, які падпарадкоўваецца КДБ. Журналісту Еўрарадыё падрабязна пералічваюць усе магчымыя аздараўленчыя працэдуры, апісваюць прыгажосці мясцовых краявідаў, расказваюць пра чысціню нумароў, смак мясцовай кухні і культурнасць абслуговага персаналу.

“Лясное”: “Па 3 чэрвеня кошт такі: з лекаваннем стандартны нумар — мінімальна па кошце 300 300 рублёў, без лекавання — 255 255 рублёў. Гэта стандартны нумар “С” у корпусе, што асобна стаіць. У галоўным корпусе кошты, адпаведна, 338 тысяч і 290 тысяч”.

Што да расіян, то, упэўнівае гаваркі супрацоўнік санаторыя КДБ, яны патрыёты — аддаюць перавагу беларусам, ім пакідаюць 80% месцаў. І супакойвае: санаторый адкрыты для ўсіх.

Праўда, пасля таго як суразмоўца папрасіў журналіста Еўрарадыё пакінуць свой тэлефон, жаданне цікавіцца, ці адпачывае ў гэтым санаторыі старшыня КДБ, чамусьці знікае…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі