Бунтоўных даярак супакоілі, не павышаючы заробкі

111129 Sverdlou KAROVA.mp3

“Вы ж самі разумееце, што нашы заробкі… Ну што такое нават у вёсцы той самы мільён? Пра горад ужо і не кажам. Кожны хоча атрымліваць больш, праўда?” – з гэтым меркаваннем галоўнага заатэхніка СВК “Хаціслаўскі” Эмы Харык складана не пагадзіцца. Вось і даяркі, якія працуюць у гэтым СВК, узнялі розгалас наконт свайго заробку.

“Сабраліся людзі. Ну, не тое, каб забастоўка была. Зрабілі мы сход, пагутарылі з людзьмі. Людзі прыйшлі, згуртаваліся ў кучу. Да іх прыйшлі спецыялісты. Пагутарылі, абмеркавалі ўсё”, – распавядае Эма Харык.

Хаціслаў – вёска невялікая. Тут усе побач. Адна з суседак дырэктаркі мясцовай школы – даярка, а другая – цялятніца. Жывуць яны небагата, хатніх тэлефонаў не маюць. Пра “бунт” дырэктарцы школы нічога не казалі. Хаця тая і распавяла Еўрарадыё, што здараюцца ў працоўных калектывах сходы, на якіх “бывае спякотна”.

“Яшчэ ў савецкія часы іх калгас быў самы заможны. Яны правялі газ… Карацей, мелі нашмат больш, чым хто, і заробкі ў іх заўжды былі добрыя, – распавядае пра СВК “Хаціслаўскі” пастар мясцовай евангелісцкай царквы Алімп Абрамчук. – Але гэтыя часы даўно мінулі. Не стала таго старшыні. І ўсё пайшло ўніз. Цяпер па заробках іх гаспадарка нашмат ніжэйшая, чым ААТ “Савушкіна”, дзе я жыву, і дзе працуе мая жонка”.

Сапраўды, ад савецкага дабрабыту сёння засталіся толькі ўспаміны.

“Была там забастоўка. А заробкі нам паднялі, так”, – кажа даярка Ала Расціславаўна, якая жыве ў суседняй вёсцы Сушытніца.

“Быў у нашых даярак заробак да павышэння – 800 тысяч. Зараз недзе 1 мільён 100 – 1 мільён 200 яны атрымліваюць”, – распавядае галоўная бухгалтарка СВК “Хацілаўскі”. 800 тысяч рублёў – гэта менш за 100 долараў. 1 мільён 200 тысяч – каля 140 долараў.

Такім чынам, забастоўка даярак быццам бы прынесла вынік. Заробак за кастрычнік у СПК паднялі на 28%. І даяркі супакоіліся. Але Еўрарадыё высветліла, што тое, што даяркам выдалі за рэакцыю на іх патрабаванні, насамрэч нішто іншае, як павышэнне тарыфнай стаўкі 1-га разраду, якое адбылося ў Беларусі яшчэ 1 кастрычніка.

“Справа ў тым, што мы папросту перайшлі на новую тарыфную стаўку 1-га разраду. Была 118 тысяч рублёў, стала 151 тысячу. Таму і заробкі павялічыліся”, – працягвае бухгалтарка.

Так што назваць забастоўку даярак паспяховай язык не паварочваецца. Іх маленькі бунт атрымаўся не бязлітасным, але бессэнсоўным.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі