Чаму беларускія агуркі даражэйшыя за іспанскія?

130124_savich_agurok_1.mp3

У сталічных крамах замежныя агуркі з Іспаніі на 10 тысяч рублёў таннейшыя за беларускія. Айчынныя агуркі каштуюць 44-45 тысяч рублёў. На Мінскай фабрыцы агародніцтва спасылаюцца на надзвычай складаны працэс:

“Патрэбна пяць фактараў, каб вырасціць агуркі зімой: святло, цяпло, падкормка, вуглякіслы газ і вада. Лямпы свецяць 18 гадзін — як у летні дзень патрэбна даўжыня дня, абагрэў”.


На пытанне, чаму ж беларускія агуркі даражэйшыя за іспанскія, віну перакладаюць на краму — маўляў,  накручваюць працэнты.

“У нас адпускны кошт агуркоў — 32 200 плюс ПДВ, агульная сума — 35200. Яшчэ 10% накручвае магазін — атрымліваецца 38 200”.


Але адпускная цана беларускага агурка толькі на 2 тысячы меншая за іспанскую гародніну ў краме за 34 000 з гандлёвай накруткай, выдаткамі на транспарт і мытню.

На Мінскай фабрыцы знаходзяць такія контраргументы:

“Наш агурок эталонны, ён больш правераны, чым іспанскі, у нас кожныя дзесяць дзён праверка на нітраты! Вы ў кожнай скрыні знойдзеце талон таго, хто збірае гэтыя агуркі! Мы яго аб 11 гадзіне сарвалі — і праз пару гадзін агуркі ўжо у краме!”


А каштуе айчынны агурок больш, таму што ў Беларусі вельмі дарагі газ, каб ацяпляць парнікі.

“У Іспаніі мо газ не трэба паліць, каб вырасціць агурок, як вы мяркуеце?” .


На маю прапанову купляць іспанскія агуркі, бо яны таннейшыя, чую ледзь не абвінавачванне ў нянавісці да ўсяго беларускага:

“Вось у Фінляндыі вырошчваюць свае клубніцы, і яны ўдвая даражэйшыя за іспанскія. Але купляюць фінскія, бо трэба падтрымліваць свайго вытворцу”.


На здзіўленне, чаму ж у нас вырошчваюць беларускі агурок, на Мінскай фабрыцы агародніцтва прыводзяць разумныя довады:

“Бо імпартазамяшчэнне! Гэтак і Украіна робіць, гэтак усе робяць! Гэта яшчэ ў 90-я гады з’явілася, каб быў беларускі агурок. А сёлета мы позна пасеялі. І ў нас вельмі маленькія аб’ёмы — толькі два гектары, на ўвесь Мінск. І, скажу я вам, нашыя агуркі не затрымліваюцца ў крамах — хутка разбіраюць. І вы ўспомніце — калі з’явіўся беларускі агурок і іспанскі зрабіўся таннейшы, бо гэта нявыгадна, каб агурок прападаў”.


Дарэчы, у крамах агуркі і сапраўды не залежваюцца: няма ні іспанскіх, ні беларускіх.

У Мінгандлю таксама спасылаюцца на зіму, якая ў Іспаніі не паўгода. І спадзяюцца на канкурэнцыю:

“Можа нашы вытворцы тады задумаюцца, як знізіць кошт!”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі