Буяк: Тое, што апісваў Міхалевіч – не катаванні, а турэмны побыт…

Валекс Буяк, які дзеля бойкі з Аляксандрам Лукашэнкам гатовы далучыць сябе да беларускай апазіцыі, даў інтэрвію Еўрарадыё. На днях майстар усходніх адзінаборстваў публічна прыняў выклік кіраўніка Беларусі. Нагадаем, апошні заявіў:

"Хочаце лоб у лоб мне супрацьстаяць, выходзьце на футбольную, хакейную пляцоўку! Біцца будзем, страляцца будзем!"

А вось што адказаў Валекс Буяк: "Прымаю выклік, хай выходзіць! Магу выйсці на татамі, рынг, па любых правілах любых адзінаборстваў. Каратэ гатовы выключыць, бо я майстар каратэ, каб прыраўнаць умовы".

Валекс Буяк – асоба незвычайная. Аматар японскай культуры, ён доўга прафесійна займаўся ўсходнімі адзінаборствамі, у сярэдзіне 90-х заснаваў Цэнтар японскай культуры і выдавецтва. Быў ён і прадзюсарам папулярнага ў 90-х музычнага дуэта “Дзі Бронкс і Наталі”.

Цяпер жа Валекс Буяк больш вядомы як былы ўдзельнік папулярнага шоў "Бітва экстрасэнсаў" на канале ТНТ – чалавек, які мае незвычайныя здольнасці.

Валекс Буяк: "Я добра бачу верагодную будучыню, менавіта верагодную, бо яна не на 100% вызначаная. Я магу і змяняць будучыню, але гэта многа энергіі патрабуе, раблю гэта вельмі рэдка, і лепей у гэта ня ўмешвацца. А часцей за ўсё ў форме пытанне-адказ, мне трэба спытаць нешта канкрэтнае ў астралу. Вось чаму я ў Мінску не прадказаў гэтую падзею..."

Дарэчы, Валекс Буяк лічыць, што выканаўцы выбуха пакуль што не затрыманыя.

Майстар ўсходніх адзінаборстваў мае і іншы не зусім прыемны досвед – амаль 8 гадоў ён правёў у зняволенні па абвінавачанні ў стварэнні фінансавай піраміды.

Валекс Буяк: "Тое, што апісваў Міхалевіч, па паняццях нашых турмаў, гэта не катаванні – гэта побыт. Побыт, з якім яшчэ можна існаваць. А катаванні – так, і катаванняў там хапае... Я памятаю, са мной у камеры быў адзін дагестанец, па пашпарце беларус. З ім любую размову завядзеш, і праз пару хвілін ён яе пераводзіць у аповед, як яго білі. Так яго гэта эмацыйна закранула! Прычым, наколькі я магу меркаваць, часта б'юць моцных і здаровых, відаць, нейкі комплекс непаўнавартаснасці ёсьць у супрацоўнікаў".

Валекс Буяк кажа, што яго крымінальная справа была пад асабістым кантролем кіраўніка краіны. Маўляў, яму падалі гісторыю ў пэўным ракурсе, пасля чаго сам Лукашэнка даў указанне, каб Валекс сядзеў доўга і як махляр. З іншага боку, дадае суразмоўца, трапіўшы за краты, ён застаўся жывы і пазбег смерці праз сваю бізнэс-дзейнасць, і гэтаму Лукашэнка пэўным чынам паспрыяў.

Валекс Буяк: "Таму зла я на яго не трымаю. Але накастыляў бы яму з задавальненнем (смяецца)"

"Зла я на яго не трымаю. Але накастыляў бы яму з задавальненнем (смяецца)"
Я пытаюся ў Валекса, ці не баіцца ён публічна прымаць выклік на бойку, выказаны кіраўніком краіны. Ці не прывабіць гэта нядобрую ўвагу з боку ўладаў?

Валекс Буяк: "Думаю, яны ўвесь час пра мяне не забываюць. Калі ўжо трапіў у чорны спіс – дык гэта надоўга, калі не назаўсёды. Таму няма сэнсу хавацца, гэта як трус, якім я быць не хачу. Я беларускі нармальны заяц, які будзе біцца, стукаць у свой барабан да апошняга (смяецца). Вось і стукаю ў сваім блогу"

Экстрасенс Валекс Буяк робіць свой прагноз: Лукашэнка пазбавіцца ўлады ў 2012 годзе. На чале краіны стане кіраўнік, больш арыентаваны на Расію. Але ў наступныя выбары пераможа іншы, празаходні, які будзе паспяхова абараняць беларускія нацыянальныя інтарэсы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі