Чым “Дзень Волі-2013” будзе адрознівацца ад іншых?

Вулічная апытанка: як вы будзеце святкаваць Дзень Волі?

“Людзі, якія маюць грамадзянскую пазіцыю, для якіх словы “свабода” і “незалежнасць” маюць нейкае значэнне, прыйдуць да кінатэатра “Кастрычнік” і пройдуць шэсцем на плошчу Бангалор”, — расказвае пра будучы “Дзень Волі” Віктар Івашкевіч.

Ужо некалькі гадоў запар апазіцыя задавольваецца шэсцем ад Акадэміі навук на плошчу Бангалор, дзе адбываецца святочны мітынг. Івашкевіч пацвярджае, што сёлета сцэнар паўторыцца — ніякіх канцэртаў, а толькі кароткі мітынг. Усё таму, што “Дзень Волі” ўжо не зусім свята.

“Нейкіх канцэртаў, забаўляльных праграм не прадугледжваецца. Па-першае, таму што ўлады перашкаджаюць нам выкарыстоўваць узмацняльную тэхніку. А па-другое, Дзень Волі — гэта не столькі свята, хоць і свята таксама, колькі дзень барацьбы за незалежнасць і дэмакратыю ў Беларусі”.

Юрась Губарэвіч з руху “За свабоду” гаворыць, што спробы зрабіць святкаванне больш разнастайным былі. Планаваліся святкаванні ў канцэртных залах, круглыя сталы. Аднак улады дазволілі толькі шэсце ад кінатэатра “Кастрычнік” да плошчы Бангалор. Збор 24 сакавіка а 12-й.

“Год на год не прыпадае. Часам мерапрыемства атрымліваецца правесці ў мірным фармаце, часам уладам нешта не падабаецца і яны спрабуюць нам перашкодзіць, альбо ўвогуле разагнаць”.

Тым не менш арганізатары чакаюць аншлагу. Рыгор Кастусёў з Партыі БНФ спадзяецца пабачыць у нядзелю на Бангалоры 10 тысяч “неабыякавых да свабоды і незалежнасці” чалавек. Сярод іх будуць прадстаўнікі самых розных арганізацый і рухаў. У тым ліку і секс-меншасці. Адзін з лідараў ЛГБТ-супольнасці, Сяргей Андросенка, паведаміў Еўрарадыё, што хоць сёлета асобнай “вясёлкавай калоны” і не запланавана, але сябры арганізацыі ўдзел у шэсці возьмуць.

Улады не дазволілі сабраць народ ля Батанічнага сада і прызначылі месцам збору пляцоўку ля кінатэатра “Кастрычнік”, дзе зараз вядуцца будаўнічыя працы. Юрась Губарэвіч мяркуе, што яны святкаваць людзям не перашкодзяць.

“Я думаю, гэта ніякім чынам не паўплывае на колькасць. Калі б прызначылі месца збору за кальцавой, то магло б. А тут вельмі лёгка дабрацца, побач з метро, усё проста і зручна”.

Аднак “Дзень Волі-2013” без сваёй разынкі не застанецца. Арганізатары фотаконкурса, прысвечанага святкаванню, у якасці галоўнага прыза абяцаюць “вячэру з лідарамі апазіцыі”. Месца і меню пакуль трымаецца ў сакрэце, а пераможца застаецца нявызначаным, таму шанец трапіць за адзін стол з сучаснымі амаль Каліноўскімі і амаль Касцюшкамі ёсць у кожнага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі